Ева на волі, Бабарыка – не. Галоўнае за мінулы тыдзень – у малюнках мастака Дэ Лёс


Галерэі «Белгазпрамбанка» вярнулі канфіскаваныя летась карціны. 28 чэрвеня 2021 года. Малюнак: Дэ Лёс

Санкцыі, «справа «Белгазпрамбанку», забарона сцяга і таран амбасады – паказваем, як Дэ Лёс пабачыў падзеі мінулага тыдня.

На мінулым тыдні Еўразвяз увёў не толькі традыцыйныя персанальныя санкцыі супраць атачэння Аляксандра Лукашэнкі, але і сектаральныя – супраць цэлых галінаў эканомікі Беларусі. Свае санкцыі пашырылі і Злучаныя Штаты. Мы разабралі, наколькі гэтыя санкцыі жорсткія, а Дэ Лёс – намаляваў.

Супраць атачэння Лукашэнкі пашырылі санкцыі, увялі сектаральныя санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў. Малюнак: Дэ Лёс

Санкцыі пакуль не прывялі да вызвалення палітычных вязняў, але арыштаваныя год таму карціны з калекцыі «Белгазпрамбанку», у тым ліку славутую «Еву» Хаіма Суціна, вызвалілі.

Галерэі «Белгазпрамбанку» вярнулі сканфіскаваныя летась карціны. Малюнак: Дэ Лёс

А былому дырэктару «Белгазпрамбанку» Віктару Бабарыку просяць 15 гадоў турмы. Ён не пагаджаецца і кажа, што злачынстваў не чыніў. Праваабаронцы таксама так лічаць, прызналі яго палітычным вязнем. Што лічыць суд, стане вядома 6 ліпеня.

Бабарыку просяць прысудзіць 15 гадоў. Малюнак: Дэ Лёс

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі тым часам просіць пасадзіць прызнаць калабарацыянісцкаю сімволікаю бел-чырвона-белы сцяг, а таксама забараніць лозунг, у якім сцвярджаецца існаванне Беларусі. Гісторыкі кажуць, чырвона-зялёнаму сцягу ад таго лепей не стане. Пры тым у Беларусі ўжо садзяць пад арышт і за сцяг у лесе, і за дзеяслоў «жыць» у цяперашнім часе.

МУС спрабуе залучыць БЧБ-сцяг і клiч «Жыве Беларусь» у шэраг экстрэмiсцкiх. Малюнак: Дэ Лёс

Куды больш хочуць беларусы – у Еўразвяз ці ў Расею? Паводле колькасці таранаў амбасад за мінулы тыдзень, лік 1:1. 23 чэрвеня эвакуатар урэзаўся ў цагляны плот амбасады Латвіі ў Менску (афіцыйная версія – праз неасцярожнасць). А 26 чэрвеня легкавік урэзаўся ў вароты амбасады Расеі – кіроўца спрабаваў схавацца з месца здарэння, пазней яго затрымалі.

Эвакуатар знёс плот амбасады Латвіі. Мо вельмі хацеў эвакуявацца з Беларусі. Малюнак: Дэ Лёс

АА, малюнкі Дэ Лёс belsat.eu

Стужка навінаў