Што анархізм можа прапанаваць Беларусі? Размова з удзельніцай «экстрэмісцкага фармавання»


Сёння пачынаецца суд над «экстрэмісцкім фармаваннем “Прамень”». На лаве падсудных Яўген Рубашка, Аляксандр Бялоў і два поўныя цёзкі – Арцёмы Салаўі. Але гэта не ўсе падазраваныя ў крымінальных справах, якія СК аб’яднаў у «фармаванне». У Варшаве «Белсат» пагутарыў пра аб’яднанне «Прамень» з Валерыяй Хоцінай, прозвішча якой таксама фігуруе ў крымінальнай справе. Дзяўчына распавяла, што можа прапанаваць анархізм Беларусі і чым займаюцца тыя анархісты, якія з’ехалі з Беларусі пасля 2020 года.

Злева направа: партрэты Арцёма Салаўя, Яўгена Рубашкі і Аляксандра Бялова на выставе ў моладзевым хабе ў Варшаве, Польшча. 19 лютага 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Прамень»

Лера пачынае з тлумачэння, што такое «Прамень».

«“Прамень” – гэта медыякалектыў. Любы чалавек можа зрабіць акцыю або напісаць тэкст і даслаць на сайт pramen.io. Першапачаткова кожны з удзельнікаў быў затрыманы па сваім эпізодзе. Я дакладна ведаю, што яны не знаходзяцца ў адной актывісцкай групе».

Усяго ў гэтай справе затрыманыя 4 чалавекі. Абвінавачванне СК – удзел у «экстрэмісцкім фармаванні “Прамень”». У 2020 годзе хлопцы адбывалі адміністратыўны арышт за тыя ж эпізоды, за якія і Лера. Таму дзяўчына лічыць, што яна таксама праходзіць у адной справе з анархістамі. Леры дасылалі некалькі позваў – «запрашэнняў» у ГУБАЗ.

Беларускія і польскія анархісты на акцыі беларусаў у Варшаве, Польшча. 9 жніўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У кастрычніку 2020 года Леру затрымаў ГУБАЗ проста на вуліцы. Ёй далі 15 содняў, абвінаваціўшы ў тым, што 23 жніўня яна кіравала бубнучамі на маршы. Вы, хутчэй за ўсё, бачылі гэтых хлопцаў на нядзельных маршах або чыталі пра іх у СМІ. Аляксандр Бялоў таксама адседзеў содні за ўдзел ў жнівеньскім маршы.

Лера Хоціна. Польшча, Варшава.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Амаль год я жыла ў розных месцах без тэлефона. Але я сустракалася з сябрамі і працягвала працаваць [Лера –перакладчыца і выкладчыца англійскай мовы. – Заўв. рэд.]. Я перажывала з-за майго кампутара – баялася, што, калі яго забяруць, пацягнуцца нейкія нітачкі да іншых людзей. Але я не хацела з’язджаць. Калі наважылася, то з’язджала вельмі спакойна: закончыла ўсе свае справы, з’ездзіла з сястрой на Браслаўскія азёры. І паразмаўляла з Жэнем Рубашкам», – успамінае Лера.

«Жэня не быў на выбарах у Беларусі, ён жыў у Амстэрдаме, працаваў праграмістам і да падзеяў 2020 года не ўдзельнічаў у беларускім актывізме. Прыехаў у Беларусь ён толькі ў верасні. Мы ўсе ўжо стаміліся, а ён прыехаў з велізарнай энергіяй. Яго затрымлівалі на Партызанскім маршы і на плошчы Пераменаў. Рубашка – флегматычны і рэфлексіўны чалавек, ён шмат чытаў. Добра зарабляў, і для яго было нармальна аддаць палову заробку, калі камусьці патрэбная дапамога».

Лера Хоціна. Польшча, Варшава.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«За мяжой мне не трэба было думаць пра грошы, я магла выбраць любую краіну»

«Калі я з’язджала, то не думала пра тое, дзе і як я буду жыць, што я буду есці. Я не думала пра грошы. Анархісцкі рух – гэта міжнародная сетка, таму я адчуваю сябе бяспечна. Я ведала, што мне ўсюды дапамогуць. Я магла выбраць любую краіну, і выбар абапіраўся на колькасць беларускіх актывістаў вакол. Я хацела працягваць нешта рабіць, а не проста жыць добра ў якой-небудзь Нямеччыне.

Пакуль я займаюся беларускай тэмай і не хачу апускацца ў мясцовую. Пакуль ёсць “капітал”, яго трэба выкарыстоўваць, каб быць эфектыўнымі. У мяне няма патрыятычнага сантыменту, прывязкі да месца. Хутчэй, гэта сантымент прыгнёту – мяне і астатніх людзей. Я нарадзілася ў Беларусі, і ў мяне ёсць права на жыццё, на працу і права там жыць так, як я хачу. Я адчуваю, што я здрадзіла ўсім людзям, якія засталіся, таму што ў мяне быў такі прывілей. А ў многіх людзей няма яго. Пакуль для мяне гэта эмацыйны і асабісты кантэкст».

Лера Хоціна. Польшча, Варшава.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Аляксандр Бялоў і Яўген Рубашка летам 2021 года прыязджалі ў Варшаву пабачыцца з сябрамі. Праз 10 дзён вярнуліся ў Беларусь – гэта быў іх усвядомлены выбар. А праз некаторы час да іх дадому прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗу. На відэа, якое выклалі супрацоўнікі дзяржаўных органаў, відаць, што затрыманне было жорсткім. Тым не менш, «пакаянных» словаў у сюжэце не прагучала.

Лера з хлопцамі абмяркоўвалі тое, што трэба запісаць сваё «пакаяннае відэа» загадзя. Але так гэтага і не зрабілі.

«Сашы Бялову можна было ўначы патэлефанаваць і папрасіць аб дапамозе – ён заўсёды адгукаўся. Крэмень, паказанняў не даваў наогул. Ён раней быў антыфашастам – МТЗшнікам. Спачатку ён далучыўся да ФНБ [ініцыятыва «Ежа замест бомбаў». – Заўв. рэд.] і працаваў у дабрачынным праекце «KaliLaska». На момант затрымання ён адпрацоўваў размеркаванне пасля ўніверсітэту. Наогул ён у любы момант мог з’ехаць – у яго была карта паляка», – расказвае Лера.

Беларускія і польскія анархісты на акцыі беларусаў у Варшаве, Польшча. 9 жніўня 2021 года. Фото: Аліса Ганчар / Белсат

Школа анархізму

У Варшаве Лера з іншымі актывістамі вядзе заняткі ў Школе анархізму. У Беларусі быў падобны, але цяпер закрыты праект «Анархаўніверсітэт». Анархісты самі займаліся сваёй адукацыяй.

«Мы бачым, што цікавасць да нас ёсць, але ніхто не разумее, што ў нас у галовах. І плюс мы закрытая супольнасць. Да нас прыходзяць беларусы – думаю, тыя, якія не ходзяць на мерапрыемствы дыяспары. Сюды людзі ходзяць не сацыялізавацца, а па інтэлектуальны кантэкст. Гэта каля 20–30 чалавек. Мы сутыкнуліся з тым, што не можам атрымаць памяшкання ў дыяспары, і таму звярнуліся да мясцовых анархістаў, яны далі нам памяшканне. Вы можаце паглядзець запісы нашых заняткаў на YouTube.

На сваіх уроках мы не гаворым аб тым, як узняць беларускі пратэст. Мы не маем маральнага права казаць, што рабіць людзям у Беларусі, бо мы не там.

Цяпер час фантазіяваць аб тым, што і як магло б быць па-іншаму. Патрэбныя абмеркаванні, пакуль няма магчымасці актыўна пратэставаць».

Беларускія і польскія анархісты на акцыі беларусаў у Варшаве, Польшча. 9 жніўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Зараз час фантазіяваць

«Я ніколі не баялася, што калі мяне пасадзяць, то бацькі будуць плаціць за мяне, возьмуць крэдыт. Я заўсёды ведала, што ў нас [анархістаў] ёсць такія структуры. У звычайных беларусаў не было такіх. А потым з’явіліся касы салідарнасці [дваровыя зборы для аднадумцаў. – Заўв. рэд.], фонды дапамогі і г. д.

Вядома, дрэнна, што пасадзілі Ціханоўскага і Бабарыку, але для пратэсту гэта быў плюс. Пратэсту не стала адкуль чакаць указанняў. Я не чакала, што Лукашэнка сыдзе – ужо 4 разы бачыла, што ён не сыходзіць. І ў мяне не было вялікага энтузіязму. Я прыходзіла падтрымаць ці зрабіць лекцыю, скантактавацца з людзьмі.

Я адчула ўздым салідарнасці. І 9 жніўня ішла і разумела, што я не баюся. І на нядзельных маршах я адчувала, што пакуль я там, увесь свет проста замірае, і мне нічога не пагражае.

Можна сядзець аднаму і аб чымсьці 10 гадоў марыць. А можна са сваім сябрам абмяркоўваць, думаць, чытаць пра палітыку, расчароўвацца – і ў наступны раз быць лепш падрыхтаванымі. Мой самы вялікі страх у тым, што людзі будуць дэмаралізаваныя настолькі, што перастануць нешта рабіць. Яны паспрабавалі – гэта скончылася вельмі дрэнна. Можа быць, у наступны раз людзі пачнуць дзейнічаць інакш. Напрыклад, выберуць іншы спосаб пратэсту.

Пратэст быў вельмі эмацыйным. Добра, калі да эмоцыяў “прымешваюцца” веды», – падсумоўвае Лера.

АГ belsat.eu

Стужка навінаў