У Славеніі беларусу ўпершыню выдалі пашпарт замежніка. Дакумент атрымаў 9-гадовы хлопчык


Ініцыятыва «Народныя амбасады Беларусі» паведаміла пра досвед беларускай сям’і, якая здолела аформіць пашпарт замежніка для 9-гадовага сына ў Славеніі. Гэта першы вядомы выпадак, калі беларус атрымаў такі дакумент у гэтай краіне.

Славенскі пашпарт замежніка.
Фота: PEofBelarus / Telegram

Тэрмін дзеяння беларускага пашпарта скончыцца ў чэрвені, і бацькі загадзя заклапаціліся пра афармленне дакументу для сына ў Славеніі, бо ехаць на радзіму небяспечна.

«Мы звярнуліся ў Адміністрацыйную адзінку, што паводле закона аб замежніках адказвае за выдачу пашпартоў. Першапачаткова цяжкасці ўзніклі праз недасведчанасць супрацоўніка, які накіраваў нас у МЗС. Ведаем, што іншым беларусам адмовілі, бо тэрмін іх беларускага пашпарта яшчэ не скончыўся. Пасля звароту ў МЗС Славеніі мы атрымалі адказ з інфармацыяй аб працэдуры выдачы пашпарта замежніка, і пасля новага звароту атрымалі цягам тыдня пашпарт на 2 гады», – апавялі чальцы сям’і беларусаў.

Умовы для атрымання дакументу – наяўнасць віду на жыхарства і немагчымасць атрымаць пашпарт сваёй краіны.

Актывісты падрыхтавалі запыты ў МЗС, МУС і Упраўленне Адміністрацыйнымі адзінкамі з просьбаю ўдакладніць працэдуру, каб беларусы не заставаліся ў Славеніі без дзейнага дакументу, калі дзеянне нацыянальнага пашпарта скончыцца, а пашпарт замежніка яшчэ не гатовы. Таксама ўладам рэспублікі давядуць, што паездка на радзіму за новым пашпартам можа быць небяспечнаю – гэта мусіць быць дастатковай падставаю для бесперашкоднай выдачы дакументаў беларусам.

«У Славеніі пражывае больш за 400 беларусаў і беларусак. Паводле апытання сярод беларускай дыяспары, з праблемай пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў у бліжэйшыя два гады сутыкнуцца прынамсі 20 чалавек. У працэсе развязання зараз праблема дакументаў для дзяцей, народжаных у Славеніі», – пракаментавала сітуацыю з пашпартамі прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі Аляксандра Мамаева.

Hавiны
Швецыя пачне выдаваць беларусам з пратэрмінаванымі дакументамі пашпарты замежніка
2024.03.27 11:53

Надоечы ініцыятыва «Народныя амбасады» паведаміла, што міграцыйная служба Швецыі пастанавіла выдаваць пашпарты замежніка беларусам з пратэрмінаванымі дакументамі. Беларускіх грамадзянаў не будуць заахвочваць ехаць на радзіму, каб замяніць пашпарт.

Праблему з дакументамі для беларусаў у эміграцыі стварыў Аляксандр Лукашэнка, які сваім указам спыніў выдачу пашпартоў у пасольствах.

Разбор
Ад міжнароднай абароны да пашпарта пасля нараджэння: як беларусам легалізаваць дзіця ў розных краінах?
2024.02.07 07:18

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў