Завяршаецца гістарычны для беларусаў Берлінскі кінафестываль

Пасля ўчорашняга абвяшчэння пераможцаў на Берлінскім кінафестывалі праходзяць апошнія паказы – і яго 73-я эдыцыя застанецца ў мінулым.

Апроч фільму «Disco Boy» Джакама Абруццэзэ пра беларуса, што збег з краіны і паступіў служыць у Французскі замежны легіён, іншым чынам беларусы ў праграму «Берлінале» не трапілі. Аператарка карціны атрымала за яе «Срэбнага мядзведзя», дарэчы. Але ўсё-ткі мы займелі сваю гісторыю на сёлетнім фестывалі – з вялікай беларускай камандай, сваім стэндам, удзелам міністаркі культуры Нямеччыны, увагай топавых выданняў і крамбамбуляй. Пакуль што гэта самая маштабная і паспяховая прысутнасць беларусаў на «Берлінале» – адным з найбуйнейшых міжнародных кінафестываляў.

У адзін з дзён ці вечароў – мы так шмат сустракаліся і нават жылі адно з адным, што размовы зліліся ў адзін аўдыяспектр, – узяліся падлічыць, колькі беларусаў далучылася да сёлетняга Берлінскага кінафестывалю. Налічылі пад трыццаць чалавек толькі ў нашай тусоўцы, а я прызвычаілася хадзіць паміж кіназаламі фэсту збольшага адна як сыч. Сёлета такое было немажліва: тут сабралася хіба самая вялікая беларуская каманда, якую фэст дагэтуль бачыў, – каля трыццаці «сваіх» людзей, уявіце.

Задачай нумар адзін была прэзентацыя навастворанай Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Яшчэ ў пачатку працы нашай ініцыятыўнай групы, калі мы ўжо мелі падтрыманне Еўрапейскай кінаакадэміі і яе генеральнага дырэктара Матэйса Ваўтэра Кнола, але яшчэ не мелі афіцыйнай рэгістрацыі, мы падумалі, што добрым стартам было б абвесціць пра аб’яднанне на «Берлінале». Да фестывалю заставалася некалькі месяцаў.

Створана Беларуская незалежная кінаакадэмія. Аўтар: Максім Швед

Гэтая ідэя сфармавала і нашыя планы, і графік, і ахвяры, бо хіба кожны з нас шасці час на кінаакадэмію адбіраў у іншай дзейнасці. За кароткі час трэба было паспець скласці стэйтмэнт і статут, зарэгістравацца, знайсці фінансаванне, зрабіць айдэнтыку і сайт, запрасіць у кінаакадэмію сябраў, абвясціць пра сваё стварэнне, арганізаваць імпрэзу ў Берліне.

Лёша Палуян больш часу аддаваў кінаакадэміі, чым уласнаму сцэнару, Дар’я Жук далучалася да рэгулярных размоваў – а іх бывала дзве на дзень – з маленькай дачкой на руках, я пісала менш тэкстаў. Мы ўсе, напэўна, трошкі менш спалі. (Усё гэта кампенсавалася абдымкамі, калі пасля дзясяткаў размоваў у «Зуме» мы нарэшце сустрэліся ў Берліне перад нашым «вялікім днём».)

Потым задачаў прыбавілася, бо захацелася, калі ўжо мы мецім на «Берлінале» і высветлілася, што «European Film Market» выдзяляе беларусам стэнд, уласна пачаць рэалізоўваць тое, дзеля чаго мы ўсе тут у кінаакадэміі сабраліся – рабіць беларускіх аўтараў больш бачнымі на міжнародных пляцоўках і прасоўваць іхныя інтарэсы. І гэта сталася задачай нумар два – разам з кінаакадэміяй прэзентаваць дзесяць беларускіх кінапраектаў у працы.

Усе сябры ініцыятыўнай групы і аўтары прысутнічалі на прэзентацыі асабіста – у галоўным будынку «European Film Market», Марцін-Гропіюс-Баў, і зала была поўная людзей, і ўсё прайшло як па масле, нават ніводзін слайд на экране не заеў. Мікіта Лаўрэцкі смяшыў залю, нямецкая міністарка культуры Кляўдыя Рот прыйшла ў красоўках і цудоўным паліто (і зрабіла файны спіч), а госці не заглядаліся на столь, прынамсі я такога не заўважыла, калі азіралася на прысутных.

Цяпер гэта падаецца вельмі ўдалым стартам, але толькі эпізодам, пачаткам вялікай працы кінаакадэміі, можна толькі спадзявацца, што настолькі ж зладжанай. Адным з самых частых пытанняў пасля абвяшчэння акурат і было пытанне пра планы кінаакадэміі на будучыню. Але вось што: са спічамі Матэйcа Ваўтэра Кнола, дырэктаркі «Берлінале» Марыетэ Рысэнбээк, кіраўніцы «German Films» Зымонэ Баўман зрабілася зразумела, як усё-ткі важна, што мы аб’ядноўваемся.

Беларуская дакументальная стужка «Кураж» рэжысёра Аляксея Палуяна. Крыніца: кадр з карціны Аляксея Палуяна «Кураж»

Асабіста я, калі ўпершыню пачула пра ідэю кінаакадэміі, паставілася да яе скептычна, маўляў, нам жа патрэбныя фонды і гэтак далей, а не кінаакадэмія. Я апошняя далучылася да ініцыятыўнай групы і ўсё яшчэ бурчэла: а што мы зможам зрабіць? У выніку супольна за некалькі месяцаў удалося зрабіць вельмі шмат, штосьці ўсё-ткі ёсць у ідэі салідарнасці і аб’яднання – не толькі маральны арыенцір, але і працоўная схема. Тым больш кіно заўсёды – пра камандную працу.

Да таго ж, па-мойму, нам удалося не толькі зладзіць паспяховую імпрэзу, пра якую напісалі «Variety», «Hollywood Reporter» ды «Screen» (здагадайцеся, колькі пра гэта напісала беларускіх медыяў), а папросту сабраць пару дзясяткаў сваіх людзей на буйным міжнародным кінафестывалі. Раіць адно аднаму фільмы з праграмы ў супольным чаціку, разам хадзіць на фестывальныя вечарыны і расказваць з іх гісторыі, падціскаць вусны пасля фільму Шона Пэна пра вайну ва Украіне. Шмат для каго гэты «Берлінале» быў першым у жыцці, ёсць надзея, што не апошнім.

Пасля прэзентацыі ў нас быў так званы «Happy Hour» на стэндзе, які ад 16 лютага працаваў на другой пляцоўцы «European Film Market» – у гатэлі «Marriott». Са зваранай у Берліне крамбамбуляй і беларускімі цукеркамі, якія захапілі з сабой тыя з тусоўкі, хто прыехаў з Беларусі і дзеля «Берлінале» прастаяў на мяжы дзевяць гадзінаў. Наш другі «вялікі дзень», які паказаў, што крута не толькі ладзіць «працоўныя» імпрэзы, а проста быць побач і сустракаць гасцей.

Пры поглядзе на смяшлівую каманду беларускіх прафесійных стваральнікаў фільмаў на «Берлінале» здаецца, што ўжо толькі дзеля адной гэтай тусоўкі варта было брацца за справу. Дзеля адчування, што мы заадно і разам можам у кароткія тэрміны шмат што парабіць. А ўжо потым дзеля таго, каб пасля прэзентацыі ў супольным чаціку хтосьці напісаў: «Са мной звязаліся прадзюсары HBO». І каб на наступных «Берлінале» адбыліся прэм’еры фільмаў тых аўтараў, якія сёлета прэзентавалі тут свае праекты.

Гэта сапраўды быў вельмі добры старт.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў