«Паэзія – гэта пра волю». У Кракаве беларусы зладзілі першыя паэтычныя чытанні


25 сакавіка ў кракаўскім бары «Чыкага» мясцовыя беларусы зладзілі паэтычныя чытанні. Карэспандэнтка «Белсату» пагутарыла з арганізатарамі і адным з пераможцаў.

Паэтычныя чытанні ў Кракаве, 25 сакавіка 2023 г.
Фота: Белсат

Бар «Чыкага» упрыгожаны чырвона-белымі стужкамі і балонікамі, а таксама віншавальнымі паштоўкамі. Усё гатова да канцэрту і паэтычнага вечару да Дня Волі. Вечар пачынаецца з выступу этна-гурту, пасля якога чакаюцца паэтычныя чытанні. Першыя ў Кракаве.

«Паэзія – гэта пра волю, а воля – гэта не толькі пра свабоду, але і пра тое, што мы называем сілай волі, пра здольнасць праяўляцца, пра здольнасць быць, пра здольнасць адкрывацца іншым людзям, дзяліцца, выказвацца. Я сама пішу вершы і мне цікава не толькі іх пісаць, але і знаходзіць людзей, якія пішуць, натхняць іх, каб яны маглі распавесці, што яны ствараюць. У Кракаве цяпер становіцца ўсё больш і больш беларусаў, таму ёсць верагоднасць, што сярод іх знойдуцца тыя, хто піша і праяўляе сябе такім чынам. Не хапае тут, канешне, Хадановіча, але ён даслаў паштоўкі з Гданьску, якія цяпер у дарозе, мы абавязкова іх пасля перададзім паэтам», – кажа адна з арганізатарак паэтычнага слэму Кася Іофе, сяброўка беларускага ПЭН-цэнтру.

Удзельнікі, на жаль, не ўсе: некага напалохала нагода, а нехта захварэў. Па словах арганізатаркі, з 15 паэтаў ад удзелу па выніку адмовілася 6 чалавек.

Вечарына падзеленая на часткі: 2 блокі паэтычных чытанняў перамяжоўваюцца з музычнымі выступамі. Пасля кожнага раўнду адбываецца галасаванне. Журы – гледачы, якім загадзя раздалі бланкі для галасавання. У першым блоку канкурсанты чытаюць па адным вершы, у другім – яшчэ па адным.

Аляксандр, адзін з пераможцаў паэтычных чытанняў у Кракаве, 25 сакавіка 2023 г.
Фота: Белсат

Праз хвілін 10 ад пачатку мерапрыемства людзей набіваецца ў памяшканне нашмат болей, чым было запланавана. Людзі спрабуюць прабіцца бліжэй да сцэны, каб пачуць выступоўцаў.

«Я – беларус, які жыве ў Кракаве. І лічу, што гэта мой абавязак і святое права – падтрымліваць сувязі з беларускай дыяспарай. Гэта мой першы Дзень Волі тут. Але ўдзельнічаю я для таго, каб адчуваць сябе беларусам, каб адчуваць, што мая краіна не загінула, што мой народ жыве і я жыву разам з ім. Свой першы верш я напісаў у 2018-ым ці 2019-ым годзе ноччу ў чэрвені. Гэта быў верш пра Тадэвуша Касцюшку. Як у мяне гэта атрымалася – я не ведаю, але ўсім спадабалася. Пасля быў верш, напісаны ўзімку супраць інтэграцыі з Расеяй. А гэты верш – трэці ці чацвёрты. Яго я напісаў у лістападзе 2020-га пад уражаннем ад мірных акцыяў пратэсту ў Беларусі», – распавядае адзін з пераможцаў слэму Аляксандр, студэнт Ягелонскага ўніверсітэту.

Гэты верш уразіў большасць гледачоў. «Быццам вярнуўся ў той перыяд», – кажа адзін з іх.

Паэтычныя чытанні ў Кракаве, 25 сакавіка 2023 г.
Фота: Белсат

Нязвыклы фармат свята ў поўнай меры адгукаецца ў сэрцах прысутных, якім было важна адчуць сябе часткай нечага роднага і блізкага, адчуць сябе беларусам. «Цудоўнае свята атрымалася!» – чуецца на выхадзе з бару. «Сапраўды», – гучыць у адказ.

Рэпартаж
Кракаўскі марш: беларусы ў Польшчы адзначылі 105-годдзе са дня абвяшчэння БНР
2023.03.25 19:13

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў