У Радзе бяспекі ААН праваліліся дзве рэзалюцыі пра вайну паміж Ізраілем і «Хамасам»


Рада бяспекі ААН не здолела ўхваліць рэзалюцыю пра вайну на Блізкім Усходзе. Спачатку быў адрынуты варыянт ЗША, а потым – дакумент, прапанаваны Расеяй і Кітаем, піша «The Associated Press».

Паседжанне Рады бяспекі ААН. 18 кастрычніка 2023 года.
Фота: Xie E / Xinhua News Agency / Forum

Рэзалюцыя, падрыхтаваная Злучанымі Штатамі, адзначала права Ізраілю на самаабарону і неабходнасць паважаць міжнародныя законы, асабліва абарону цывільных асобаў, а таксама заклікала да гуманітарных паўзаў для перадачы дапамогі ў сектар Газа.

Дакумент набраў неабходную колькасць галасоў у Радзе бяспекі ААН, аднак сталыя чальцы Расея і Кітай наклалі вета.

Расейскі варыянт, падтрыманы Кітаем, заклікаў да неадкладнага гуманітарнага спынення агню, асуджаў напады «Хамасу» на Ізраіль, а таксама «невыбіральныя атакі» на мірных жыхароў і цывільныя аб’екты ў сектары Газа. Гэтую рэзалюцыю падтрымалі 4 краіны, і гэтага не хапіла для ўхвалення.

Ізраіль выступаў супраць абодвух дакументаў, бо, на думку габрэйскай дзяржавы, баевікі скарыстаюцца спыненнем агню.

Пасля правалу розных прапановаў амбасадар Мальты ў ААН Ванэса Фрэйзьер запэўніла, што Рада бяспекі працягне працу над рэзалюцыяй, якая б задаволіла бальшыню.

«Мы маем абавязак дзеяць. Нельга марнаваць час», – заявіла дыпламатка.

Hавiны
Амбасадар Ізраілю ў ААН заклікаў кіраўніка гэтай арганізацыі сысці ў адстаўку
2023.10.24 21:26

Тым часам Сусветная арганізацыя здароўя заявіла пра сур’ёзную занепакоенасць станам закладнікаў, якіх баевікі захапілі падчас нападу. САЗ заклікаў «Хамас» неадкладна вызваліць людзей і даць ім медычную дапамогу. Як паведамлялася, тэрарыстычная групоўка ўтрымлівае не менш за 220 асобаў.

Паводле звестак палестынскага боку, у Газе ў выніку бамбаванняў загінулі 6546 асобаў, пацярпелі 17 439. У Ізраілі – больш за 1400 ахвяраў, параненых – 5000.

Пры гэтым прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што сумняваецца ў лічбах, якія распаўсюджвае «Хамас».

«Не ведаю, ці гавораць палестынцы праўду пра тое, колькі чалавек было забіта. Не сумняваюся, што сярод загінулых ёсць нявінныя людзі, але такая цана развязвання вайны», – сказаў Байдэн.

Аналітыка
Як можа выглядаць перамога Ізраілю над «Хамасам» і што далей будзе з сектарам Газа?
2023.10.23 08:29

СК belsat.eu

Стужка навінаў