Беларуская незалежная кінаакадэмія прымае сябраў. Афіцыйна пра яе абʼявяць на Берлінале


Паўстала Беларуская незалежная кінаакадэмія. Пра яе адкрыццё абвесцяць на Берлінскім міжнародным кінафестывалі 17 лютага, паведамляюць чальцы ініцыятыўнай групы.

Паўстала Беларуская незалежная кінаакадэмія. Лагатып новага творчага аб’яднання. Фота прапанаванае ініцыятыўнаю групаю

1 лютага стала вядома, што кінематаграфісты ствараюць Беларускую незалежную кінаакадэмію, якая будзе прасоўваць інтарэсы незалежных кінатворцаў, у тым ліку на міжнародных пляцоўках. У складзе ініцыятыўнай групы – рэжысёры Дар’я Жук, Аляксей Палуян і Андрэй Куціла, прадзюсарка, рэжысёрка і дырэктарка кінафестывалю «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская, кінаэксперт і фестывальны адборнік Ігар Сукманаў, кінакрытык Ірэна Кацяловіч. Паведамляецца, што кінаакадэмія ўжо прымае сябраў.

Пра стварэнне аб’яднання беларускія незалежныя кінематаграфісты задумаліся пасля пачатку вайны ва Украіне, што вылілася ў калектыўны стэйтмэнт з асуджэннем ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны, які падпісалі больш за 130 беларускіх фільммэйкераў. Хаця на той час кожны падпісант яшчэ дзейнічаў паасобку, але «такая праява салідарнасці кінематаграфічнай супольнасці падштурхнула да стварэння інстытуцыі, якая зможа выступаць ад імя незалежных беларускіх кінааўтараў адным голасам».

«Пасля падпісання ліста нашая салідарнасць стала пашырацца, і мы падумалі, што ў нас павінна быць кінаакадэмія – аб’яднанне прафесійных творцаў, якія разам прымаюць рашэнні і разам стаяць за сябе. Падобныя кінаакадэміі ў Еўропе існуюць не адзін дзясятак гадоў, і дзякуючы ім мы больш ведаем пра кіно іх краінаў. Нашая задача, каб мы лепш ведалі адно аднаго і, разам з тым, каб свет ведаў пра нас», – заявілі сябры ініцыятыўнай групы ў справе стварэння кінаакадэміі.

Чальцы ініцыятыўнай групы адзначаюць, што, ствараючы Беларускую незалежную кінаакадэмію, улічвалі досвед кінаакадэміяў іншых еўрапейскіх краінаў. Сваё падтрыманне беларускім кінематаграфістам ужо выказала Еўрапейскай кінаакадэмія.

«Мы лічым стварэнне Беларускай незалежнай кінаакадэміі вельмі своечасовым і неабходным. Еўрапейская кінаакадэмія імкнецца спрыяць далейшай інтэграцыі незалежнага беларускага кіно ў агульнаеўрапейскую кінасупольнасць. Нашым беларускім сябрам патрэбнае нашае падтрыманне ў Еўропе: мы дапаможам наладзіць кантакты з еўрапейскімі інстытутамі, кінафондамі і кінарынкамі. Неўзабаве мы прывітаем Беларускую незалежную кінаакадэмію ў якасці новага сябры Асацыяцыі еўрапейскіх кінаакадэміяў», – заявіў генеральны дырэктар і дырэктар Еўрапейскай кінаакадэміі МАтэйс ВАўтэр Кнол (Matthijs Wouter Knol).

Чакаецца, што новае аб’яднанне будзе спрыяць таму, каб голасам беларускай кінасупольнасці былі менавіта незалежныя кінематаграфісты, як тое і запісана ў статуце каманды. Новая акадэмія будзе альтэрнатывай кінааб’яднанням ад афіцыйнага боку і мэтанакіравана зоймецца лабіяваннем беларускага незалежнага кінематографу, пашыраючы яго магчымасці і абараняючы свабоду ад цэнзуры ды дзяржаўнага ціску.

Паводле інфармацыі арганізатараў, Беларускую незалежную кінаакадэмію афіцыйна прэзентуюць 17 лютага на Еўрапейскім фільммаркеце ў межах Берлінскага міжнароднага кінафестывалю – у «Producers & Projects Hub» на галоўнай пляцоўцы «EFM Martin Gropius Bau».

Там жа прэзентуюць і 10 беларускіх кінапраектаў, якія зараз шукаюць партнёраў. Стэнд Беларускай незалежнай кінаакадэміі будзе працаваць на Еўрапейскім фільммаркеце.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў