У Маладзечне вада ў ліўнеўневай канаве стала бардовага колеру


У Маладзечне знайшлі бардовую ваду, яе зліло ў ліўневую канаву нейкае гарадское прадпрыемства. Але ж шкоды навакольнаму асяроддзю няма – чыноўнікі так кажуць.

Крыніца: molodechno/Telegram

Сёння, 26 студзеня, мясцовыя паблікі сталі публікаваць фота незвычайнай з’явы – ліўневая канава, запоўненая вадой бардовага колеру. Канава знаходзіцца на вуліцы Віленскай, пад пуцеправодам. Вада адтуль сцякае ў раку Ушу.

Мясцовыя журналісты папрасілі каментар камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Там сказалі, што адно з прадпрыемстваў Маладзечна эканоміць на ўстаноўцы ачышчальных збудаванняў, а ўвечары злівае адходы ў навакольнае асяроддзе. Чыноўнікі ўжо ведаюць, што гэта за прадпрыемства.

Пры гэтым запэўніваюць, што пагрозы людзям і наваколлю няма: «Сёння раніцай правялі даследаванне гэтай вады ў лабараторыі. Пагрозы прыродзе і людзям няма… Але нават пакет мукі кінь у ваду – і яна паўгадзіны будзе белай. Кінь марганцоўку – на нейкі час афарбуецца ў фіялетавы колер. Мы ўвесь час будуем лакальныя ачышчальныя збудаванні, каб вада ў нас у Маладзечанскім раёне заставалася чыстай, а тут такое адбываецца».

Крыніца: molodechno/Telegram

Мы запыталіся ў беларускага эколага, з чым можа быць звязаны такі колер вады:

«Зразумела, што без дадзеных з лабараторыі казаць дакладна пра прычыны нельга. Гэта могуць быць воды са сточнага калектару – і тады гэта вялікая праблема. Ці гэта можа быць аксід жалеза. Часцей за ўсё ўзімку вада прымае такі чырвоны колер менавіта з-за таго, што ў яе трапляе аксід жалеза ці падымаецца гліністая звесь з высокай канцэнтрацыяй жалеза. Тады гэта не так небяспечна».

Падобны колер вады бачылі ў верасні ў Крывым Розе ў рацэ Інгулец. Тады ў раку трапіў менавіта аксід жалеза.

З 1 сакавіка ў Беларусі пачнуць дзейнічаць новыя правілы эксплуатацыі сцёкавых вод. У дакуменце вызначаныя асноўныя патрабаванні да ачышчэння вод, распісана, якімі каагулянтамі можна карыстацца, якія рэчывы спрыяюць хімічнай ачыстцы сцёкавых вод. Новыя правілы забараняюць скід сцёкавых вод у навакольнае асяроддзе з парушэннем дадзеных нормаў. Але якая адказнасць прадугледжана за парушэнне гэтых правілаў – дакумент не паведамляе.

Алена Дубовік belsat.eu

Стужка навінаў