«Яны хоць і абсурдныя, але рэальныя». Акторы «Працэсаў» расказалі пра свае ролі – амапаўца і ягонай жонкі


Чым адметныя персанажы амапаўца і ягонай жонкі, ці кахаюць яны адно аднога і якім быў здымачны працэс? Пра гэта мы паразмаўлялі з акторамі Андрэем Новікам і Валянцінаю Гарцуевай, якія выканалі галоўныя ролі ў першай навеле серыялу «Працэсы».

Прэм’ера першай серыі «Ператрымка» адбылася ў мінулую суботу 25 лістапада. Паглядзець яе можна ў эфіры «Белсату», на YouTub-каналах «Белсат life» і «Вот так», а таксама ў аплікацыі для смартфонаў і тэлевізараў «Belsat Smart». Наступная серыя «Патрыятычнае практыкаванне» з’явіцца ў сацыяльных медыях 2 снежня.

Адразу дзве новыя серыі былі паказаныя на кінафестывалі «Бульбамуві» 25 лістапада, а ўсе чатыры можна будзе паглядзець 10 снежня ў кінатэатры «Кінатэка».

– Перадусім хачу паразмаўляць пра персанажаў серыі «Ператрымка». Праз якія прыёмы і асаблівасці вы намагаліся ўвасобіць вобразы амапаўца і жонкі амапаўца?

Андрэй: Няма нейкага скрытага рычажка. Мне здаецца, з гэтымі персанажамі ўсё ляжыць на паверхні. Яны хоць і абсурдныя, але настолькі рэальныя, што выдумляць нічога не трэба. Яны такія… нейкія не такія.

Валянціна: Яшчэ на пачатку пратэстаў, калі былі масавыя затрыманні і збіццё людзей, я думала: гэтыя амапаўцы потым ідуць дадому, у іх ёсць жонкі, дзеці, жонка гатуе вячэру, яны пра нешта размаўляюць. А як яны з гэтым жывуць і як тая жонка ды маці да ўсяго ставіцца? Мне, калі шчыра, ніколі не было цікава зразумець іх па-чалавечы, гэта немагчыма зразумець, але Андрэй з Міхасём [Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй] падарылі мне магчымасць зведаць, датыкнуцца да гэтай дзіўнай жанчыны па-акторску. Я пра яе думала, і мне здаецца, у яе парушаныя прычынна-выніковыя сувязі. Калі ў ейную кватэру прыходзіць, як яна думае, зло, у гэтым вінаваты муж, а калі растуць цэны ў краме – у гэтым вінаватыя прадавачка і дырэктар крамы. Яна жыве ў маленькім свеце сваёй кватэры з мужам і дзецьмі, і ўсё – шоры, больш нічога няма. Думаю, у гэтай жанчыны дзве альбо тры думкі ў галаве, мне хацелася, каб гэта было бачна.

Актор Андрэй Новік у ролі амапаўца падчас здымачнага працэсу навелы «Ператрымка» серыялу рэжысёра Андрэя Кашперскага «Працэсы». Варшава, Польшча. 12 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Андрэй: Магчыма, як ты, Валя, кажаш, у іх парушаная сістэма каардынатаў, але мне здаецца, там яна проста іншая. Прычынна-выніковыя сувязі ёсць, але яны па-іншаму працуюць, паводле нейкай сваёй праўды, дзе «всё понятно» і проста.

Валянціна: Там уводных звестак менш, іх там дзве.

Андрэй: Ёсць пункт А і пункт Б – і ўсё.

Валянціна: Прынамсі так гэта выглядае для нязгодных з гвалтам, хаця я не веру, што ўсе гэтыя людзі такія.

– Дарэчы, адзін з сродкаў увасобіць гэтых персанажаў – мова…

Андрэй: У гэтым сэнсе хлопцы [Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй] прарабілі цудоўную працу, пакрокава выбудавалі персанажаў. Што яны могуць сказаць і чаму менавіта так. У нашых герояў, згодна з іхнаю сістэмаю каардынатаў, усяму ёсць тлумачэнне. «Да потому что издревле».

Акторка Валянціна Гарцуева ў ролі жонкі амапаўца падчас здымачнага працэсу навелы «Ператрымка» серыялу рэжысёра Андрэя Кашперскага «Працэсы». Варшава, Польшча. 12 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Валянціна: Бо яна глядзіць перадачы «РЕН ТВ», гуляе ў нейкія шарыкі ў тэлефоне і больш нічым не займаецца, не думаю, што там ёсць кнігі і добрыя фільмы. Вось у яе запас словаў з «РЕН ТВ», а яшчэ, напэўна, нейкі запас, што датычыць матаў, прыносіць ён.

– Як думаеце: вашыя персанажы кахаюць адно аднаго, любяць сваіх дзяцей?

Валянціна: Так, яны ж людзі, напэўна, але там усё прасцей, гэта больш інстынктыўныя рэчы. Вось у іх «ячейка общества», вось яны павінны, усё больш неяк квадратна. Што для яе каханне да мужа – прынёс ён грошы дадому ці не прынёс, вывучыў матэматыку з сынам ці не вывучыў. Усё на гэтым і сканчаецца, думаю.

Андрэй: Так, там захоўваюцца ўсе паняткі, але ў іншай форме, прасцейшай ці больш вуглаватай. У іх іншыя каштоўнасці, іншы погляд на жыццё, свая праўда, і гэта адлюстроўваецца на ўзаемінах з сям’ёю, з дзецьмі.

– Вы вагаліся, атрымаўшы запрашэнні на гэтыя ролі? Усё гэта датычыць і вас асабіста… Ці ўзніклі перашкоды праз вашыя ўласныя траўмы?

Андрэй: Ну, хтосьці ж павінен гэта рабіць, гэта наш абавязак, роля ў цяперашнім часе, каб у розныя спосабы даносіць: маўляў, глядзіце, у нас такія абставіны. Калі ўсе акторы скажуць, што граюць толькі добрых персанажаў, будзе дамок Барбі. Маё чалавечае стаўленне не павінна замінаць таму, каб прафесійна выконваць працу. Так, у гэтым выпадку праз абсурд, але ён мяжуе з рэальнасцю: вось глядзіце, гэта смешна ад таго, што так страшна, і страшна ад таго, што так смешна. Таму ваганняў у мяне не было.

Валянціна: У мяне таксама не было, я добра ведаю Андрэя і Міхася, ёсць давер. Калі яны даслалі сцэнар, я зразумела, што гэта пра будучыню краіны, у якой не да законаў, пра тое, што дна няма і, можа быць, мы яго ніколі не ўбачым. Мне здаецца, калі кіно бярэ правілы гульні, якія прапануе рэжым, і фантазіюе далей, гэта добры спосаб праз трагікамічную кінапрызму прааналізаваць страшныя падзеі. Нават тыя, якія датычаць асабіста мяне, нас, усіх, хто з’ехаў. Мы займаемся нашаю прафесіяй. І тое, што ў нашых сілах, мусім рабіць.

Акторы Валянціна Гарцуева і Андрэй Новік (пасярэдзіне) падчас здымачнага працэсу навелы «Ператрымка» серыялу рэжысёра Андрэя Кашперскага «Працэсы». Варшава, Польшча. 13 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

– Існуе меркаванне, у тым ліку датычна гэтай серыі, маўляў, яшчэ не час смяяцца з нашай траўмы. Як бы вы адказалі на гэты тэзіс?

Андрэй: А для чаго час – глядзець расейскія фільмы і серыялы ды здымацца ў іх? Мы працуем у розных жанрах – сур’ёзных і камедыйных, прыхаваных і адкрытых, спрабуем даносіць думку ў розных іпастасях.

Валянціна: Гэта ж не такая прышпільная камедыя, ад якой усе ў зале рагочуць. Я глядзела ў кінатэатры – спачатку было смешна, а потым фільм працуе, як павінен працаваць: робіцца страшна. Мы не жартуем з тэмы, не высмейваем яе, не здзекуемся з яе. Я магу пагадзіцца: для кагосьці, можа быць, і не час, не ведаю, як бы я рэагавала, калі б не брала ўдзелу ў праекце. Але я б хацела, каб людзі былі прасцейшыя: калі ты адчуваеш, што табе баліць, можна ж не глядзець, гэта ж не лезе ў твой дом.

– Да таго ж героі – амапавец і жонка амапаўца – у нейкім сэнсе самыя робяцца ахвярамі сістэмы…

Валянціна: Так, ахвярамі, але іх не шкада.

– У кінакам’юніці неадназначна адрэагавалі на тое, што галоўную ролю ў адной з серыяў грае Яна Траянава, бо гэта працягвае нашую ганебную традыцыю запрашаць на галоўныя ролі перадусім расейскіх актораў. Што вы думаеце пра гэта?

Андрэй: Я давяраю хлопцам. Калі так сталася магчыма, толькі так і было трэба.

Рэжысёр серыялу Андрэй Кашперскі (пасярэдзіне) дапамагае акторам ужыцца ў ролю падчас здымкаў серыялу «Працэсы». Варшава, Польшча. 12 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Валянціна: Гэта аўтарскі праект, яны ў ім гаспадары, мы можам мець свае меркаванні, але гэта два чалавекі, якія пішуць сцэнары ды абіраюць актораў. Значыць яны ўбачылі ў гэтым сэнс. І трэба паглядзець. Мы ж не бачылі той серыі, а пра саму сітуацыю я лепш прамаўчу.

– Цэлы серыял, у тым ліку серыя з вашым удзелам, здымаўся ў Польшчы. Як вы пачуваліся на здымачнай пляцоўцы, што гэта быў за працэс? Можа, былі нейкія кур’ёзныя сітуацыі?

Андрэй: Нашая серыя стваралася з кайфам, гумарам, без аніякай напружанасці, было адно задавальненне працаваць з гэтаю камандай. Я кажу менавіта пра творчы працэс, ужо як хлопцы шукалі лакацыі – гэта тэхнічныя пытанні, але не думаю, што было вялікаю складанасцю знайсці будынкі, падобныя да менскіх.

Валянціна: Было весела, але і складана, бо мала часу. Я памятаю, што было лета, вельмі горача і два задушаныя дні ў гэтай кватэры.

Андрэй: Калі ты за некалькі дзён можаш стварыць, зняць, зрабіць, для мяне гэта паказнік таго, што аўтары ведаюць, што робяць і чаго хочуць. Мне здаецца, хлопцам усё было зразумела, мы праводзілі рэпетыцыі, размаўлялі, каб вызначыць, ці мы на адной хвалі, і вельмі хуценька «ўляцелі».

Акторы Валянціна Гарцуева і Андрэй Новік (пасярэдзіне) падчас здымачнага працэсу навелы «Ператрымка» фільму рэжысёра Андрэя Кашперскага «Працэсы». Варшава, Польшча. 13 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Валянціна: За дзень да здымак я вымушаная была зрабіць зялёныя пазногці, хлопцы рыхтаваліся, але нават тэлефанавалі мне і каментавалі, якое яшчэ сэрцайка ці блёстку куды дадаць. Усё было прадумана да гэткіх дэталяў, яны былі цалкам паглыбленыя ў працэс і ведалі нават, якія пазногці ім патрэбныя.

– Якімі былі вашыя ўражанні, калі вы пабачылі серыю «Ператрымка»?

Андрэй: Клёва, смешна. Значыць, трэба працаваць далей. У мяне было адчуванне няскончанай гісторыі, то бок што яе трэба развіваць. Мне спадабалася, што гісторыя расказваецца не з сур’ёзным тварам. Камусьці такі жанр не спадабаецца, а камусьці, наадварот, дасць глебу, каб падумаць і залезці ў «Вікіпедыю».

Валянціна: У творчасці ж няма правільнага ці няправільнага, ніхто не скажа, як мусіць быць і як не мусіць. Для мяне як для акторкі гэта было цікава, бо я ўсё жыццё здымалася ў расейскіх меладрамах, а ў такім жанры працавала, магчыма, толькі ў тэатры. Калі я глядзела, мне падабалася, што гэтая серыя – частка чагосьці большага, што цаглінак павінна быць шмат. Я б хацела, каб серыял працягваўся.

Інтэрв’ю
«Думала, пачаўся канец свету»: аўтары серыялу «Працэсы» пра тое, як яго здымалі ў Варшаве
2023.11.23 09:00

Ірэна Кацяловіч belsat.eu 

Стужка навінаў