Тэнісістка Сабаленка нецэнзурна ўзрадавалася другой запар перамозе на «Australian Open»


«What f… Netflix curse?!» – сказала Арына Сабаленка на відэа, што апублікавала Жаночая тэнісная асацыяцыя ў акаўнце ў сацсетцы X. Беларуская тэнісістка згадала гэтак званы «праклён Netflix», звязаны з дакументальным серыялам «Break Point».

27 студзеня ў Мельбурне беларуска Арына Сабаленка перамагла ў фінале «Australian Open», паўтарыўшы леташні поспех на гэтым турніры. З кубкам у руках яна пажартавала пра гэтак званы «праклён Netflix», звязаны з дакументальным серыялам пра тэнісістаў «Break Point».

Першыя серыі першага сезону выйшлі летась у студзені напярэдадні «Australian Open», і ніводны з дзесяці гульцоў, якія з’явіліся ў гэтых эпізодах, не прайшоў чацвёрты раўнд адзіночнага разраду на чэмпіянаце. Пасля гэтага ў медыях загаварылі пра сувязь паразаў тэнісістаў з гэтым амерыканскім серыялам.

У другім сезоне, што паказалі напярэдадні сёлетняга турніру, знялася Сабаленка.

«Што за … праклён Netflix?!» – сказала спартоўка па-англійску, маючы на ўвазе, што ўдзел у серыяле не паўплываў на ейны вынік.

Арына Сабаленка пасля перамогі на «Australian Open». Мельбурн, Аўстралія. 27 студзеня 2024 года.
Фота: WTA / X.com

Сёння для пераможцы «Australian Open» зладзілі традыцыйную фотасесію ў батанічным садзе Мельбурну. У белай сукенцы Сабаленка адкаркоўвала шампанскае, пазіравала для фатографаў з кубкам і адказвала на пытанні журналістаў. На гандоле, як летась, не плавала.

«Я крыху выпіла, крыху салодкага. Мы танцавалі, весяліліся. У мяне шалёная каманда», – апавяла беларуская спартоўка.

Яна паведаміла, што леташні фінал быў для яе цяжэйшым, чымся цяперашні, хоць і зараз перамога не далася лёгка:

«З мінулага года я змяніла падыход да тэнісу. Мне стала лягчэй даваць рады з ціскам, бо мы весела бавім час па-за кортам. Я намагаюся гарліва працаваць на корце, а па-за ім стараюся забыцца пра тэніснае жыццё і трымацца ад яго падалей».

Другую запар перамогу ў Аўстраліі Сабаленка назвала неймавернай.

Арына Сабаленка на фотасесіі пасля перамогі на «Australian Open». Мельбурн, Аўстралія. 28 студзеня 2024 года.
Фота: AustralianOpen / X.com

«Гэта дае мне значна болей веры ў поспех на турнірах Вялікага шлема, і гэта дае мне зарад энергіі на астатнюю частку сезону», – сказала беларуска.

Сабаленка – падпісантка праўладнага ліста спартоўцаў, у 2021 годзе брала ўдзел у запісе навагодняга звароту Лукашэнкі. Але ў чэрвені летась яна заявіла, што «не падтрымлівае вайны, гэта значыць не падтрымлівае Лукашэнкі проста цяпер».

Гісторыі
Хто такая Сабаленка: першая ракетка свету, якая толькі нядаўна выказалася супраць вайны
2023.09.11 15:36

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў