Рэпера Ціму Беларускіх затрымалі за гашыш. Афіцыйны каментар СК


У папулярнага спевака Цімы Беларускіх знайшлі наркотыкі. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал АТН.

Паводле АТН затрыманне адбылося яшчэ 10 студзеня. Дома ў спевака знайшлі 2 кілаграмы гашышу. «На продаж або з сябрамі адарвацца – высвятляць праваахоўнікі», – адзначае АТН.

Цяпер ён пад хатнім арыштам. Распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 328 («Незаконны абарот наркатычных сродкаў») КК.

Ціма Беларускіх пасля затрымання.
Фота: ATN_BTRC

Між тым Ціма Беларускіх у сваім Instagram зняпраўджвае факт затрымання за наркотыкі.

«Заяўляю вам адкрыта ў лоб: усё, што вы чытаеце, – няпраўда. Я дома, але не пад арыштам. Усё як заўсёды», – заявіў ён.

Афіцыйны каментар з нагоды затрымання Цімы Беларускіх далі Onliner ва УСК па Менску: «Паводле звестак следства, уначы 6 студзеня ў памяшканні аднаго з гульнявых клубаў у Менску міліцыянты затрымалі 22-гадовага маладзёна, пры асабістым вобшуку ў якога знайшлі небяспечны наркатычны сродак – гашыш масай 0,4 грама. У дачыненні менчука распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе закладу. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў