Падаткавікі патрабуюць ад банкаў звесткі аб плацяжах беларусаў у замежныя інтэрнэт-крамы


Беларуская падатковая патрабуе ад банкаў перасылаць звесткі аб інтэрнэт-плацяжах беларусаў за тавары, набытыя ў замежных онлайн-крамах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белновости

Адпаведны ліст Міністэрства падаткаў і збораў разаслала ў беларускія банкі, патрабуючы ў іх звесткі аб сумах грашовых сродкаў, спісаных за першыя два кварталы 2023 года з банкаўскіх картак, эмітаваных гэтымі банкамі, «і перададзеных у міжнародныя плацежныя сістэмы для залічэння іншаземным атрымальнікам», піша выданне «Infobank».

Выданне мяркуе, што падатковая такім чынам спрабуе вызначыць, у якія замежныя інтэрнэт-крамы пераводзяць грошы беларусы, дзеля таго каб у будучыні спагнаць з іх падаткі. У адваротным выпадку сайты гэтых крамаў могуць быць заблакаванымі на тэрыторыі Беларусі.

Таксама, не выключае выданне, падаткі за пакупкі ў гэтых інтэрнэт-крамах могуць паспрабаваць спагнаць і з саміх беларусаў.

Улады Беларусі зрабілі спробу абкласці 10- ці 20-адсоткавым падаткам на дадзеную вартасць тавары іншаземных кампаніяў і ІП, якія яны прадаюць беларускім пакупнікам. Гэтак, згодна з законам № 141-3 ад 31 снежня 2021 года (набыў моц 1 ліпеня 2022-га) такія кампаніі і ІП павінны былі стаць на ўлік у беларускіх падатковых органах для выплаты падатку. Але, як адзначае «Infobank», замежныя інтэрнэт-крамы не спяшаюцца рабіць гэтага, каб плаціць падаткі ў беларускі бюджэт.

У той жа час вядома, што інтэрнэт-пляцоўка «AliExpress» пачала ўключаць падатак 20 % на дастаўку тавараў у Беларусь, што прывяло да павелічэння коштаў тавараў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў