Мужчыну кінулі на 10 сутак за краты за наклейку з Пагоняй у кнізе «Ісус і Ягоны час»


Жыхара аграгарадка Люсіна Ганцавіцкага раёну асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за наклейку з Пагоняй, якую міліцыянты падчас вобшуку знайшлі ў кнізе пра Ісуса Хрыста. Пра гэта даведаўся магілёўскі праваабарончы канал «MAYDAY.TEAM».

Пагоня ў Беларускім цэнтры ў Лодзі, Польшча. Здымак мае ілюстрацыйны характар. 3 сакавіка 2022 года.
Фота: ЯП / Белсат

Ператрус у прыватным доме жыхара Ганцавіцкага раёну Уладзіміра Рылко адбыўся яшчэ ў кастрычніку. Падчас вобшуку міліцыянты знайшлі ў кнізе Анры Даніэля-Ропса «Ісус і Ягоны час» шэсць старых налепак. Яны ляжалі ў кнізе пра Хрыста з 2005 года: на пяці з іх «сілавікі» пабачылі выяву чырвонага крыла з надпісам «Свабода», а на шостай – Пагоню.

Хоць мужчына тлумачыў, што наклейкі гэтыя ляжаць у кнізе аж з 2005 года і што яму іх перад выбарамі ў 2006-м нехта ўкінуў у паштовую скрыню, міліцыянты склалі на яго пратакол. Ім не спадабалася Пагоня.

Суд над Уладзімірам Рылко адбыўся на пачатку снежня. Старшыня суду Ганцавіцкага раёну Аксана Зоткіна палічыла, што захоўванне налепкі з Пагоняй у кнізе пра Хрыста ёсць «распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт. 19.11 КаАП) і прысудзіла мужчыне 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Праваабаронцы знайшлі ў Рэспубліканскай базе судовых дакументаў пастанову гэтага суду. Згодна з ёй, сэнс парушэння быў у «захоўванні ў агульнадаступным месцы для неабмежаванага кола асобаў у кнізе агульнага доступу самаклейнай налепкі з выявай конніка з мячом і шчытом у руках, які быў уключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Hавiны
СК распачаў спецыяльнае вядзенне супраць Паўла Лібера, Алены Жываглод, Паўла Марыніча і Аляксандра Дабравольскага
2023.12.28 16:06

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў