Сквер Вольнай Беларусі з’явіцца ў Беластоку


29 траўня адзінагалосна на паседжанні гарадской рады Беластоку пастанавілі назваць мясцовы сквер у гонар Вольнай Беларусі.

Беларуская дыяспара Беластоку арганізавала акцыю пратэсту супраць размяшчэння расейскай ядзернай зброі ў Беларусі. Беласток, Польшча. 2 красавіка 2023 года.
Фота: чытачы / Белсат

Беларускае пытанне на разглядзе рады стаяла першым і атрымала станоўчае рашэнне, ніхто не выступіў супраць.

Сквер паўстане на вуліцы Электрычнай побач з консульствам Беларусі ў Беластоку. Гэтак мясцовыя ўлады выйшлі са складанай сітуацыі, да якой прывяло рашэнне, прынятае на гарадской радзе ў верасні 2022 года. Частка вуліцы Электрычнай, дзе каля 20 гадоў месціцца консульства Рэспублікі Беларусь, ад вуліцы Варшаўскай да вуліцы Яна Клемэнса Браніцкага атрымала назву Вольная Беларусь. Праўда, як аказалася, папярэдняй кансультацыйнай працы з жыхарамі вуліцы не правялі, што ўрэшце негатыўна ўспрынялі апошнія. І яны пачалі збіраць подпісы за вяртанне ранейшай назвы. Беларуская дыяспара спрабавала пераканаць жыхароў не супраціўляцца новай назве, але марна. Жыхары вуліцы Электрычнай падалі ў суд і выйгралі яго: Ваяводскі адміністратыўны суд у пачатку сакавіка 2023 года прызнаў рашэнне гарадской рады неправамоцным. Кіраўніцтва Беластоку абяцала выйсці з гэтай сітуацыі, і закладанне скверу – цалкам прэрагатыва мясцовай улады.

«Гэта найлепшае выйсце ў гэтай сітуацыі, якое і так, безумоўна, будзе раздражняць рэжым Лукашэнкі», – напісаў у сваіх сацыяльных сетках намеснік прэзідэнта Беластоку Рафал Рудніцкі.

У Беластоку – вялікая і моцная беларуская дыяспара, у горадзе жывуць прынамсі 10 000 нашых землякоў.

«З 2020 года гарадскія ўлады Беластоку заўжды выказваюць салідарнасць з беларусамі. Шмат разоў на знак салідарнасці вывешваліся бел-чырвона-белыя сцягі на ратушы і гасцявым палацы Браніцкіх, дзякуючы супрацы беларускай дыяспары Беластоку каля консульства РБ на слупах лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі, ёсць мемарыял загінулым за Вольную Беларусь, адбылося шмат супольных маршаў і мітынгаў супраць расейскай агрэсіі ва Украіне і супраць дыктатуры рэжыму Лукашэнкі. Мы выказваем вялікую падзяку гарадскім уладам Беластоку за іх ініцыятыву з’яўлення скверу Вольнай Беларусі насупраць лукашысцкага консульства. Гэтае рашэнне вельмі важнае для тысячы беларусаў, вымушаных сёння заставацца за мяжою, ратуючыся ад пераследу рэжыму Лукашэнкі», – сказаў у размове з «Белсатам» адзін з лідараў беларускай дыяспары Беластоку Ян Абадоўскі.

Зазначым, што ў Беластоку ў беларусаў ёсць некалькі сваіх пляцовак, цяпер будзе яшчэ і сквер.

Hавiны
Пара тысяч долараў або турма і дэпартацыя. Што пагражае за дапамогу «нелегалам»
2023.05.29 12:04

АС belsat.eu

Стужка навінаў