Генеральная асамблея ААН заклікала да перамір’я ў Газе і не асудзіла «Хамасу»


Рэзалюцыю з заклікам да перамір’я ў сектары Газа ўхвалілі. Дакумент падтрымалі 120 дзяржаваў, перадае агенцтва «The Associated Press». Канада прапанавала дадаць у рэзалюцыю асуджэнне нападу «Хамасу», аднак неабходнай колькасці галасоў папраўка не набрала. Ізраіль раскрытыкаваў пастанову Генеральнай асамблеі.

Галасаванне Генеральнай асамблеі ААН аб рэзалюцыі пра перамір’е ў сектары Газа. 27 кастрычніка 2023 года.
Фота: United Nations / X.com

120 з 193 дзяржаваў, у тым ліку Беларусь, прагаласавалі ў Генеральнай асамблеі ААН за рэзалюцыю з заклікам прыпыніць агонь у сектары Газа. 45 краінаў устрымаліся, 14 былі супраць.

Рэзалюцыя заклікае да ўстойлівага перамір’я, да павагі прынцыпаў міжнароднага права і дастаўкі гуманітарнай дапамогі.

Галасаванне Генеральнай асамблеі ААН аб рэзалюцыі пра перамір’е ў сектары Газа. 27 кастрычніка 2023 года. Скрыншот: media.un.org

У дакуменце не згадваецца напад баевікоў «Хамасу» на Ізраіль. Канада пры падтрыманні ЗША прапанавала ўлучыць асуджэнне атакі, а таксама заклік да вызвалення закладнікаў, аднак неабходнай колькасці галасоў папраўка не набрала. Супраць гэтага пункту выступіла і Беларусь.

Амбасадар Палестыны ў ААН Рыяд Мансур назваў Генеральную асамблею «больш адважнай і больш прынцыповаю» за Раду бяспекі ААН, якая за апошнія два тыдні не здолела ўхваліць рэзалюцыі за чатыры спробы.

«Гэта чорны дзень для ААН і чалавецтва», – гэтак пастанову Генеральнай асамблеі пракаментаваў амбасадар Ізраілю ў ААН Гіляд Эрдан. Ён назваў галасаванне ганебным і запэўніў, што ягоная дзяржава «не спыніць аперацыі, пакуль тэрарыстычныя магчымасці «Хамасу» не будуць знішчаныя і закладнікі не вернуцца дадому».

Hавiны
У Радзе бяспекі ААН праваліліся дзве рэзалюцыі пра вайну паміж Ізраілем і «Хамасам»
2023.10.26 10:12

Тым часам «The New York Times» са спасылкаю на прадстаўніка Цагалю піша, што ў ноч на суботу ізраільская армія ўвайшла ў сектар Газа, аднак пакуль няясна, гэта поўнамаштабнае наземнае ўварванне ці лакальная аперацыя.

«Нашыя войскі і танкі – у сектары Газа. Яны страляюць і дзеяць. Але нашыя войскі і танкі былі ў Газе і ўчора», – цытуе выданне афіцэра Цагалю.

У пятніцу ўвечары Ізраіль узмацніў бамбаванне анклаву, тэрыторыю атакавалі з паветра і з мора. Падкантрольныя «Хамасу» улады сектару Газа сцвярджаюць, што ў рэгіёне знік інтэрнэт і тэлефонная сувязь. Праз гэта праваабарончыя арганізацыі выказалі занепакоенасць, бо адсутнасць сувязі «можа схаваць масавыя парушэнні правоў чалавека».

Аналітыка
Як можа выглядаць перамога Ізраілю над «Хамасам» і што далей будзе з сектарам Газа?
2023.10.23 08:29

СК belsat.eu

Стужка навінаў