Былога палітзняволенага зноў асудзілі за каментары


1 год калоніі атрымаў студэнт юрфаку БДУ за каментары, пакінутыя ў 2020 годзе. Вядома, што ў студзені 2023 года малады чалавек вызваліўся пасля адбыцця 2-гадовага пакарання ў «справе Зельцара».

Уладзімір Запольскіх. Крыніца: spring96.org

22 снежня суд Цэнтральнага раёну Менску вынес прысуд Уладзіміру Запольскіх паводле арт. 369 КК (знявага прадстаўніка ўлады) і 368 КК (знявага Аляксандра Лукашэнкі). Каментары малады чалавек пакінуў яшчэ ў 2020 годзе, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Вядома, што першы раз Уладзіміра Запольскіх судзілі паводле так званай «справы Зельцара», калі людзей арыштоўвалі за каментары з падтрымкаю дзеянняў айцішніка Андрэя Зельцара, які застрэліў супрацоўніка КДБ. Тады суддзя Святлана Бандарэнка прызнала маладога чалавека вінаватым і засудзіла на пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на 2 гады, а таксама аштрафавала на 200 базавых велічыняў.

Запольскіх адбыў тэрмін і ў студзені 2023 года выйшаў на волю. Яго затрымалі зноў у траўні.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў