Таксі без рэгістрацыі ў «рэестры Лукашэнкі» застануцца законнымі да 1 лістапада


Указ аб стварэнні «Рэестру аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярным злучэнні» быў афіцыйна апублікаваны 27 лістапада. З яго сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці раней анансаванага абмежавання для таксоўнікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Таксоўка. Баранавічы, Беларусь. 10 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Як і было анансавана ў ананімным Telegram-канале «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, аператарам рэестру стане Транспартная інспекцыя (яна ж можа і адхіліць заяўку на ўключэнне). У рэестр уключаць звесткі аб перавозніках, транспартных сродках (аўтобусах, легкавых аўтамабілях, аўтамабілях-таксі), кіроўцах, дыспетчарах перавозак у нерэгулярных зносінах, дыспетчарах таксі. Замежныя дыспетчары павінны будуць стварыць у Беларусі юрыдычную асобу.

Фінансаваць рэестр будуць з грошай, вылучаных з бюджэту на гэтую інспекцыю, а таксама з «іншых не забароненых заканадаўствам крыніц». Рэестр мусяць размясціць у інтэрнэце, але бясплатны доступ гарантаваны толькі сілавікам і дзяржаўным органам, ды тое пры «наяўнасці падставаў».

Савету міністраў даручана знайсці таго, хто такі рэестр распрацуе, а таксама вызначыць парадак вядзення рэестру і падставы для прыпынення знаходжання ў рэестры.

Нерэгулярныя перавозкі пасажыраў стануць забароненыя з 1 лістапада 2024 года, калі перавознік не ўключаны ў рэестр. Як за гэта будуць караць, ва ўказе не гаворыцца. Але, напрыклад, у Кодэксе аб адміністратыўных правапарушэннях ёсць артыкул 18.26 «Парушэнне кіроўцам аўтамабіля-таксі правілаў перавозкі пасажыраў», па якім могуць аштрафаваць на 2–5 базавых велічыняў – цяпер гэта 80–200 рублёў. Артыкул 18.13 КаАП РБ таксама мае пункт 6 пра «парушэнне правілаў перавозкі пасажыраў» са штрафам да 4 базавых – 160 рублёў.

Рэгістрацыя ў рэестры, падобна, будзе бясплатнай да 1 лістапада. Пасля ўключэнне ў рэестр транспартнага сродку будзе каштаваць 2 базавыя (80 рублёў), кіроўцы – 1 базавую (40 рублёў), дыспетчара – 100 базавых (4000 рублёў). Платнае таксама ўнясенне зменаў у рэестр.

Улады даўно спрабуюць усталяваць большы кантроль над перавозчыкамі. У лістападзе 2023 года на нарадзе ў Лукашэнкі анансавалася стварэнне рэестра. Таксама гаварылася, што персанальныя дадзеныя, у тым ліку дадзеныя паездках пасажыраў таксі, павінны захоўвацца ў Беларусі.

Разбор
Паездкі пад каўпаком. Улады будуць ведаць, хто, каго і куды вязе таксоўкаю або маршруткаю
2023.11.18 14:45

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў