«У палякаў цяпер ламаюцца стэрэатыпы пра ўкраінцаў». Размова з выкладчыцай польскай мовы для ўцекачоў


У Польшчу з пачатку вайны ва Украіне прыехалі больш за 2 300 000 уцекачоў. Такая раптоўная і вялізная хваля міграцыі – няпросты выклік для любога народу. Украінцы спрабуюць інтэгравацца ў польскае грамадства, палякі ж з захапленнем назіраюць за самаадданай барацьбой украінцаў і пазбаўляюцца стэрэатыпаў аб усходніх суседзях. Пра тое, наколькі проста даецца інтэграцыя і як палякі адгукаюцца на вялізную хвалю мігрантаў, «Белсат» паразмаўляў з выкладчыцай польскай мовы для замежнікаў Каміляй Квяткоўскай.

Даведка
Каміля Квяткоўска, выкладчыца польскай мовы ў Цэнтры польскай мовы і культуры для Палоніі і замежнікаў Універсітэту Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне, лектарка польскай мовы ва Універсітэце Загрэбу, Харватыя.
Фота: Каміля Квяткоўска / Facebook

«І без вывучэння моваў украінцы і палякі зразумеюць адзін аднаго ў 80 % выпадкаў»

Нашая суразмоўца Каміля Квяткоўска выкладае польскую мову ў Цэнтры польскай мовы і культуры для Палоніі [польскай дыяспары. – Рэд.] і замежнікаў Універсітэту Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне. Цяпер жанчына перабывае ў Харватыі як лектарка польскай мовы ва ўніверсітэце Заграбу. Заняткі для ўкраінскіх уцекачоў Каміля праводзіць онлайн.

Выкладчыца адразу зазначае, што ахвотных вучыць польскую мову больш, чым ёсць месцаў на курсах – прынамсі, такая сітуацыя складваецца ў Цэнтры польскай мовы і культуры ў Любліне. На сённяшні дзень у Цэнтры працуюць 14 моўных групаў, у кожнай – у сярэднім па 17 слухачоў. Сем групаў працуюць стацыянарна, у яшчэ сямі «студэнты» займаюцца онлайн. Сярод слухачоў – 190 жанчын і 30 мужчынаў. Узрост – ад 8 да 74 гадоў.

Кожная група мае два заняткі на тыдзень.

«Гэта няшмат для вывучэння замежнай мовы, – кажа Каміля. – Аднак, па-першае, украінская і польская ўсё ж падобныя мовы, таму высілкаў для навучання адназначна спатрэбіцца менш, чым у выпадку з нейкай зусім незнаёмай мовай. Я думаю, нават без навучання і ўкраінцы нас, і мы іх зразумеем у 80 % выпадкаў. А па-другое, уцекачы і так штодня вучацца ў побытавых сітуацыях – у крамах, на рынках, у звычайнай камунікацыі з палякамі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Валанцёрка дапамагае на вакзале Варшава-Усходняя. 12 сакавіка 2022 года.
Фота: Adam Chelstowski / Forum

З гэтай жа прычыны з самага пачатку курсы для ўцекачоў адрозніваюцца ад класічнага навучання замежнай мове. Акцэнт робіцца на камунікацыі: як зрабіць пакупкі, замовіць каву, ежу, пайсці на пошту, да лекара. З граматыкі даецца патрэбны мінімум.

«Калі курсы пачыналіся, звярнулася больш настаўнікаў, чым было патрэбна»

Усе курсы бясплатныя. Выкладчыкі вядуць іх як валанцёры, нічога на гэтым не зарабляюць.

Наша суразмоўца зазначае, што праца з уцекачамі больш складаная, чым са студэнтамі ўніверсітэту. Не ўсе слухачы штодня прыходзяць, што зразумела, кажа Каміля – людзям трэба шукаць жытло, працу, абжывацца, гэта часта задачы больш пільныя, чым вывучэнне мовы. У працы з уцекачамі ад настаўнікаў патрабуецца больш спантаннасці і эластычнасці, бо бывае, што ў групе з’яўляюцца новыя людзі, якія нават яшчэ літараў не ведаюць. Навучэнцы таксама з рознай адукацыяй, рознай здольнасцю да моваў. Прасцей выкладчыкам з досведам, але валанцёрыць ідуць і нядаўнія выпускнікі ўніверсітэтаў.

«Ахвотных настаўнікаў вельмі шмат, – зазначае Каміля. – Калі курсы толькі пачыналіся, да нас звярнулася больш настаўнікаў, чым было патрэбна. Мяне прыемна ўразіла такая зычлівасць з боку палякаў, што мы так адкрыліся на дапамогу ўкраінцам. Я вельмі ганаруся сваймі суайчыннікамі».

Каміля далучылася да валанцёраў, бо хацела дапамагчы ўцекачам з Украіны, і разумела, што выкладанне мовы – гэта якраз тая галіна, дзе яна можа быць карыснай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінская ўцекачы стаяць у чарзе, каб атрымаць PESEL (асабісты нумар для тых, хто жыве ў Польшчы), дзякуючы якому можна мець доступ да медпаслугаў. Катавіцэ, Польшча. 16 сакавіка 2022 года.
Фота: Michal Dubiel / Forum

«Я не магла паехаць на мяжу сустракаць і да г. п., але я ўмею вучыць замежнікаў, таму я адразу ўключылася ў гэтую працу», – кажа выкладчыца.

Не толькі ўкраінцы вучаць польскую мову, але і палякі – украінскую

Каміля звяртае ўвагу, што не толькі ўкраінцы цяпер у вялізнай колькасці вучаць польскую мову, бо маюць у гэтым натуральную патрэбу пасля пераезду. Аднак адначасова вырасла зацікаўленасць украінскай мовай сярод палякаў.

«Я чытала, што цяпер значна вырасла папулярнасць курсаў украінскай у інтэрнэце, больш пампуюць адмысловыя мабільныя праграмы, – кажа Каміля. – А калі асацыяцыя «Wspólnota Polska» зладзіла заняткі аб асновах украінскай мовы, туды прыйшло так шмат палякаў, што мы ўсе былі ў шоку».

Асаблівы рост цікавасці да ўкраінскай мовы назіраецца сярод школьных настаўнікаў, кажа наша суразмоўца. Гэта звязана з тым, што ў школы цяпер прыходзіць шмат украінскамоўных дзяцей, і настаўнікі не ведаюць, як з імі працаваць, нават крыху баяцца, што ні яны дзяцей не зразумеюць, ні дзеці іх, зазначае Каміля.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Валанцёрка сустракае ўцекачоў на вакзале Варшава-Цэнтральная, Польшча. 14 сакавіка 2022 года.
Фота: Aleksandra Kossowska / Forum

«Але я думаю, што гэта крыху заўчасная паніка, бо я перакананая: усё ж мы, славяне, здольныя зразумець адзін аднаго, нават калі не вывучалі мовы, – кажа выкладчыца. – І пачынаць, мне падаецца, трэба не з таго, каб адразу вучыць граматыку, а паслухаць, навучыцца разумець, убачыць падабенства паміж мовамі».

Найлягчэй адаптавацца ў новым моўным асяродку малым дзецям

Каміля падкрэслівае, што найменш трэба хвалявацца за дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, бо яны вельмі хутка асвойваюць замежныя мовы. Цяжэй старшакласнікам.

«Дзеці, якім цяпер 4–6 гадоў, будуць мець найменш праблемаў. У такім узросце мозг вельмі мабільны, паглынае веды як губка. Акрамя таго, дзеці хутка вучацца праз гульні, песні, вершыкі, – кажа Каміля. – Далей будзе цяжэй. Кожная мова мае сваю сістэму гукаў, і калі дзіця толькі нараджаецца, яно здольнае ўсе гэтыя гукі лавіць, але калі расце ў пэўным грамадстве, вуха прызвычайваецца да той мовы, якую чуе, хутка разумее, што іншых гукаў яму не трэба, і да 12-13 гадоў ужо горш успрымае «чужыя» гукі, і тады замежную мову вучыць цяжэй».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уцекачы на польска-ўкраінскай мяжы ў Медыцы, Польшча. 18 сакавіка 2022 года.
Фота: Damian Lugowski / Forum

Каміля выказвае меркаванне, што, магчыма, найлепшым выйсцем для дзяцей уцекачоў была б арганізацыя навучання онлайн паводле ўкраінскай сістэмы. Адначасова нейкія заняткі трэба праводзіць у польскіх школах, каб абавязкова прысутнічала камунікацыя. Але разумным было б не патрабаваць ад украінскіх дзяцей адразу навучацца на польскай мове, заўважае выкладчыца.

«Палякі ўбачылі, як украінцы змагаюцца за сваю краіну, і захапіліся»

Каміля зазначае, што цяперашняя сітуацыя – сур’ёзны выклік і для ўкраінцаў, і для палякаў, і тое, што адбываецца, у пэўным сэнсе зменіць грамадства.

«Не толькі ў моўным, у ментальным плане таксама, – зазначае выкладчыца. – Ужо змянілася, напрыклад, стаўленне палякаў да ўкраінцаў. Бо ні для каго не сакрэт, што раней рэпутацыя сярэднестатыстычнага ўкраінца ў вачах палякаў была не найлепшай. Было шмат стэрэатыпаў. Цяпер жа яны ламаюцца. Палякі ўбачылі, як украінцы змагаюцца за сваю краіну, і шчыра захапіліся гэтай барацьбой».

З цягам часу цікавасць не толькі да ўкраінскай мовы, але і да гісторыі, культуры ў палякаў будзе толькі расці, лічыць Каміля.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уцекачы з Украіны прыняць удзел у імшы на ўкраінскай мове ў царкве Успення Прасвятой Багародзіцы ў Варшаве, Польшча. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: Aleksandra Kossowska / Forum

«Ужо цяпер я бачу цікавасць да ўкраінскай музыкі. У нас праводзяцца выставы ўкраінскіх мастакоў, – кажа выкладчыца. – А той жа серыял «Слуга народу», хоць і не ўчора быў зняты, але заняў другое месца паводле папулярнасці на «Netflix». Мы з украінцамі і далей будзем лепш адзін аднаго пазнаваць, збліжацца. Таксама праз тое, што ўцекачы жывуць у польскіх дамах цяпер, гэта яшчэ хутчэй будзе разбураць стэрэатыпы. Будуць змяшаныя шлюбы. Вядома, не трэба падманвацца, узнікнуць таксама і праблемы, бо і палякі ёсць розныя. Напружанне будзе, непаразуменне, прэтэнзіі, але я спадзяюся, што пазітыўны бок пераважыць. Нас чакае няпросты і цікавы час».

Моцнай зацікаўленасці беларускай мовай у палякаў не было

На пытанне, ці была ў палякаў цікавасць да беларускай мовы ў 2020–2021 гадах, Каміля адказвае, што значнай хвалі не назірала.

«Думаю, што гэта звязана найперш з моўнай сітуацыяй у самой Беларусі, дзе беларуская мова не так шырока выкарыстоўваецца, як украінская ва Украіне, – кажа Каміля. – Ну і беларуская эміграцыя была ўсё ж меншай і больш расцягнутай у часе, чым такі раптоўны прыезд вялізнай колькасці ўкраінскіх уцекачоў. Таму асаблівай патрэбы вывучаць беларускую мову проста не ўзнікла. Хоць я, напрыклад, у той час, калі ў Беларусі былі пратэсты, шмат слухала навіны па-беларуску, асабліва «Белсат», тады і пазнаёмілася больш блізка з беларускай мовай».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў