«Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ – пад ГПУ»


Ноч расстраляных паэтаў сёлета адбудзецца па ўсім свеце: беларусы Лондану, ЗША, Канады, Італіі, Нямеччыны, Чэхіі, Польшчы, Літвы, Эстоніі, Украіны, Грузіі далучыліся да гэтай падзеі і зладзяць імпрэзы рознага кшталту для ўшанавання памяці расстралянай эліты Беларусі падчас сталінскіх рэпрэсіяў. Паэт, перакладнік Андрэй Хадановіч, які бярэ ўдзел у гэтых захадах з 2017 года, у жывым эфіры «Белсат» згадвае, як падзею адзначалі ў нашай краіне ў мінулым, а таксама падкрэслівае важнасць гэтай даты сёння і заклікае несці з сабою гэтую памяць па ўсім свеце.

Цалкам размову глядзіце тут:

«У супольным праекце яна [Ноч расстраляных паэтаў] спачатку называлася “(Не)расстраляная паэзія”, а потым – “(Не)расстраляныя”, калі мы чыталі лекцыі пра рэпрэсаваных творцаў, калі музыкі стваралі песні на вершы расстраляных паэтаў, калі ў рэшце рэшт выйшаў альбом… Прыкладна з 2017-га я пачаў штогод бываць у Курапатах, 29-га мяне нязменна ўзрушвалі званы, свечкі, імёны, якія ўрачыста чыталіся, і, канечне, вершы рэпрэсаваных творцаў: цягам адной ночы больш за 120 інтэлектуалаў, больш за 2 дзясяткі вельмі моцных паэтаў», – адзначае Андрэй Хадановіч.

Паэт упэўнены, што тыя творы актуальныя сёння, як ніколі, бо акурат сёння вельмі бачная пераемнасць гэтай улады, варожай культуры, варожай усяму беларускаму. І сённяшнія каты, паводле Хадановіча, якія здзекуюцца з беларусаў у XXI стагоддзі, пачуваюцца гаспадарамі ў краіне, маральнымі нашчадкамі і правапераемнікамі тых, хто страляў у патыліцу нашым інтэлектуалам у 1937-ым.

«Безумоўна, як ніколі, гэта балюча і актуальна. Таму вельмі важна паўсюль, дзе мы ёсць у свеце, паўсюль, дзе беларусы нясуць сваю Беларусь з сабою, гэтыя сумныя ўгодкі ўшаноўваць чытаннем паэзіі».

Таксама паэт заклікае не зводзіць працы рэпрэсаваных творцаў выключна да змрочных, рэпрэсіўных тэмаў і матываў, бо гэта былі маладыя людзі, якія найперш паверылі ў ілюзію Савецкай Беларусі ў 1920-х гадах, якія бралі ўдзел у культурніцкай тусоўцы, якія любілі, кахалі і жылі напоўніцу:

«Мы пачынаем вяртаць памяць пра вырваныя старонкі нашай гісторыі і нашай культуры. Мы толькі пачынаем як бы думаць аб працэсе імперскай каланізацыі і нашым супрацьстаянні яму сістэмна», – падсумоўвае Андрэй Хадановіч свае тлумачэнні, чаму гэтая ноч такая важная для беларусаў.

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў