У стачкаме «Нафтану» расказалі, як завод рыхтуецца перажыць санкцыі


Беларускі нафтаперапрацоўчы завод «Нафтан» трапіў пад адноўленыя санкцыі ЗША, і гэтыя санкцыі могуць закрануць расейскіх пастаўнікаў сыравіны. Прэс-сакратар стачкаму «Нафтану» Ігар Валяеў распавёў «Белсату», што прадпрыемства можа зрабіць, каб «перажыць» санкцыі.

«Канешне, ніхто не будзе прасіць улады памяняць нешта ў краіне, – разважае Ігар Валяеў пра кіраўніцтва «Нафтану». – Гэтыя людзі абсалютна падкантрольныя ўладам і думаюць толькі аб тым, як выжыць у гэтай сітуацыі самім, не трапіць пад каток рэпрэсіяў».

Першыя «званочкі» аб спробах прыстасавацца да сітуацыі ўжо пачаліся, кажа Валяеў: паводле яго звестак, генеральны дырэктар «Нафтану» Андрэй Сойка ўжо робіць візу ў Польшчу і збіраецца ехаць на даччынае прадпрыемства (стачкам збіраецца яго «сустрэць шырокімі абдымкамі»). Да фактычнага аднаўлення санкцый яшчэ ёсць час, таму завод можа паспрабаваць набраць максімум замоваў і закупіць камплектуючыя для свайго абсталявання.

Расея заводу «падгадзіла», заяўляе Валяеў: адмова пастаўкі нафты – пытанне не толькі санкцыяў, але і канкурэнцыі з расейскімі НПЗ. Праз магчымую адмову паставак Расея можа паспрабаваць «паставіць канкурэнта на калені», каб выкупіць завод ці дамагчыся яго закрыцця.

Аналітыка
Ці спыніць Расея пастаўкі нафты ў Беларусь праз амерыканскія санкцыі? Тлумачаць эканамісты
2021.04.28 14:25

Паводле Валяева, канцэрн «Белнафтахім» цяпер рыхтуе дэлегацыю ў Расею, каб дамовіцца пра пастаўкі нафты ва ўмовах санкцыяў.

На «Нафтане» ж людзі чакаюць, кажа ён: тыя, хто хочуць пераменаў, разумеюць, што санкцыі наблізяць перамогу, а іншыя разумеюць, што будуць праблемы з заробкамі і прэміямі. Рабочым ужо сказалі «не чакаць прэміяў», сцвярджае Валяеў, а адно з падраздзяленняў, МАПАН, ужо скарачаюць — невядома, куды будуць пераразмяркоўваць рабочых.

«Як казалі нашыя хлопцы, цягам месяца «Нафтан» яшчэ можа працаваць на нейкіх унутраных рэсурсах, паскрэбці па сусеках, знізіць прадукцыйнасць да мінімуму, – перадае Валяеў. – Без паставак нафты яшчэ месяцы два ён можа папрацаваць перад тым, як спыніцца».

Кіраўніцтва «жыве адным днём», сцвярджае ён, і робіць тое, што можна зрабіць цяпер, а не думаюць, колькі гадоў могуць трываць санкцыі.

Хоць працаўнікам «Нафтану» і варта чакаць падзення заробкаў, скарачэнняў і закрыцця негалоўных напрамкаў, Валяеў хоча, каб рабочыя разумелі: санкцыі не супраць іх, а супраць уладаў, і пасля змены ўлады новае кіраўніцтва будзе думаць, як кампенсаваць страты і падняць эканоміку.

ЮЦ / АА, belsat.eu

Стужка навінаў