«Можам і пераможам» немагчымыя без «верым». Ганна Севярынец пра сустрэчу з Паўлам


Пасля вынясення прысуду Паўлу Севярынцу дазволілі першы раз за год сустрэцца з роднымі. Яго сястра Ганна Севярынец распавяла ў сваім фэйсбуку пра ўражанні ад доўгачаканага спаткання:

«Была сёння на спатканні з Паўлам. Здаровы, моцны духам, сканцэнтраваны, перадае ўсім вялікія прывітанні і падзяку за падтрымку яго і ягонай сям’і.

Размаўлялі мы з ім дзве гадзіны. Перадала ад усіх прывітанні і добрыя словы. Рыхтуючыся да сустрэчы, назапасіла для яго розных вясёлых і аптымістычных гісторый, бо мне хацелася, каб ён пасмяяўся. То ў цэлым мы там хіхікалі і рагаталі, а калі ў адзін момант я нешта не ўтрымалася і разнюнілася, гутарка пайшла «па класіцы»: не мы суцяшаем вязняў, а яны нас.

Расказаў пару файных гісторый, я іх пазней перакажу і вам, а цяпер выконваю абяцанне, дадзенае Паўлу, агучыць ягоныя словы, якія ён хацеў бы сказаць усім, і найперш вернікам.

«Можам і пераможам» немагчымыя без «верым», таму тыя людзі, якім дадзена магчымасць верыць, мусяць гаварыць гучней за іншых, абараняць дабро і супраціўляцца злу. Голас вернікаў, цяпер стоены і стрыманы, павінен быць самым гучным з усіх чутных галасоў».

Жонка палітычнага дзеяча Вольга Севярынец апісала іхную сустрэчу так:

«Ведаеце, пакуль я не ўбачылася з Паўлам я была больш спакойнай. У лістах ён абараняе мяне ад перажыванняў, заўсёды піша, што ўсё нармалёва, але па позірку можна прачытаць тое, што недасказана ў лістах. Пасля сустрэчы мне здаецца, што я малюся за яго няспынна, галава баліць ад думак, што я магу яшчэ для яго зрабіць.

Я разумею, што мы тут таксама мусім берагчы сябе, але я б вельмі хацела, каб Беларусь, вязні і малітва былі зараз нашымі прыярытэтамі. Гэта калі ты беражэш сябе, але гатовы пацярпець нязручнасці, чымсьці ахвяраваць, думаць і рабіць кожны дзень хоць нешта».

Артыкулы
Паўла Севярынца і Яўгена Афнагеля асудзілі на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
2021.05.25 12:13

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў