Асцярожна, дзверы зачыняюцца ўнутр! Едзем у СССР

Калі верыць прапагандзе, то Радзіма наша ў атачэнні ворагаў. Ды, амаль. Скаляцца на нашу квітнеючую краіну з поўначы, захаду, поўдня – так і глядзі, паскудства нейкае вырабяць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцяна з калючым дротам уздоўж польска-беларускай мяжы каля памежнага пераходу «Кузніца». 17 мая 2022 года.
Фота: Burzykowski Damian / Newspix / Abaca Press / Forum

Вайскоўцы і сілавікі, вядома, на варце, і гатовыя адказаць на любы ганебны выпад, але пільнасць губляць – ворагу дапамагаць. І тут, вядома, прафілактыка – лепшы спосаб барацьбы з захворваннем.

Таму і прыняў урад 17 лістапада пастанову №786 «Аб узгадненні выезду з Рэспублікі Беларусь», у якой прапісаў, як і хто павінен узгадняць такі выезд за мяжу для ўсіх грамадзянскіх дзяржаўных служачых. Цяпер гэтая частка насельніцтва павінна за 10 дзён да меркаванай паездкі падаць адмысловую заяву, у якой апісаць, куды яны едуць, навошта ды з кім збіраюцца сустракацца.

Рашэнне, трэба сказаць, своечасовае. Калі, вядома, верыць Азаронку з Лебедзевай. Ці мала што там, за мяжой, могуць зрабіць з неўмацаваным мозгам беларускага дзяржаўнага патрыёта.

Але паўстае пытанне: а што гэта за паўмеры? Навошта гэтыя патуранні для астатніх грамадзянаў? Тым больш, што маецца ў нас выдатны савецкі досвед.

Штампік для дазволу на выезд у Беларусі адмянілі толькі ў 2008 годзе, як анахранізм, але ён жа быў проста напамінам пра слынныя часы СССР. Тады грамадзянін, жадаючы на час пакінуць самую справядлівую краіну на свеце, павінен быў спачатку паведаміць пра ўзніклае жаданне ГПУ (затым НКУС, МДБ, КДБ), каб яно, значыцца, дапамагло грамадзяніну вызначыцца – ці варта ехаць? Гэтыя вельмі дасведчаныя грамадзяне старанна правяралі таварыша на прадмет наяўнасці звестак, якія яго знеслаўляюць, кампрамат узроўню «знаходжанне падчас вайны на акупаваных тэрыторыях» альбо расказанага ў курылцы арганізацыі 10 гадоў таму анекдота пра чарговага Генеральнага сакратара ЦК КПСС.

Калі жаданне не праходзіла, то яшчэ адным этапам было атрыманне дазволу на ўзроўні мясцовага аддзялення КПСС (КПБ). Тут не ўхваліць жаданне падарожнічаць маглі з-за такой плямы ў біяграфіі як развод альбо недастатковыя веды тэзісаў апошняга выступу Хонекера, калі чамусьці вас пацягнула менавіта ў сяброўскую ГДР.

Прычынаў для адмовы было шмат, падстаў пагадзіцца – мала. Ну і, безумоўна, жаданне падарожнічаць індывідуальна прама супярэчыла меркаванню на гэты конт дзяржавы і таму не падтрымлівалася зусім.

На маю думку, цалкам добры досвед, які паказаў сваю эфектыўнасць. Прынамсі, у адрозненне ад сённяшняга беларускага рэжыму, улады СССР не скардзіліся на недахоп працоўных рук.

Ды і чым дрэнны гэты напрацаваны дзесяцігоддзямі досвед? КДБ на месцы. Метадычкі ніхто не адмяняў. Дык навошта ж абмяжоўвацца толькі дзяржслужбоўцамі? Я ўпэўнены, што думаюць пра гэта ў высокіх кабінетах, яшчэ як думаюць.

Вось ужо і ў парадак атрымання дазволу для выезду на ПМЖ падправілі. Зараз гэты дазвол неабходна атрымліваць, знаходзячыся ўнутры краіны. Вы падаеце адпаведную заяву: так маўляў і так, прытаміўся я неяк квітнець разам з вамі, хачу на чужыну, да геяў і сатаністаў. Ды і дзяржава праверыць, ці няма ў вас перашкодаў, неадбытых пакаранняў, пазыкаў, ды і ў цэлым – ці можна вас выпускаць за мяжу. Праверыць і паставіць адпаведны сіні штампік.

Ды і ў дачыненні да іншых катэгорыяў беларусаў таксама робяцца спробы неяк «прывязаць» іх да працоўных месцаў незалежна ад іх палітычных светапоглядаў. Ці то адпрацоўку (па размеркаванні) прапануецца зрабіць на 7 гадоў, ці то перадавікам сельскагаспадарчай вытворчасці (а разам з тым і супрацоўнікам дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў) забараняюць звальняцца, ці то медыкам абяцаюць не выдаваць дыпломы на рукі.

Усё гэта – этапы вялікага шляху назад у СССР.

Нягледзячы на ўсе лозунгі, на прапагандысцкую лухту па тэлевізары і спробы захаваць вобраз БССР праз сімвалы (герб, сцяг і гімн), святы і агульную стылістыку, сённяшнюю Беларусь ад дзяржавы часоў урачыстасцяў камуністычных ідэй адрозніваюць тры істотныя акалічнасці.

  1. Наяўнасць свабоднага доступу да інфармацыі. Нягледзячы на манапалізацыю друкаваных медя і каналаў эфірнага тэлерадыё, свет пайшоў далёка наперад, і любы грамадзянін Беларусі можа, пры пэўным намаганні, атрымаць дакладныя звесткі па любым цікавым яму пытанні, у тым ліку і па палітычнай тэматыцы;
  2. Прысутнасць у эканоміцы прыватнага бізнесу. Сёння ён фармуе каля 50% ВУП краіны і, вядома, уявіць сабе такую вольніцу годзе так у 1980-м цалкам немагчыма.
  3. Свабодны выезд з краіны. Па перыметры СССР быў нацягнуты калючы дрот. Грамадзян унутры тэрыторыі першай у свеце дзяржавы рабочых і сялян даводзілася ўтрымліваць выключна сілай.

У беларускага рэжыму няма іншага шляху, акрамя паступовай ліквідацыі гэтых грамадскіх заваёў. Яшчэ раз падкрэслю – ніякага іншага шляху няма.

Іншы шлях быў бы магчымы пры наяўнасці ідэі, бачання нейкай будучыні Беларусі сённяшняй уладай, хоць бы вось такога хадульнага эрзаца, як (напрыклад) пуцінскі «русский мир». Наяўнасць хоць чагосьці, у што можна паверыць, што можна прадаць даверлівым грамадзянам.

Але ідэй няма. Таму шлях – толькі ў далейшым узмацненні жорсткасці ўмоў унутранага існавання. Пытанне толькі ў хуткасці руху.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў