Больш чым праз два месяцы Сяргея Ціханоўскага выпусцілі са штрафнога ізалятару 


Пасля двух месяцаў  у ШІЗА Сяргея Ціханоўскага вярнулі да папярэдніх умоваў утрымання ў жодзінскай турме. У штрафным ізалятары яго трымалі з 18 жніўня.

Сяргей Ціханоўскі.
Фота: Васіль Малчанаў / Белсат

«Пасля доўгіх нягодаў усведамляеш, як гэта добра – пакаёвая тэмпература. А кубак кавы «Старбакс» – гэта нешта неверагоднае! Тонкі турэмны матрац з анучаў, раскладзены на жалезных нарах, здаецца пуховай пярынай, а турэмная камера – футбольным полем. На вуліцы падчас прагулкі нават закружылася галава… Дзякуй усім беларусам, маёй жонцы, замежным палітыкам, Amnesty International і ўсім іншым, хто падтрымліваў!» – напісаў Сяргей Ціхоўскі пасля выхаду з ШІЗА.

Пасля карнага ўтрымання ў штрафным ізалятары ў яго зноў з’явілася магчымасць атрымліваць і адпраўляць лісты.

Даслаць ліст Сяргею Ціханоўскаму можна на адрас: Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі.

Нагадаем, 11 жніўня суддзя Кастрычніцкага раёну Магілёва Жанна Пушкіна пастанавіла перавесці Сяргея на турэмны рэжым адбыцця пакарання тэрмінам на 3 гады. Пасля гэтага яму змянілі рэжым адбывання пакарання і перавялі з магілёўскай калоніі № 15. 18 жніўня, менавіта ў дзень нараджэння Сяргея, яго перавялі ў жодзінскую турму № 8 і адразу ж пасадзілі ў штрафны ізалятар.

Hавiны
«Amnesty International» распачала кампанію падтрымання Сяргея Ціханоўскага
2022.10.09 14:09

Сяргей Ціханоўскі, вядомы дзякуючы свайму YouTube-каналу «Страна для жизни», хацеў балатавацца на прэзідэнцтва Беларусі, аднак не здолеў падаць дакументаў для рэгістрацыі, бо яго затрымалі. Тады замест яго кандыдаткаю пайшла жонка Святлана Ціханоўская.

Сяргея зноў затрымалі 29 траўня 2020 года. З таго часу ён за кратамі. 14 снежня 2021 года блогера асудзілі на 18 гадоў пазбаўлення волі паводле чатырох артыкулаў: ч. 1 арт. 293 КК – «Арганізацыя масавых беспарадкаў», арт.342 – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх», арт. 191 – «Стварэнне перашкодаў ажыццяўленню выбарчых правоў», арт. 130 – «Распальванне варожасці».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў