Расейцы «абудзілі» Чарнобыль: хто цяпер адказны за бяспеку ЧАЭС


24 лютага расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС. Пасля гэтага ў зоне адчужэння быў зафіксаваны рост магутнасці дозы гама выпраменьвання. Так, некаторыя датчыкі на пляцоўцы станцыі паказалі рост больш чым у 30 раз. Высокія паказчыкі трымаліся і на вечар 25-га.

Скрыншот: saveecobot.com

Украінская інспекцыя ядравага рэгулявання пацвярджае, што рост ёсць, і тлумачыць яго пылам з-пад транспарту:

«Рост адбыўся ў выніку руху расейскай вайсковай тэхнікі па забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі. У выніку чаго падымаецца пыл, які і падвышае радыяцыйны ўзровень. Пыл асядзе таксама на тэхніцы і часткова будзе вывезены за тэрыторыю Зоны адчужэння».

То бок нават згодна гэтай версіі, расейская вайсковая тэхніка зараз забруджвае радыенуклідамі тэрыторыі, па якіх перасоўваецца, што небяспечна для мясцовых жыхароў у доўгатэрміновай перспектыве.

Таксама дзаржагенства дадае, што пыл застанецца ў лёгкіх і на слізістай вайскоўцаў, адкуль змыць яе немагчыма. Стан ядравых установак ды іншых аб’ектаў ЧАЭС – без зменаў.

Аднак ці сапраўды ўсё пад кантролем і хто зараз наогул адказвае за бяспеку на станцыі? Пра гэта мы запыталі расейскага эколага, фізіка-ядравіка Андрэя Ажароўскага, які адзначае – хутчэй за ўсё на ЧАЭС адбылася ўцечка радыенуклідаў.

Што здарылася

На ЧАЭС існуе сістэма аўтаматычнага маніторынгу стану навакольнага асяроддзя, якая незалежна ні ад чаго выкладвае ў інтэрнэт паказчыкі дзясяткаў датчыкаў. Гэта робіцца без удзелу чалавека. Некалькі датчыкаў вечарам 24 лютага, у дзень уварвання расейскіх войскаў на станцыю, паказалі істотны рост. Адзін з датчыкаў, які знаходзіцца найбліжэй да крыніцы, замест звычайнага значэння ў 2 мкЗв/ч (гэта шмат, але гэта Чарнобыль) вечарам 24 лютага паказаў 65 мкЗв/ч – то бок адбыўся рост больш чым у 30 разоў.

Можна было б сказаць, што датчык пашкодзіўся, аднак кратны рост выпраменьвання паказалі і іншыя датчыкі. На думку эксперта, гэта нельга ігнараваць.

«ЧАЭС сама па сабе ўяўляе радыяцыйна небяспечны аб’ект. Акрамя саркафага (Канфайнмента) на ЧАЭС ёсць рэактары 1,2 і 3 блокаў, якія выводзяцца з эксплуатацыі і ўтрымліваюць радыеактыўныя рэчывы, сховішчы радыеактыўных адходаў і адпрацаванага ядравага паліва. Гэта вялікі комплекс будынкаў, аб’ектаў, якія прадстаўляюць радыеактыўную небяспеку», – кажа Андрэй Ажароўскі.

Пра што могуць казаць скачкі паказчыкаў на датчыках? Найгоршы сцэнар: гэта калі на адным з гэтых аб’ектаў пачалася ўцечка радыёнуклеідаў у навакольнае асяроддзе.

«Небяспека цяпер не толькі ў канкрэтнай кропцы – Чарнобылі. Небяспека ў тым, што радыёнуклеіды, якія раней былі пахаваныя ў збудаваннях станцыі, паступаюць у навакольнае асяроддзе, гэта небяспечна для здароўя людзей. То бок працягваецца тое, што пачалося ў красавіку 1986 года. Уцечкі могуць працягвацца і ўзмацняцца», – адзначае эксперт.

Паводле яго, уцечка магла адбыцца з-за пашкоджання будынку ў выніку баявых дзеянняў у гэтым месцы. Другая версія: супрацоўнікі ЧАЭС маглі па тых ці іншых прычынах спыніць абслугоўванне стрымліваючых радыяцыю збудаванняў, пасля чаго штосьці магло проста зламацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Bryan Smith / Zuma Press / Forum

«Мы зараз бачым пэўную разгубленасць украінскага боку. Дзяржаўнае ведамства робіць заявы, якія на сённяшні дзень рабіць не можа. Там гаворыцца пра тое, што ўсе будынкі і аб’екты не пашкоджаныя. Адкуль яны гэта могуць ведаць, калі яны не кантралююць станцыю? Зараз ЧАЭС пад кантролем расейскіх войскаў, і я не ўпэўнены, што сярод іх ёсць спецыялісты, якія маглі б правяраць гэтыя паказчыкі», – кажа Андрэй Ажароўскі.

Хто адказны за бяспеку на ЧАЭС

Мы паспрабавалі патэлефанаваць на станцыю і ў дзяржаўнае ведамства Украіны, каб даведацца, адкуль у іх інфармацыя пра непашкоджаныя аб’екты. Аднак ні па адным нумары нам не адказалі.

Ідзем на сайт МАГАТЭ. Там знаходзім афіцыйную заяву адносна сітуацыі на ЧАЭС. У ёй гаворыцца пра тое, што ўкраінскі бок паведаміў пра адсутнасць падставаў для хвалявання. Мы патэлефанавалі ў МАГАТЭ з пытаннем, ці Украіна цяпер нясе адказнасць за бяспеку, калі ЧАЭС захапілі расейцы? Аднак адказу таксама не атрымалі.

З расейскага боку ніякіх заяваў адносна сітуацыі няма. Прэс-служба «Росатаму» маўчыць, хаця да іх у нас таксама ёсць пытанні.

«Адказнасць за бяспеку чарнобыльскай АЭС нясе той, хто кантралюе аб’ект. У нашым выпадку Расея. Украіна не можа зараз накіраваць туды сваіх прадстаўнікоў, інспектараў. І, наколькі я разумею, ніхто не ведае, хто пасля ўводу расейскіх войскаў займаецца падтрыманнем інфраструктуры ЧАЭС», – кажа Андрэй Ажароўскі.

Ёсць інфармацыя, што 25 лютага на станцыю не прыбыла новая змена персаналу. Лёс тых, хто знаходзіўся на станцыі падчас уварвання расейцаў, невядомы: экс-намеснік кіраўніка СБУ Віктар Ягун у каментары «Белсату» распавёў пра тое, што персанал станцыі знаходзіўся ў закладніках. Але гэтыя людзі не могуць працаваць суткамі, і калі не адбудзецца ратацыя, цяжка прагназаваць, чым гэта можа скончыцца.

«Ці ёсць з расейскімі войскамі спецыялісты, якія могуць узяць кіраванне станцыяй на сябе? Ці раіліся расейскія вайскоўцы пры планаванні аперацыі з экспертамі з «Росатаму», што і як трэба рабіць? Пытанні пакуль без адказаў», – адзначае эксперт.

Ёсць пэўныя правілы і метады вядзення баявых дзеянняў. Напрыклад, не абстрэльваць шпіталі, не забіваць мірнае насельніцтва і г.д. Тут жа мы, бадай, у другі раз у гісторыі чалавецтва сутыкнуліся з сітуацыяй, калі паўнамаштабныя ваенныя дзеянні вядуцца ў краіне з развітай ядравай інфраструктурай. У такой сітуацыі ўсе камандзіры ўзводаў мусяць дакладна ведаць, дзе знаходзяцца сховішчы радыеактыўных адходаў, атамныя станцыі, каб не справакаваць катастрофу. Аднак пакуль інфармацыя трывожная. Ёсць звесткі ад жыхаркі Южнаукраінску, гораду-спадарожніку Южнаўкраінскай атамнай станцыі, аб тым, што ў іх ваколіцах былі чутны выбухі і, магчыма, у гэтым раёне вядуцца баі. Узгадаем таксама Ровеньскую, Хмельніцкую, Запарожскую атамныя станцыі. Працоўныя атамныя станцыі яшчэ больш небяспечныя, чым закансерваваная чарнобыльская.

Данецк, Украіна. 26 лютага 2022 года.
Фота: Alexander Ryumin / TASS / Forum

«Разбурэнне ядравых аб’ектаў небяспечна для ўсіх і нясе доўгатэрміновыя наступствы. Трэба ўважліва сачыць, што адбываецца вакол украінскіх атамных станцыяў. Вайна – гэта зло, якімі б мэтамі яна не апраўдвалася. Маральна вельмі цяжка – жыць у краіне-агрэсары. Я адчуваю сябе вінаватым перад усімі жыхарамі Украіны, тое, што адбываецца – жахліва», – падкрэсліў Андрэй Ажароўскі.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў