Вячорка: Дакументы супраць Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд перададуць у ліпені


Святлана Ціханоўская падчас працоўнага візіту ў Вену сустрэлася з аўстрыйскім прэзідэнтам Александэрам ван дэр Бэленам. Яна заклікала, каб мясцовыя кампаніі спынілі супрацу з лукашэнкаўскім рэжымам і падтрымвалі беларускія кампаніі ў выгнанні. Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі падтрыманне праваабаронцаў і дапамогу ў распрацоўванні рэформаў для новай Беларусі, а таксама абмеркавалі размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі і акупацыю Беларусі Расеяй.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з аўстрыйскім прэзідэнтам Александэрам ван дэр Бэленам. 5 чэрвеня 2023 года.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Падчас візіту Святлана Ціханоўская таксама сустрэлася з міністрам замежных справаў Александэрам Шаленбэргам (Alexander Schallenberg) і перадала справаздачу Народнага антыкрызіснага ўпраўлення пра датычнасць рэжыму Лукашэнкі і прадпрыемстваў, звязаных з «Беларуськаліем», да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Міністр прапанаваў перадаць гэтыя доказы ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.

У эфіры «Белсату» дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў, што гэтая справаздача яшчэ не скончаная, да канца месяца збіраюцца звесткі, імёны, факты суўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў.

«У ліпені справаздача ўжо будзе завершана, і гэтая справа будзе далучаная да ўсіх справаў у Міжнародным крымінальным судзе», – сказаў Франак Вячорка.

Падводзячы вынікі візіту, Вячорка нагадаў, што Аўстрыя далучалася да ўсіх санкцыяў Еўрапейскага Звязу супраць рэжыму Лукашэнкі: у 2020 годзе і ў 2021-м, з пачаткам вайны. У 2022 годзе заняла вельмі актыўную пазіцыю датычна ізаляцыі Лукашэнкі на міжнароднай арэне, у АБСЕ, падтрымала запускі першага і другога маскоўскага механізму, падтрымала платформу доказаў злачынстваў Лукашэнкі.

«Наконт аўстрыйскіх кампаніяў – цяпер яны абмяжоўваюць сваю прысутнасць у Беларусі, але нашая задача была ў тым, каб яны спынілі супрацу з дзяржаўнымі прадпрыемствамі і інстытуцыямі. Але тры буйныя кампаніі працягваюць такую супрацу. Аднак мы бачым, што яны пачынаюць рабіць захады, каб не дапамагаць рэжыму абыходзіць санкцыі: яны зменшылі аперацыі ў валютах у мінулым месяцы і зараз праводзяць дадатковую праверку ўсіх кантрактаў», – распавядае дарадца Ціханоўскай.

У гэтай справе ёсць спрыянне аўстрыйскага ўраду і разуменне, што з Лукашэнкам няма аб чым размаўляць, кажа Вячорка і дадае, што кампаніям прапаноўваюць зменшыць прысутнасць часова, пакуль Беларусь не стане свабоднай і дэмакратычнай, а не сыходзіць назаўжды.

Палітзняволеныя

У Вене Святлана Ціханоўская абмеркавала лёс беларускіх палітзняволеных падчас сустрэчы з вярхоўным камісарам у правах чалавека ААН Фолькерам Туркам (Volker Türk).

«Наконт лёсу палітвязняў – мы вядзем працу па іншых лініях, публічных і не публічных, праз некалькі краінаў, якія ведаюць нашыя чаканні і патрабаванні», – сказаў Вячорка.

Па ягоных словах, зараз вядзецца праца ў трох кірунках. Першае, што трэба зрабіць, – гэта дабіцца інфармацыі і доступу да тых, хто застаецца ў поўнай ізаляцыі апошнія месяцы. Другое – гэта вызваліць усіх палітвязняў, якія ў цяжкім стане, з гуманітарных прычынаў, трэцяе – гэта вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў са спісу «Вясны», а таксама тры тысячы іншых палітвязняў, імёны якіх не апублікаваныя праваабаронцамі з розных прычынаў. «Яны ведаюць і ўздымаюць гэтыя пытанні», – дадаў ён.

Вячорка назваў сустрэчу з Фолькерам Туркам прарывам, бо апошнія два гады такая сустрэча была немагчымая: кіраўніцтва вярхоўнага камісара пазбягала гэтых сувязяў, спрабавала захаваць нейкія адносіны з афіцыйным Менскам. А цяпер сустрэча адбылася публічна, пад час яе гаварылі і пра міжнародныя суды, трыбуналы, вызваленне палітвязняў. І са словаў дарадцы Ціханоўскай, вярхоўны камісар гатовы актыўна ўключацца ў гэтае пытанне.

Hавiны
Беларусь не прайшла ў Раду Бяспекі ААН. Ад Усходнееўрапейскай групы там будзе Славенія
2023.06.06 20:37

6 чэрвеня ў Нью-Ёрку прайшлі выбары непастаяннага чальца Рады Бяспекі ААН. З 2007 года на гэтае месца прэтэндавала Беларусь, аднак па выніках галасавання абралі Славенію. Франак Вячорка назваў гэта перамогай, бо гэта глабальны вотум недаверу Лукашэнку.

«Яшчэ два гады таму Беларусь павінна была заняць гэтае месца ў Радзе Бяспекі, без ніякага галасавання і альтэрнатывы. Была праведзена міжнародная кампанія дэмакратычнымі краінамі, а Славенія прапанавалі сваю кандыдатуру. Тое, што столькі дзяржаваў, нават тых, якія гандлююць з Лукашэнкам, прагаласавалі супраць,  – гэта перамога. Бо Лукашэнка не зможа выкарыстоўваць ААН як сваю пляцоўку», – дадаў Вячорка.

Таксама падчас візіту ў Вену абмяркоўваўся новы пакет еўрапейскіх санкцыяў. Ціханоўская прапанавала пашырыць санкцыйны спіс, залучыўшгы ў яго суддзяў, пракурораў, сілавікоў, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў