У Польшчу ў межах праграмы «Poland. Business Harbour» былі запрошаныя каля 70 тысяч праграмістаў з Беларусі


74 тысячы замежнікаў застаюцца ў Польшчы з візай у межах праграмы «Poland. Business Harbour», якая дапамагае гэтай краіне зрабіцца сусветным IT-цэнтрам. 93 % візавых запрашэнняў былі атрыманыя спецыялістамі з Беларусі. Пра гэта паведаміла выданню «Rzeczpospolita» экспертка Польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю (PAIH) Марыя Майхэрэк.

Дзяржаўная праграма «Poland. Business Harbour» была запушчаная ўвосень 2020 года, каб заахвоціць спецыялістаў і тэхналагічныя кампаніі з-за ўсходняй мяжы пераехаць у Польшчу. Паводле афіцыйнай статыстыкі, да канца сакавіка 2023 года ў Польшчу ў межах праграмы прыехалі больш за 74,2 тыс. ІТ-спецыялістаў з сем’ямі.

«Большасць з іх – беларусы, да якіх спачатку і была адрасаваная праграма «Poland. Business Harbour», – кажа экспертка PAIH Марыя Майхэрэк.

Паводле інфармацыі Польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю, амаль 93 % візавых запрашэнняў у межах праграмы «Poland. Business Harbour» на просьбу польскіх працадаўцаў атрымалі спецыялісты і прадпрыемствы з Беларусі (з Расеі – 3,8 %, з Украіны – 2 %). Некаторыя візавыя заяўкі афармляліся для пераезду цэлых кампаніяў з Беларусі: агенцтва займалася 122 такімі праектамі.

Пасярэдніцтвам праграмы «Poland. Business Harbour» і наборам IT-спецыялістаў скарысталіся амаль 700 фірмаў у Польшчы.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў