Пара тысяч долараў або турма і дэпартацыя. Што пагражае за дапамогу «нелегалам»


Зарабіць за адну паездку некалькі тысяч долараў або некалькі гадоў зняволення і дэпартацыю з Еўрапейскага Звязу. Адпаведныя прапановы масава з’яўляюцца ў чатах беларусаў (і не толькі) Польшчы. За дапамогу абяцаюць неблагія грошы, але маўчаць пра пагрозы, якія такія прапановы нясуць за сабою.

З нядаўняга часу ў чатах беларусаў Польшчы з’явілася шмат розных паведамленняў з прапановаю кіроўцам дапамагчы ў перавозе людзей. Некаторыя пішуць, што трэба перавезці нейкіх работнікаў, а некаторыя наўпрост паведамляюць, што трэба даставіць «людзей, якія незаконна перайшлі мяжу».

Аплата за такія паслугі таксама вар’юецца ад «плата добрая» да $ 850 або € 900 за чалавека. Хтосьці проста прапануе $ 1500 за рэйс з магчымасцю авансу і дапамогі ў арэндзе аўтамабіля.

Прапановы дапамагчы з незаконным перавозам мігрантаў. Здымак экрана: Белсат

Адрозніваецца і падача адлегласці, якую давядзецца праехаць. Дзесьці адзначаюць, што рэйс доўгі, дзесьці даюць больш-менш дакладную адлегласць – 800 кіламетраў. Хтосьці піша, што мяжы мінаць не трэба, а хтосьці адзначае, што паездка «па краінах ЕЗ».

Як гэта працуе

У прыватнай размове адзін з суразмоўцаў паведаміў, што трэба перавезці туркаў – ад Беластоку да Згажэльцу на мяжы Польшчы з Нямеччынаю. Гэта ад 705 кіламетраў машынаю. Кошт аднаго пасажыра – $ 500. Аплату, а таксама грошы на гатэлі і паесці абяцаюць да выгружэння мігрантаў.

Аўтары прапановаў дапамагчы з нелегальным перавозам. Здымак экрана: Белсат

«З людзьмі ўсё ў парадку, яны маюць усе дакументы, але мяжу яны мінулі нелегальна, бо ім трэба трапіць у Нямеччыну на падставе «ўцекачы» і далей атрымаць еўрапейскія дакументы», – распавядаў суразмоўца.

Арганізатары абяцаюць 95 % бяспекі. Яны гарантуюць «бяспечны маршрут выезду і пустую суправаджальную машыну», якая забяспечвае спакойную дарогу наперадзе:

«На патрулі мы не трапляемся».

Штраф, зняволенне і дэпартацыя

У супольным каментары «Белсату» прадстаўніцы Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская, Марына Грышчанка і Аляксандра Хардыньска адзначылі, што наданне дапамогі ў незаконным мінанні мяжы ёсць парушэннем заканадаўства ў шмат якіх краінах і можа прыводзіць да юрыдычнай адказнасці. Удзел у такой дзейнасці можа прывесці да пакарання ў выглядзе штрафаў ці пазбаўлення волі. Звесткі пра замежнікаў таксама могуць размясціць у Інфармацыйнай сістэме Шэнген (SIS) пра асобаў, якія падлягаюць вышуку, і асобаў, непажаданых для ўезду ў Шэнгенскую зону.

У Польшчы, у залежнасці ад індывідуальных абставінаў справы і кваліфікацыі дзеянняў, мінанне мяжы без неабходных дакументаў або дапамогу ў незаконным мінанні мяжы могуць прызнаць:

  • правапарушэннем, які караецца штрафам, або
  • злачынствам, якое караецца пазбаўленнем волі ад 6 месяцаў да 8 гадоў.

«На практыцы арганізацыя незаконнага мінання мяжы часта ўзаемазвязаная з дапамогаю ў гандлі людзьмі. Польскі ўрад прыняў шэраг зменаў у сваёй міграцыйнай палітыцы, якія сведчаць пра больш строгі падыход да ўезду і перабывання замежных грамадзянаў на яе тэрыторыі», – адзначылі прадстаўніцы ЦБС.

Сотні затрыманых

Інфармацыю юрыстак ЦБС пацвердзілі «Белсату» і ў Памежнай ахове Польшчы. Прэс-сакратар ведамства Анна Міхальска распавяла, што ў Польшчы з пачатку года затрымалі 344 арганізатараў ды памагатых у арганізацыі незаконнага мінання мяжы з Беларусі ў Польшчу і з Беларусі праз Літву ў Польшчу:

«Ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 8 гадоў, а замежнікаў нават на працягу 48 гадзінаў дэпартуюць у краіны свайго паходжання і забараняюць уезд на тэрыторыю Польшчы ды іншых дзяржаваў Шэнгенскай зоны ад 5 да 10 гадоў».

Паводле Анны Міхальскай, памежнікі пастаянна праводзяць маштабныя акцыі, скіраваныя на супрацьдзеянне нелегальнай міграцыі.

Нагадаем, што ўлады Беларусі з лета 2021 года справакавалі масавы міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі Еўразвязу – Польшчай, Літвой і Латвіяй. У прыватнасці, паведамлялася, што яны не толькі спрыялі іхнаму прыезду ў Беларусь, але і незаконнаму мінанню мяжы. Усё гэта вылілася ў новыя санкцыі супраць Беларусі, закрыццё памежнага пераходу «Кузніца» на польска-беларускай мяжы, а таксама сталася прычынаю смерці шэрагу мігрантаў.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў