Польскія памежнікі назвалі беларускіх калегаў адказнымі за вялізную чаргу ў Тэрэспалі


У Памежнай ахове Польшчы растлумачылі «Белсату» вялізныя чэргі перад пунктам пропуску ў Тэрэспалі маруднай працаю беларускіх калегаў. Палякі прасілі службоўцаў у Берасці паскорыць афармленне, аднак гэта не дапамагло.

У чарзе перад пунктам пропуску ў Тэрэспалі, Польшча. 24 снежня 2023 года.
Фота: ГраницаBY Беларусь-ЕС / Telegram

Шматкіламетровыя чэргі на межах Беларусі з суседнімі краінамі ЕЗ пачалі з’яўляцца на мінулым тыдні. Бывала, што час чакання перавышаў 60 гадзінаў.

24 снежня Мытны камітэт Беларусі абвінаваціў у калапсе на мяжы польскія службы:

«Сумежны бок не тое што не прымае аніякіх дзеянняў, каб транспарт рухаўся шпарчэй, а яшчэ і не працуе ў межах магчымасцяў. Беларуская мытня спрабуе разгрузіць уязны кірунак, у тым ліку шляхам перасоўвання аўтобусаў з чаргі на стаянку. Тым самым рух легкавікоў ідзе шпарчэй, а грамадзяне і тавары, якія накіроўваюцца ў аўтобусах і легкавіках, афармляюцца паралельна».

Hавiны
«Рыхтуемся да жыцця на мяжы». На межах Беларусі – транспартны калапс
2023.12.24 15:42

Памежная ахова Польшчы гэтыя абвінавачанні адкідвае. Спікер надбужанскага аддзелу, што кіруе пунктам пропуску ў Тэрэспалі, Дар’юш Сеніцкі растлумачыў «Белсату», што чэргі павялічыліся з увагі на пасажыраў, якія вязуць пакупкі.

«Час чакання выезду з Польшчы шмат у чым залежыць ад колькасці падарожнікаў, якія прайшлі мытны кантроль на беларускім баку. Апошнімі днямі ўзнікла сітуацыя, калі падарожнікі, якія ўжо прайшлі мытны кантроль Польшчы, чакалі ўезду ў Беларусь, тым самым перашкаджаючы кантролю наступных падарожнікаў», – сказаў Сеніцкі.

Ён запэўніў, што колькасць польскіх памежнікаў у Тэрэспалі была дастатковай, а каб развязаць праблему, яны звярнуліся да беларускіх калегаў з просьбаю паскорыць кантроль:

«Мы атрымалі адказ, што бальшыня падарожнікаў вязе тавары, што абкладаюцца мытам, і гэта цягне павелічэнне часу афармлення».

Цяпер, паводле звестак польскага боку, легкавікам чакаць у Тэрэспалі даводзіцца каля трох гадзінаў, аўтобусам – адну. У Берасці, паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэту на 16-ю гадзіну, выезду чакаюць два аўтобусы, чаргі легкавікоў няма.

Hавiны
Што ў 2023 годзе беларусы вывозілі з краіны і што прывозілі
2023.12.24 14:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў