ПАРЕ прызнала Лукашэнку датычным да выкрадання ўкраінскіх дзяцей – ці выдадуць ордар на арышт?


Парламенцкая асамблея Рады Еўропы 27 красавіка прыняла рэзалюцыю аб дэпартацыі і гвалтоўным вывазе Расеяй з Украіны дзяцей і іншых цывільных. Выкраданне дзяцей назвалі злачынствам генацыду, а датычным да гэтага сярод іншых – Аляксандра Лукашэнку, якога ў рэзалюцыі назвалі «самаабвешчаным прэзідэнтам Беларусі».

Дадаць згадку Аляксандра Лукашэнкі ў рэзалюцыю прапанаваў дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Аляксей Ганчарэнка, ягоную папраўку ўхвалілі. Ідэю прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці праз міжнародныя механізмы актыўна прасоўвае намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Яны расказалі ў эфіры «Студыі «Белсат», што значыць рэзалюцыя ПАРЕ.

Аляксей Ганчарэнка звярнуў увагу на тое, што атрымаў суцэльную падтрымку адносна рэзалюцыі і сваёй папраўкі пра Лукашэнку – і яе прынялі фактычна адзінагалосна. Быў адзін голас супраць, але, кажа Ганчарэнка, нарвежская дэлегатка памылілася і ўжо піша заяву, каб залічылі ейны голас «за».

У рэзалюцыі сярод іншага просяць Міжнародны крымінальны суд расследаваць тое, ці з’яўляецца генацыдам вываз Расеяй украінскіх дзяцей, а Беларусь згадваецца ў тым кантэксце, што туды таксама вязуць выкрадзеных з Украіны дзяцей – з дазволу Лукашэнкі.

Калі Міжнародны крымінальны суд вырашыць, што Лукашэнка сапраўды датычны да справы выкрадання ўкраінскіх дзяцей, то мае выдаць ордар на арышт Лукашэнкі, як раней выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна.

«Таму гэта вельмі важная праўка, і я вельмі рады, што мне сёння ўдалося яе правесці», – рэзюмуе Ганчарэнка.

Латушка адзначае, што рэзалюцыя ПАРЕ не абавязвае да нейкіх рашэнняў інстытуты, якія могуць выдаць ордар на арышт Лукашэнкі. Але, кажа ён, гэта важны ўнёсак у рэалізацыю мэты выдачы такога ордару.

Латушка падзякаваў Ганчарэнку за супольную працу і падтрымку, а ПАРЕ – за адзінагалоснае прыняцце рашэння аб адказнасці Лукашэнкі і ягонага рэжыму ў прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.

«Гэта фактычна пацвярджае, што ёсць задакументаваныя факты, – кажа Латушка. – І яны будуць пашырацца.

Як вы ведаеце, каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ўжо падрыхтавала першую справаздачу, якую мы накіравалі ўкраінскаму боку, і будзем пашыраць нашыя дакументы, якія пацвярджаюць, што Лукашэнка здзяйсняе ваенныя злачынствы, звязаныя з дэпартацыяй украінскіх дзяцей у Беларусь».

Каментар
Як дэмакратычныя сілы Беларусі дапамогуць Украіне ў вяртанні дэпартаваных дзяцей. Расказвае Латушка
2023.04.26 17:32

Слова «генацыд» упершыню з’явілася ў дакуменце такога ўзроўню ў дачыненні да дзеянняў Расеі ва Украіне. ПАРЕ не вызначае, што ёсць генацыдам, але, тлумачыць Ганчарэнка, ПАРЕ просіць Міжнародны крымінальны суд гэта вывучыць.

Ганчарэнка кажа, што бальшыня ў Еўропе цяпер бескампрамісная адносна дзеянняў пуцінскага рэжыму, але «ёсць розныя людзі»: украінскі дэпутат згадаў пазіцыю Вугоршчыны, у тым ліку візіт міністра замежных справаў Беларусі ў Вугоршчыну, назваў гэты факт «абсалютна ганебным».

Але важна, кажа ён, што ў ПАРЕ супраць рэзалюцыі не галасавалі нават тыя краіны, якія не ратыфікавалі Рымскі статут і не ёсць удзельнікамі Міжнароднага крымінальнага суду, у тым ліку Арменія і Турэччына. То значыць, пашыраецца кола краінаў, дзе Пуціну пагражае пераслед.

«Вельмі было б добра атрымаць ордар на арышт Лукашэнкі, каб не даць яму выйсці з-пад міжнароднай ізаляцыі, – дадае Ганчарэнка. – Бо ён намагаецца выкруціцца, як заўжды, як ён, на жаль, умее зрабіць. Мы не маем даць яму такую магчымасць».

Каментар
Чаму ўлады Вугоршчыны занялі дзіўную пазіцыю адносна вайны ва Украіне і рэжыму ў Беларусі?
2023.04.15 14:20

Латушка адзначае, што рэзалюцыя ПАРЕ прызнае датычнасць да ваенных злачынстваў і самога Лукашэнкі, і ягонага рэжыму. Ён звяртае ўвагу на артыкул 146 Рымскага статуту: там напісана, што ўсе краіны, якія павінны падтрымліваць міжнароднае права на сваіх тэрыторыях, могуць ажыццяўляць пераслед адносна ўсіх падазраваных у ваенных злачынстваў.

«Значыць, гэта тычыцца не толькі самога Лукашэнкі, – падкрэслівае Латушка. – Гэта тычыцца асобаў, якія прымалі рашэнні, прымалі ўдзел у рэалізацыі менавіта гэтых злачынных дзеянняў. Адпаведны спіс намі ўжо падрыхтаваны і перададзены ўкраінскаму боку».

Частку спісу, працягвае ён, назавуць публічна, але частку спісу пакінуць у сакрэце, каб некаторыя людзі, якія могуць выязджаць за межы Беларусі, маглі быць затрыманыя і выдадзеныя Міжнароднаму крымінальнаму суду.

Латушка дадаў, што ўдзячны Ганчарэнку і за падтрымку ідэі стварэння спецыяльнага міжнароднага трыбуналу па Беларусі за злачынствы супраць чалавечнасці – а беларускія дэмакратычныя сілы будуць дамагацца, каб былі пакараныя вінаватыя і ў злачынствах супраць беларусаў.

belsat.eu

Стужка навінаў