Сусветная федэрацыя бадмінтону дапусціць беларусаў да спаборніцтваў у нейтральным статусе


Сусветная федэрацыя бадмінтона дапусціла беларусаў і расейцаў да спаборніцтваў у якасці нейтральных спартсменаў у наступным годзе. Адпаведная заява апублікаваная 29 жніўня на афіцыйным сайце BWF.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гульня ў бадмінтон.
Фота: badmintonika.ru

Дазвол на ўдзел у бадмінтонных турнірах пад эгідаю BWF будзе дадзены спартоўцам з Расеі ды Беларусі з 26 лютага 2024 году.

Прэзідэнт Сусветнай федэрацыі бадмінтону Поўл-Эрык Хоер назваў такое рашэнне «важным для спорту», аднак запэўніў, што BWF па-ранейшаму падтрымлівае народ Украіны і асуджае вайсковую агрэсію супраць гэтай краіны.

«Мы лічым, што рашэнне адмяніць дыскваліфікацыю расейскіх і беларускіх спартсменаў, якія адпавядаюць крытэрам для ўдзелу ў якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў, з’яўляецца пазітыўным крокам наперад у рамках нашых намаганняў па прасоўванні міру і салідарнасці. Было зроблена шмат працы, каб стварыць бяспечны і дбайны працэс у падтрымку гэтага рашэння», – адзначыў ён.

Пакуль будзе распачаты працэс вызначэння адпаведнасці спартсменаў крытэрыям допуску да спаборніцтваў. Дзеля гэтага будзе створана камісія па адборы ігракоў. Гульцы, якія атрымаюць допуск да спаборніцтваў, будуць падпадаць пад жорсткую антыдопінгавую і тэстуючую сістэму.

«У далейшым BWF будзе сачыць за паводзінамі ўсіх індывідуальных нейтральных спартсменаў, каб упэўніцца, што яны прытрымліваюцца гэтых умоваў», – гаворыцца ў заяве.

У выпадку, калі паводзіны асобнага спартоўца будуць ставіць пад пагрозу крытэры прымальнасці, то BWF пакідае за сабой права яшчэ раз перагледзець ягоны гульнявы статус.

Нагадаем: у пачатку сакавіка 2022 года Сусветная федэрацыя бадмінтона адхіліла ад спаборніцтваў расейскіх і беларускіх спартоўцаў праз пачатак і саўдзел у вайне ва Украіне. Спартсмены і суддзі былі пазбаўлены права ўдзельнічаць у мерапрыемствах пад эгідай BWF, таксама былі адменены ўсе запланаваныя ў Расеі і Беларусі турніры.

Яшчэ ў красавіку 2023 года ў BWF заяўлялі, што не бачаць перадумоў для ўдзелу беларускіх і расейскіх атлетаў у сваіх турнірах, нават з рэкамендацыямі, якія даў Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК прапанаваў дапускаць індывідуальных спартоўцаў з Расеі і Беларусі да спаборніцтваў у нейтральным статусе). Тады па выніках паседжання Рады BWF адхіленне атлетаў з Беларусі і Расеі пакінулі ў сіле.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў