Чаго людзі баяцца ў краінах Вялікай сямёркі: Пуціна ці Кітаю, змены клімату ці штучнага інтэлекту?


На Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы прэзентавалі чарговы «Мюнхенскі індэкс бяспекі» – даследаванне таго, што лічаць пагрозамі людзі ў краінах «Вялікай сямёркі» (G7) і блоку BRICS (без Расеі). Таксама прадставілі вялікае апытанне стаўлення да іншых краінаў, у ліку якіх і Беларусь.

Пагроза Зямлі ва ўяўленні штучнага інтэлекту
Малюнак згенераваны нейрасеткай. Пагроза Зямлі ва ўяўленні штучнага інтэлекту «Microsoft Copilot». Выява: Dall-e / Bing.com

У прадмове да даследавання пішуць, што поўнамаштабная вайна ва Украіне стала паваротным пунктам для дзяржаваў Вялікай сямёркі, але праз два гады відаць прыкметы таго, што гэтая вайна ўспрымаецца меншай рызыкай. Свет найбольш занепакоены экалагічнымі пагрозамі, расце занепакоенасць рызыкамі масавай міграцыі, ісламскага тэрарызму і арганізаванай злачыннасці.

Апытанне, вынікі якога прадставілі ў 2024 годзе, праводзілі праз онлайн-сэрвісы з 24 кастрычніка па 16 лістапада 2023 года. Статыстычную хібнасць ацэньваюць у 3,1 %. Рэйтынг рызыкаў выводзілі з пяці пытанняў пра кожную пагрозу: пра агульную ацэнку рызыкі, рост ці змяншэнне, патэнцыйную шкоду, непазбежнасць і падрыхтаванасць краіны да змагання з пагрозай.

Такі рэйтынг складаюць з 2021 года, апытваюць па тысячы чалавек з дзяржаваў Вялікай сямёркі і дзяржаваў BRICS. Апытанне не праводзілі ў Расеі, а да адказаў з Кітаю заклікаюць ставіцца з насцярожанасцю, бо ў аўтарытарных краінах рэспандэнты могуць непакоіцца за асабістую бяспеку і адказваць непраўдзіва.

Што лічаць пагрозамі

Найбольшыя пагрозы сумарна па апытаных краінах – кліматычныя. Пры тым не столькі глабальнае пацяпленне, колькі ягоныя непасрэдныя наступствы: экстрэмальнае надвор’е, як то засухі або патопы, і лясныя пажары. Расея сумарна на дзявятым месцы – не ў апошнюю чаргу за кошт Індыі і Кітаю, якія ў Расеі амаль не бачаць пагрозы. Паўночная Карэя, хоць валодае і пагражае ядравай зброяй, успрымаецца меншай пагрозай за Іран, які мае сетку проксі-груповак, якія шмат хто ў свеце лічыць тэрарыстычнымі. Еўразвяз і Злучаныя штаты сумарна на апошнім месцы, іх амаль паўсюль абганяе пагроза ад цяперашняй пандэміі каронавірусу, а тым больш наступнай пандэміі.

Табліца з ангельскамоўнага даследавання ў перакладзе «Белсату»:

Munich Security Index 2024
Табліца з даследавання «Munich Security Index 2024» у перакладзе «Белсату». Арыгінальная выява: Securityconference.org

Даследчыкі параўналі таксама рэйтынгі пагрозаў з папярэднім апытаннем, якое праводзілі ў кастрычніку-лістападзе. Шмат якія паказнікі выраслі ў бальшыні краінаў, але ў Кітаі знізіліся проста ўсе, у Індыі – амаль усе.

Найбольш за год вырасла ўспрыманне пагрозы радыкальнага ісламскага тэрарызму – асабліва падскочыла ў Італіі, Францыі і Бразіліі. Гэта, імаверна, можна растлумачыць атакай тэрарыстаў ХАМАС на Ізраіль, вайной у Газе, атакамі еменскіх хусітаў. Крыху менш, але ўсё роўна вырасла ўспрыманне як пагрозы Ірану, звязанага і с ХАМАС, і з хусітамі.

Аналітыка
Ні перамір’я, ні вялікай вайны. Што цяпер адбываецца на Блізкім Усходзе
2024.02.08 18:11

Таксама адчувальна вырасла ўспрыманне як пагрозы штучнага інтэлекту і аўтаномных робатаў, хоць рызыка паўстання машынаў усё яшчэ далёкая ад топу занепакоенасці. Гэта можна растлумачыць распаўсюдам камерцыйных тэхналогіяў са штучным інтэлектам, як чат-бота «ChatGPT» ці генератара выяваў «Midjourney». Кібератакі лічаць сур’ёзнай пагрозай у дзяржавах «Вялікай сямёркі» – нават большай пагрозай за Расею, меншай толькі за экстрэмальнае надвор’е і лясныя пажары.

Успрыманне цяперашняй пандэміі як пагрозы знізілася, хутчэй за ўсё, ад таго, што сам COVID-19 сыходзіць: праз паспяховую кампанію вакцынацыі і выпрацоўку натуральнага імунітэту выяўляюць усё менш новых выпадкаў і смерцяў. Разам з тым паўсюль акрамя Бразіліі сталі менш баяцца наступнай пандэміі. Істотна знізілася і ўспрыманне пагрозы голаду і перабояў з энергіяй, выкарыстання ядравай і біялагічнай зброі (паўсюль акрамя Бразіліі).

Расею сталі бачыць меншай пагрозай паўсюль акрамя Бразіліі (там плюс тры пункты) і Японіі (там без зменаў). Найбольш гэтая рызыка страціла актуальнасць для Кітаю (мінус 15), Нямеччыны і Злучанага Каралеўства (мінус 11). Пры тым у даследаванні 2021 года – да поўнамаштабнага нападу на Украіну – Расея была на 15-м месцы сярод пагрозаў для «Вялікай сямёркі», у 2022-м выйшла на першае, цяпер сышла на чацвёртае. Для «BRICS без Расеі» пагроза ад Расеі як была, так і засталася ў канцы рэйтынгу.

Аналітыка
Мэсідж Крамлю. Выпраўленне войскаў ва Украіну можа стаць для ЕЗ немінучым
2024.02.27 19:29

У краінах Еўразвязу, дзе праводзілі апытанне, сталі менш баяцца эканамічнага крызісу, а найбольш упала ўспрыманне гэтага фактара як пагрозы ў Злучаным Каралеўстве. Брытанскі канал «TLDR News», які расказваў пра даследаванне, адзначыў, што рацыянальнага тлумачэння гэткім зменам у Каралеўстве не бачыць.

Як ставяцца да іншых краінаў – у тым ліку да Беларусі

Асобна даследчыкі спыталі пра стаўленне да 27 краінаў, у ліку якіх Беларусь. Апытанне праводзілі ў тых самых краінах: «Вялікая сямёрка» і «BRICS без Расеі», а таксама правялі ва Украіне.Рэйтынг склалі так: тыя, хто лічыць краіну саюзнікам, мінус тыя, хто лічыць пагрозай.

Табліца з ангельскамоўнага даследавання ў перакладзе «Белсату»:

Munich Security Index 2024
Табліца з даследавання «Munich Security Index 2024» у перакладзе «Белсату». Арыгінальная выява: Securityconference.org

Стаўленне да Беларусі рэзка негатыўнае ва Украіне (горш там ставяцца толькі да Расеі, а да Ірану хоць негатыўна, але крыху лепш), даволі негатыўнае ў Нямеччыне і Францыі. Але даволі пазітыўнае ў Кітаі (лепш там ставяцца толькі да Расеі), някепскае ў Індыі, крыху «плюсавое» ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і, як ні дзіва, у Злучаных Штатах. У рэшце краінаў стаўленне да Беларусі «каля нуля» ў мінусавых значэннях.

Каментар
Рада Еўразвязу зрабіла высновы пра Беларусь. Чаму гэта важна, хоць у іх шмат ужо знаёмых словаў?
2024.02.21 16:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў