Пераслед за нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны. У Менску судзяць пяць чалавек


У Менску працягваецца судовы разбор, падчас якога судзяць пяцёх менчукоў за тое, што яны вывесілі нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны.

Мітынг з патрабаваннем прызнання Расеі дзяржавай тэрарыстам ля амбасады Расеі. Варшава, Польшча. 10 кастрычніка 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

28 сакавіка ў Менскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме працягнуўся судовы разбор у справе, у якой фігуруюць Дзяніс Варозаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах, Уладзімір Лавор і Кацярына Зарэцкая. Іх абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361–1 («Стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні») і ч. 2 арт. 361–4 КК («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). 20 сакавіка справу пачала разглядаць суддзя Дзіна Кучук.

Вядома, што ў сярэдзіне верасня 2022 года сілавікі затрымалі пяцёх менчукоў за тое, што яны вывесілі вялікія нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дому па вуліцы Лесі Украінкі ў Менску. Супраць людзей распачалі крымінальную справу за «злоснае хуліганства». Праз два тыдні пасля іх затрымання МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» канал у дадатку Zello, праз які камунікавалі менчукі пры арганізацыі акцыі.

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка даў такі каментар у гэтай справе: «Калі няма за што пасадзіць чалавека, то можна выбраць з наяўных або стварыць для яго «экстрэмісцкае фармаванне». Таму што, вядома, вывешванне сцягоў – гэта дакладна не хуліганства ў дадзеным кантэксце, а пакараць за праяву грамадзянскай пазіцыі вельмі хацелася».

Нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны – адна з распаўсюджаных падставаў для рэпрэсіяў. Так, 22 сакавіка стала вядома, што жыхара Глыбокага Юрыя Татарыновіча асудзілі паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў») і прызначылі яму штраф 70 базавых велічыняў (2590 руб). Падставай сталі фотаздымкі сцяга Украіны і герба Пагоня ў ягоным Facebook’у. У той жа дзень у Астраўцы асудзілі Паўла Дубава. Мужчыну прызналі вінаватым паводле арт. 370 («Здзек з дзяржаўных сімвалаў») Крымінальнага кодэксу. Суддзя Дзмітрый Багдановіч прызначыў Паўлу 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Падставай для абвінавачвання стала тое, што мужчына ў карпаратыўным чаце напісаў каментар на беларускай мове, у якім патлумачыў, што «наш сцяг бела-чырвона-белы», а існы назваў «узыход сонца над балотам». Вядома, што Павел напісаў каментар, калі быў у рэйсе ў Заходняй Еўропе, а пасля паездкі вярнуўся ў Беларусь.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў