«Адным кадэбэшнікам менш, адным больш». Вынесеныя яшчэ два прысуды за каментар пра загінулага супрацоўніка КДБ


У Беларусі вынеслі яшчэ два прысуды ў «справе Зельцара», перадаюць праваабаронцы. Так, жыхара Асіповічаў Мікалая Галаўкова прыгаварылі да 3 гадоў пазбаўлення волі, а берасцейца Сцяпана Талкачова – да 2,5 гадоў калоніі.

Сцяпан Талкачоў. 
Фота: viasna96/Telegram

Берасцейскі абласны суд прызнаў 30-гадовага Сцяпана Талкачова вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы»). Судовае пасяджэнне ўзначаліла Ніна Шастак.

Да суда яго трымалі пад вартай 11 месяцаў. Хлопца затрымалі 29 верасня 2021 года, на наступны дзень пасля перастрэлкі паміж сілавікамі і загінулым Андрэем Зельцарам ў ягонай кватэры. Супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк тады таксама загінуў.

«Адным кадэбэшнікам менш, адным больш. [Няма чаго] без запрашэння ў хаты чужыя ўрывацца», – напісаў пасля перастрэлкі Сцяпан у Instagram. За гэты каментар яго і затрымалі.

У Асіповічах суд прыгаварыў мясцовага жыхара Мікалая Галаўкова да трох гадоў пазбаўлення волі за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК) і дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь (арт. 369 КК). Справу разглядала суддзя Таццяна Сакратарова.

Праваабаронцы паведамляюць, што частка абвінавачанняў супраць Мікалая заснаваная на ягоным каментары пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Таксама суд аштрафаваў Мікалая на 3200 рублёў. Пракурор запытваў для жыхара Асіповічаў чатыры гады пазбаўлення волі і штраф 6400 рублёў.

Пад вартай Галаўкоў заставаўся таксама 11 месяцаў – з 30 верасня мінулага года.

У Следчым камітэце заяўлялі аб затрыманні 136 чалавек за абразлівыя каментары, звязаных з гібеллю Федасюка, паводле артыкулу 130 («Распальванне варожасці») і 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу. Некаторых з абвінавачаных унеслі ў спіс людзей, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Аналітыка
«Справа Зельцара»: дзве смерці, катаванні і заклік да тэрору. Што стала вядома за месяц
2021.10.28 16:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў