Вярхоўны Суд пакінуў без зменаў прысуд Анджэю Пачобуту


26 траўня ў Вярхоўным Судзе разгледзелі апеляцыйную скаргу палітвязня Анджэя Пачобута. Ранейшы прысуд пакінулі без зменаў, паведамляе прэсавая служба суда.

Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Вярхоўны Суд паведамляе, што апеляцыйным вызначэннем судовай калегіі крымінальных справаў прысуд Гарадзенскага абласнога суда ад 8 лютага 2023 года ў дачыненні Анджэя Пачобута пакінулі без змены, а апеляцыйныя скаргі – без задавальнення.

Журналіста і актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута асудзілі 8 лютага на 8 гадоў калоніі. Прысуд агучыў суддзя Гарадзенскага суда Дзмітрый Бубенчык. Сам суд быў закрытым – гэтага запатрабаваў пракурор.

У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што ў медыях Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Яму таксама інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў выданні «Gazeta Wyborcza» пра беларускія пратэсты ў 2020-м.

16 студзеня 2023 года, калі пачаўся суд, МЗС Польшчы распаўсюдзіла заяву, у якой абвінавачанні супраць Пачобута названыя непраўдзівымі ды палітычна матываванымі. У ведамстве адзначылі, што гэты працэс – «чарговы прыклад інструментальнага выкарыстання сістэмы правасуддзя насуперак усім дэмакратычным стандартам, а таксама адзін з элементаў антыпольскай кампаніі».

Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў Горадні пасля ператрусу ў ягоным доме. З таго часу журналіст пабываў у СІЗА Менску, Жодзіна і Горадні. Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, яго змяшчалі ў карцар. Таксама яму фактычна блакуюць перапіску, асабліва на польскай мове.

Меркаванні
Борыс. Пачобут. І іншыя героі нашага часу
2023.04.16 10:00

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў