У Беларусі на адзёр хварэюць і немаўляты, і сталыя людзі


У Беларусі зарэгістравана больш за 140 выпадкаў захворвання на адзёр. Большасць з іх – завозныя. Інфекцыя атрымала распаўсюджванне найперш сярод дзяцей, менавіта яны складаюць больш за палову пацыентаў з прыкметамі адру.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сып у хворага на адзёр.
Фота: auroramedicalcentre.com.au

«Паводле звестак САЗ, уздым захворвання на адзёр у свеце звязаны з пандэміяй СOVID-19, а таксама з правалам у ахопе вакцынацыяй насельніцтва», – адзначыў на прэс-канферэнцыі загадчык аддзялення імунапрафілактыкі аддзелу эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл Ігнатаў.

Медыкі называюць прышчэпку самым дзейсным спосабам абароны, бо ў свеце да гэтага часу не распрацаваная супрацьвірусная тэрапія ад адру.

Уздым захворвання на адзёр у Беларусі зарэгістравалі з лістапада. Тады Міністэрства аховы здароўя заявіла пра больш як 90 выпадкаў. Большасць хворых не былі прышчэпленыя ад гэтай інфекцыі, адзначыла ведамства.

Hавiны
У Беларусі расце захворвальнасць на адзёр. Мінздароўя раіць, што рабіць
2023.12.06 13:54

Чым небяспечны адзёр?

Адзёр – вельмі заразнае захворванне, якое суправаджаецца высокай тэмпературай, агульнай інтаксікацыяй, паражэннем слізневых абалонак вачэй, дыхальных шляхоў, а таксама сыпам.

У непрышчэпленых дзяцей адзёр працякае цяжка: з працяглай гарачкай і высокай верагоднасцю ўскладненняў, сярод якіх пнеўманія і энцэфаліт.

Наступствы перанесенай інфекцыі могуць праявіцца і праз шэсць – дзесяць гадоў у выглядзе вострага склеразуючага панэнцэфаліту (звычайна смяротнага захворвання, якое паражае цэнтральную нервовую сістэму).

Сімптомы адру

Калі вы выявілі ў сябе сімптомы, якія нагадваюць адзёр (высокую тэмпературу і сып), а таксама калі незадоўга да гэтага вы былі за мяжой, варта:

  • абавязкова выклікаць дадому доктара ці хуткую (не трэба ісці ў паліклініку);
  • максімальна пазбягаць кантактаў з іншымі людзьмі;
  • карыстацца маскай;
  • праветрываць памяшканне;
  • выконваць рэспіраторны этыкет і мыць рукі;
  • абавязкова расказаць доктару пра паездку за мяжу.

Прышчэпка ад адру

Спецыфічнага лячэння ад адру не існуе, але ад інфекцыі надзейна абараняе прышчэпка. Пасля першай дозы прэпарату фармуецца імунная абарона больш як у 95 % вакцынаваных, пасля другой – у 100 %.

У Беларусі вакцынацыя ад адру занесеная ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак. Яе робяць у планавым парадку дзецям двойчы – у адзін год і ў шэсць гадоў.

«Вакцынацыя з эпідэмічных паказанняў (пры наяўнасці кантакту з хворым на адзёр) ажыццяўляецца асобам ва ўзросце ад 9 месяцаў да 55 гадоў, якія раней не хварэлі на адзёр, якія не маюць дакументальна пацверджаных звестак аб прышчэпках супраць адру або лабараторна пацверджаных вынікаў наяўнасці ахоўнага імунітэту супраць адру», – нагадалі эпідэміёлагі.

Дарослым варта даведацца пра свой імунны статус і ўдакладніць, ці рабілі ім у дзяцінстве такую прышчэпку.

Разбор
Уся надзея на імунітэт? У Беларусі ўжо год не стае вакцыны ад адру
2023.12.05 15:14

СП, belsat.eu

Стужка навінаў