Прадстаўнік Украіны ў ААН: Больш за 3000 дзяцей вывезлі ў Беларусь «на аздараўленне»


Дзяцей з акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый нібыта на «адпачынак і аздараўленне» вывозяць у Крым, Расею і Беларусь, заявіў сталы прадстаўнік Украіны пры ААН Сяргей Кісліца на пасяджэнні Рады бяспекі ААН 26 ліпеня.

Цягнік Адлер – Менск з 350 дзецьмі з Данбасу прыбыў 3 красавіка 2023 года на чыгуначны вакзал у Менску. Паводле паведамленняў праўладных журналістаў, гэта першая вясновая змена дзяцей з Данбасу, якая прыбыла на аздараўленне ў Беларусь.
Фота: Ягор Ермаліцкі / sb.by

Паводле інфармацыі ўкраінскага боку, з пачатку ўварвання ў Беларусь з часова акупаваных Данецкай і Луганскай вобласцяў пад выглядам «аздараўлення» было вывезена больш за 3000 украінскіх дзяцей.

Сяргей Кісліца падчас пасяджэння Рады бяспекі ААН звярнуў увагу прадстаўнікоў Беларусі на праблему гвалтоўнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў.

«Галоўная мэта такога адпачынку для ўкраінскіх дзяцей, як сцвярджаецца, палягае ў забеспячэнні сацыякультурнай інтэграцыі дзяцей у расейскае грамадства, што фактычна азначае агрэсіўнае прамыванне мазгоў», – заявіў Кісліца падчас свайго выступу.

Таксама сталы прадстаўнік дадаў, што на такім «адпачынку» дзяцей падвяргаюць антыўкраінскай ідэалагічнай апрацоўцы і прапагандзе, накіраванай на выхаванне нянавісці да Украіны, яе мовы, культуры і гісторыі.

Улады Украіны мяркуюць, што з часова акупаваных тэрыторыяў Украіны плануецца вывезці не менш за 30 000 дзяцей.

У чэрвені, падчас візіту ў Аўстрыю, абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў краіны Александэрам Шаленбэргам (Alexander Schallenberg) і перадала справаздачу НАУ аб датычнасці рэжыму Лукашэнкі да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Міністр прапанаваў перадаць гэтыя доказы ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Тады дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паведамляў, што гэтая справаздача яшчэ не скончаная, да канца месяца збіраюцца звесткі, імёны, факты суўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў.

Таксама генеральны пракурор Літвы Ніда Грунскіене (Nida Grunskienė) санкцыянавала пачатак дасудовага расследавання ў дачыненні ўладаў Беларусі аб незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей. Справа расследуецца паводле артыкулаў КК Літвы за дэпартацыю і перасяленне цывільных асоб і разлучэнні дзяцей.

Hавiны
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа прызнаў, што арганізацыя вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь
2023.07.19 13:55

Днямі Генпракурор Украіны Андрэй Косцін паведаміў пра расследаванне супраць Беларускага Чырвонага Крыжа ў звязку з імавернай датычнасцю арганізацыі да дэпартацыі дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторыяў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў