«Будзе пакрысе вучыцца». IT-адмысловец заклікаў размаўляць з нейрасеткамі на беларускай мове


Кампанія «OpenAI» абнавіла мабільную праграму «ChatGPT», дзякуючы чаму карыстальнікі атрымалі магчымасць размаўляць са штучным інтэлектам. Сярод перадусталяваных моваў беларускай няма, але IT-прадпрымальнік Яраслаў Ліхачэўскі ў каментары «Белсату» запэўніў: беларусы могуць навучыць нейрасетку самастойна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Shantanu Kumar / Pexels

«ChatGPT» афіцыйна падтрымоўвае гаворку на 37 мовах, і беларускай у пераліку няма. У размове з «Белсатам» IT-адмысловец, распрацоўнік прадуктаў штучнага інтэлекту Яраслаў Ліхачэўскі адзначыў, што беларусы могуць самастойна навучыць нейрасетку роднай мове. Ён параўнаў «ChatGPT» з навучаннем студэнта філфаку:

«Уявіце сабе студэнта, які на філфаку вучыў 37 розных моваў, акрамя беларускай. Ён чытаў кнігі на гэтых мовах, фільмы глядзеў, слухаў радыё. Можна сабе ўявіць, што чалавек, які добра валодае 37 мовамі, можа на слых ці тэкстава ўспрыняць нейкую мову, якая яму не вядомая».

Hавiны
Ці размаўляюць нейрасеткі па-беларуску? Зладзілі спаборніцтва між «ChatGPT», «ChatSonic», «Bard» і «Bing»
2023.04.15 11:25

Даць рады з беларускай моваю нейрасетцы дапаможа веданне расейскай, украінскай і польскай.

«У «ChatGPT» не было датасэтаў, якія б навучаліся на беларускай мове, але праз тое, што ён ведае іншыя мовы, ён можа распазнаваць беларускую і, калі з ім узаемадзейнічаць на беларускай мове, ён будзе пакрысе вучыцца беларускай мове ад карыстальнікаў, якія з ім узаемадзейнічаюць», – патлумачыў суразмоўца «Белсату».

Ён упэўнены, што моўную мадэль можна паляпшаць, калі «даваць ёй больш дадзеных на беларускай мове».

«Натуральным чынам моваю з найлепшымі вынікамі будзе тая мова, якой больш за ўсё карыстаюцца, то бок нам не выпадае спадзявацца на тое, што беларуская стане гэтак жа папулярнай, як і англійская, і на беларускай будзе столькі ж дадзеных для навучання нейрасетак, як і на англійскай. Але можна паляпшаць выдачу мадэллю на беларускай мове, калі даваць ёй больш дадзеных на беларускай мове і больш стасавацца з ёй на беларускай», – падсумаваў Яраслаў Ліхачэўскі.

Гісторыі
Папрасілі нейрасетку напісаць прамову за Лукашэнку. Яна адмовілася, але прапанавала нешта цікавейшае
2023.03.31 20:10

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў