«Рыхтуемся да жыцця на мяжы». На межах Беларусі – транспартны калапс


Чарга на мяжы Польшчы і Беларусі расцягнулася на многія кіламетры, людзі стаяць соднямі. На літоўскай мяжы сітуацыя не лепшая. Людзі на нервах, скандаляць, спрабуюць не пускаць «улезуноў», а некаторыя прадаюць сваё месца ў чарзе. Пра сітуацыю на мяжы 24 снежня піша выданне «Першы пінскі».

Як піша выданне, у прымежных чатах людзі актыўна абмяркоўваюць, што цяпер адбываецца на ўездзе ў Беларусь. На сваім досведзе некаторыя раяць не планаваць перасякаць мяжу ЕЗ-Беларусь у бліжэйшыя дні. «Пакуль нават цяжка сказаць, якія дні будуць не «найбліжэйшыя». Можа, 1 студзеня…» – напісаў адзін з тых, хто стаіць у чарзе.

«Рыхтуемся да жыцця на мяжы», – напісаў іншы карыстальнік.

Адзін з падарожнікаў пытаўся, ці хопіць 50 гадзін прайсці мяжу. Яму адказалі раніцай 24 снежня:

«Стаю ўжо 60 гадзінаў. Да шлагбаума яшчэ метраў 250-300. Гэта яшчэ + содні. Так што аб 50 гадзінах можна толькі марыць. Устаў пазаўчора ўвечары».

Стаяць прыходзіцца доўга, увесь час трэба грэць аўтамабіль, каб не змерзнуць. Некаторыя нават перажываюць, ці хопіць у іх паліва.

У чатах пішуць, што на літоўскай мяжы сітуацыя нічым не лепш: «Я стаю на Прывалкі, хутка шлагбаум, заняло каля 50-52 гадзіны. Ці варта перціся ў Літву?»

Павал напісаў у 10:00: «Варта было раней, цяпер ужо не. Я ў чацвер увечары выехаў з Варшавы на Лаварышкес, там содні да мяжы правёў у чарзе (яшчэ пашанцавала). І днём у суботу быў у Менску».

Яшчэ адзін з каментатараў у чаце падзяліўся меркаваннем аб літоўскім пункце пропуску: «Прывалка – гіблае месца. Тамака ў звычайны дзень вельмі павольна ўсё, а цяпер наогул, мусіць, вечнасць стаяць трэба».

Ірына ў 3:10 ночы напісала ў прымежным чаце свае ўражанні:

«Сёння прыехалі дадому, стаялі на мяжы амаль трое содняў… Такога пекла я не бачыла. У прыбіральню не схадзіць, надвор’е жахлівае, вырубала за стырном.

Па выніку высветлілася, што каля шлагбаума ёсць стаянка, і там самыя хітрыя і прадуманыя людзі заязджаюць у чаргу, міліцыя быццам ганяла, але я ведаю з дакладных крыніцаў, нахабным чынам лезуць. Але наша калона ехала, будзілі адзін аднаго, выганялі аўто, якія прыладжваліся, нават былі бойкі. Назапасьцеся цярпеннем, ежай, і дапамагайце адзін аднаму».

У чарзе даходзіць да скандалаў – стомленыя людзі на нервах. Перад польскім пунктам пропуску кіроўцы часам нават сігналяць.

Праблему пагаршаюць людзі, якія спрабуюць укліньвацца ў чаргу. Уначы некаторыя мужчыны з чаргі нават выходзілі і перакрывалі дарогу, разварочваючы такіх нахабных. Да іх нават прыязджала паліцыя, але прэтэнзіяў за перакрыццё дарогі не выстаўляла.

Каментатар з нікам Святоша: «Стаянне адбываецца не з-за таго, што вас не пускаюць наўмысна. За ноч стаялі бывала 3-4 гадзіны, але потым былі моцныя зрухі. Проста на коле дзяжураць дзве машыны вартавых, яны разварочваюць усіх разумнікаў. А разумнікі едуць да запраўкі і там спрабуюць уціскацца, з-за гэтага чарга стаіць».

Кажуць, што некаторыя палякі прадаюць чаргу. Піша Міхась:

«Перада мной стаіць чалавек на нямецкіх нумарах, кажа, учора да яго падʼехаў паляк на машыне, прапаноўваў за 250 еўра да кола даехаць. Кажа, жаба задушыла заплаціць гэтыя грошы».

У чаце час ад часу можна ўбачыць абвестку: «Куплю чаргу за 100 долараў».

Цяпер кажуць, што на такія сумы «нават лянота адказваць». Некаторыя гавораць, што кошт за месца ў чарзе можа дасягаць і 500 еўра. Праўда невядома, ці плаціў нехта столькі.

Многія з падарожнікаў на аўтамабілях вінавацяць у такім стоўпатварэнні ​​на мяжы аўтобусы. Іх цяпер з Польшчы едзе вельмі шмат. Прычым, абʼязджаючы аўтамабільную чаргу.

У чатах пішуць, што сітуацыя на выездзе з Беларусі значна лепей: як вынікае з допісаў. людзі праходзяць мяжу за 6,5-8,5 гадзінаў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў