Канец IT-эпохі, дно ў эканоміцы і прага гвалту: эксперты – аб сітуацыі ў Беларусі


Залежнасць Беларусі ад Расеі паглыбляецца, санкцыі працуюць і эканоміка намацала дно. Тым часам нават нейтральная частка грамадства губляе давер да ўлады, а ў пратэснай – расце запыт на сілавую барацьбу. Такія высновы зрабілі беларускія аналітыкі падчас прэзентацыі другога выпуску праекту «Трэкер перамен».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Белсат

Экспертамі выступаюць заснавальнік агенцтва Sense Analytics Арцём Шрайбман (унутраная палітыка), асацыяваны аналітык Еўрапейскага савету па міжнародных адносінах Павел Слюнькін (знешняя палітыка), незалежны сацыёлаг Філіп Біканаў (грамадскія настроі ў Беларусі), старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў (улады і грамадзянская супольнасць), акадэмічны дырэктар цэнтру BEROC Кацярына Барнукова (знешняя эканоміка), старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі (унутраная эканоміка).

У рамках праекту фіксуюцца галоўныя трэнды і іх змены ў палітыцы, эканоміцы і грамадскіх настроях у Беларусі. Гэтым разам разглядаўся перыяд чэрвень – жнівень. Распавядаем пра высновы экспертаў.

Знешняя палітыка: у абдымках Расеі

Эксперты адзначаюць, што заходні свет вяртаецца да мадэлі «Беларусь = Лукашэнка». На фоне звужэння пераліку патэнцыйных санкцый у дачыненні да дзяржаўных інстытутаў, прадпрыемстваў Беларусі і лаяльнага да рэжыму бізнесу ўсё больш падтрымкі атрымліваюць прапановы ўводзіць абмежаванні, якія закранаюць усіх беларускіх грамадзян. Пры гэтым ініцыятарамі і лабістамі такіх санкцый выступаюць краіны, якія традыцыйна сімпатызуюць дэмакратычным сілам Беларусі (напрыклад, Літва). Толькі дыпламатычная актыўнасць беларускіх дэмакратычных сіл дазваляе тармазіць гэты працэс.

Захоўваецца трэнд на паглыбленне залежнасці Беларусі ад Расеі, а адносіны з акупацыйнымі ўладамі ўкраінскіх і грузінскіх тэрыторый пачынаюць інстытуцыяналізавацца. Аляксандр Лукашэнка ўпершыню дэ-факта прызнаў незалежнасць «ДНР» і «ЛНР», аднак удакладніў, што ў фармалізацыі гэтага рашэння «няма неабходнасці» і што супрацоўніцтва і так паспяхова развіваецца, а Беларусь яго не хавае. Сустрэчы з прадстаўнікамі акупацыйных адміністрацый беларускі бок, як і раней, праводзіць на адносна невысокім узроўні.

Унутраная палітыка: праўладныя актывісты і сілавікі – за яшчэ большыя рэпрэсіі

Вайна ва Украіне застаецца ключавым драйверам унутрыпалітычных працэсаў у Беларусі. Улада пачала мілітарызацыю раней грамадзянскіх ведамстваў: МНС, Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Аляксандр Лукашэнка пастанавіў навучаць яшчэ больш людзей ваеннай справе, тым самым рыхтуючы іх да ўдзелу ў патэнцыйным узброеным канфлікце. Пры «кожнай сельскай радзе» створаць невялікі атрад грамадзянскіх, якіх навучаць абыходжанню са зброяй, каб абараняць краіну ў якасці рэзерву для тэрытарыяльнай абароны. Паказальна, што Менск дэкларуе жаданне вучыцца абароне ад Украіны, а не саюзнай Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  
Фота: Белсат

Праўладныя і прарасейскія актывісты гуляюць усё больш прыкметную ролю ў ініцыяванні рэпрэсій, часта гэтыя людзі бяруць на сябе функцыі нефармальных ідэалагічных інспектараў. Гэта прыводзіць да першых, пакуль яшчэ малазначных спрэчак унутры наменклатуры.

Амаль усе інфармацыйныя кампаніі гэтых актывістаў суправаджаюцца рэзкай крытыкай вертыкалі мясцовай улады за пасіўнасць. Паказальна, што многія з такіх публікацый распаўсюджваюцца ў тэлеграм-каналах, афіляваных з сілавымі ведамствамі. Гэта прыкмета таго, што некаторая частка сілавікоў падзяляе незадаволенасць прапагандыстаў і прарасейскіх блогераў недастатковай ступенню рэпрэсій і рэдкімі праявамі беларускай ідэнтычнасці, якія яшчэ сустракаюцца ў розных сферах жыцця: ад турыстычнай і выдавецкай галіны, да беларускай лацінкі на таблічках у гарадах.

Большая частка дэмакратычных сіл кансалідуецца пад эгідай кабінета Святланы Ціханоўскай, ад якога адмяжоўваюцца структуры і палітыкі «другога эшалону». Перафарматаванне апазіцыі суправаджаецца радыкалізацыяй яе рыторыкі і талерантнасцю да сілавых метадаў палітычнай барацьбы.

Знешняя эканоміка: Дно ў гандлі з ЕЗ ужо дасягнутае

Эксперты распавялі, што новыя санкцыі, уведзеныя ЕЗ летам, амаль не закранулі Беларусь. Аднак большы ўплыў аказала поўнае ўступленне ў сілу папярэдняга пакету санкцый – экспарт у ЕЗ абваліўся на 56%. Экспарт нафтапрадуктаў, на якія былі ўведзеныя санкцыі ў чэрвені мінулага году, абваліўся амаль адразу ж. Экспарт іншых тавараў, санкцыі на якія былі ўведзены ў сакавіку 2022 г., адразу пасля пачатку вайны, зніжаўся ўсю вясну практычна па ўсіх групах тавараў, акрамя дрэваапрацоўкі, і канчаткова абваліўся ў чэрвені. У параўнанні са студзенем 2022 г. у чэрвені экспарт прадукцыі дрэваапрацоўкі ўпаў на 80%, нафтапрадуктаў – на 99%, металаў – на 93%. У сектарах хіміі, мэблі і вытворчасці пластыка і гумы, якія часткова трапілі пад санкцыі, падзенне склала 51%, 40% і 26% адпаведна. Нягледзячы на адсутнасць фармальных сектаральных санкцый падае экспарт электраэнергіі (-79%), металічных вырабаў (-64%), паслуг па перапрацоўцы адходаў (-82%).

У выніку санкцый, таксічнасці і фінансавых абмежаванняў сукупны экспарт у ЕЗ у чэрвені абваліўся на 56% да студзеня, з EUR 513 млн да EUR 226 млн у месяц. Скрын з дакладу «Беларускага трэкеру перамен». Крыніца: https://library.fes.de/

На думку экспертаў, дно ў гандлі з ЕЗ, здаецца, ужо дасягнутае. Узмацненне фінансавых абмежаванняў можа яшчэ больш пагоршыць сітуацыю. Нягледзячы на тое, што новыя фінансавыя санкцыі амаль не ўводзіліся, банкі еўрапейскіх краінаў самастойна пагаршаюць умовы для беларускіх контрагентаў.

Скарачэнне экспарту ў ЕЗ і калапс гандлю з Украінай усё гэтак жа гуляюць галоўную ролю ў бягучым эканамічным крызісе. Фінансавыя абмежаванні прывялі да тэхнічнага дэфолту. Тым не менш, дзякуючы паспяховаму гандлю з Расеяй і скарачэнню імпарту, Беларусь змагла выйсці на станоўчае гандлёвае сальда ў першым паўгоддзі гэтага году.

Беларускія вытворцы падсанкцыйных тавараў дэманструюць першыя поспехі ў пераарыентацыі на новыя рынкі і ў рашэнні пытанняў транзіту і пастаўкі камплектуючых. Самы яскравы прыклад тут – нафтаперапрацоўка. Аднаўляюцца і пастаўкі калійных угнаенняў – праз расейскія парты. Спрабуе знайсці новыя рынкі і беларуска дрэваапрацоўка. Аднак пакуль поспехі занадта малыя, каб паўплываць на макраэканамічную сітуацыю.

Эканамічныя ўзаемаадносіны Беларусі і Расеі павольна, але дакладна паглыбляюцца, павялічваючы залежнасць беларускай эканомікі, але таксама дазваляючы ёй менш балюча перажываць санкцыі.

Унутраная эканоміка «намацала дно»: падзенне ВУП і сыход эпохі IT

Галоўным унутрыэканамічным трэндам лета 2022 г. у Беларусі стала падзенне ВУП, ужо сем месяцаў запар (студзень +2,7%, люты -0,4%, сакавік -3,3%, красавік -6,5%, травень -8,6%, чэрвень, -7,8%, ліпень -10, 1%, жнівень -3%), якое суправаджалася значным скарачэннем рэальных даходаў, асабліва ў падсанкцыйных сектарах і медыцыне.

IT-сфера перастала быць драйверам беларускай эканомікі: чэрвень стаў першым месяцам за доўгі час, калі рост сектару IT апынуўся сціплым – 1%. У ліпені і зусім назіралася беспрэцэдэнтнае падзенне на больш за 8%. У жніўні сектар інфармацыі і сувязі, куды ўваходзіць IT, зноў паказаў падзенне на 3,2%.

Падзенне рэальных даходаў было нераўнамерным і ў першую чаргу тычылася работнікаў, працаўладкаваных у галінах, якія падпадаюць пад санкцыі, а таксама медыкаў, якія страцілі «кавідныя» надбаўкі. Лідэрамі па страце даходаў сталі работнікі, занятыя ў лесаводстве і дрэваапрацоўцы, а таксама ў вытворчасці хімічных прадуктаў – іх ліпеньскія заробкі ў сярэднім былі на 17% менш, чым год таму. Скрын з дакладу «Беларускага трэкеру перамен». Крыніца: https://library.fes.de/

Такім чынам, на думку экспертаў, можна з асцярожнасцю сцвярджаць, што беларуская эканоміка ўжо «намацала дно».

У адказ урад працягнуў прадпрымаць меры па ўтойванні інфармацыі і стварэнню спрыяльнага навінавага фону. Прадстаўнікі эканамічнага блока засяродзілі намаганні на спробах вырашыць праблему росту дэфіцыту бюджэту. Двума галоўнымі стратэгіямі на гэтым напрамку сталі павышэнне падаткаў і ўключэнне «друкаванага станка».

Грамадскае меркаванне: беларусы за сілавое вырашэнне палітычнага канфлікту

Грамадства, як і раней, падзелена прыкладна напалову, з наяўнасцю выразных палярных «ядзер», магнітаў для прыцягнення «нейтралаў» на спектры палітычнага супрацьстаяння. Эксперты адзначаюць: з высокай верагоднасцю можна меркаваць, што рэжым Лукашэнкі вычарпаў рэсурсы для забеспячэння далейшага росту даверу да сябе з боку нейтральнай часткі грамадства. «Нейтралы» лічаць, што ці дзяржаўны апарат не здольны больш паляпшаць «сітуацыю» (у шырокім сэнсе гэтага слова), ці захаванне бягучай палітыкі будзе «сітуацыю» пагаршаць. Страх перад вайной ужо не працуе на карысць Лукашэнкі.

Каля паловы беларускага грамадства не бачаць сябе ўключаным у дзяржаўную сістэму. Больш раннія даследаванні Chatham House таксама закранаюць гэтае пытанне і фіксуюць існуючы раней дысбаланс уключанасці ў сістэму. Адбываецца трансфармацыя беларускай грамадскай структуры ў нетрадыцыйную класавую на аснове прыналежнасці ў той ці іншай форме да беларускай кіруючай сістэмы. Тыя, хто адчувае сябе ўнутры сістэмы, жадае замацаваць статус-кво і супрацьпастаўляе сябе тым, хто выціснуты з сістэмы і арыентаваны на яе карэннае перафарматаванне. Скрын з дакладу “Беларускага трэкеру перамен”. Крыніца: https://library.fes.de/

У грамадстве захоўваецца высокая ступень палітычнай палярызацыі і непрымання адзін аднаго. Але цяпер канфлікт трансфармуецца з супрацьстаяння груп, падзеленых па палітычных перавагах, у сацыяльнае супрацьстаянне. На дадзены момант яно хутчэй латэнтнае, у першую чаргу ў сілу адсутнасці ў шырокай групы «Заўзятых супернікаў рэжыму» і «Схільных не давяраць рэжыму» доступу да інструментаў гвалту.

Назіраецца поўная змена парадыгмы ў пытанні прымальнасці актыўнага выкарыстання сілавых інструментаў палітычнай барацьбы: ад поўнага непрымання ў пачатку рэвалюцыі да шырокага адабрэння зараз. У той час як рэжым Лукашэнкі, які шмат у чым базуе сваю легітымнасць на апараце гвалту і рэпрэсій, адчужае ад сябе палову беларускага грамадства, унутры не ўключанай у сістэму групы расце запыт на сілавыя інструменты развязання палітычнага канфлікту.

Нягледзячы на вывад большай часткі расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі, фактар вайны застаецца ключавым ва ўзаемаадносінах улады і грамадства і для лета гэтага года. Менавіта ён задае асноўныя кірункі для пашырэння рэпрэсій рэжыму, вызначае траекторыю спробаў улады «перафарматаваць» інстытуцыі грамадзянскай супольнасці і падпарадкаваць любыя праявы нацыянальна-культурных з’яў і працэсаў. Тым не менш, беларускае грамадства ўжо нейкім чынам адаптавалася да рэпрэсіўнага ціску і выпрацоўвае свае спосабы як існавання ў такіх умовах, так і супраціву ім.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў