Эрдаган назваў тэракты «Хамасу» вызваленчай барацьбой


Прэзідэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган у выступе перад сваёй партыяй 25 кастрычніка заявіў, што «Хамас» – не тэрарыстычная арганізацыя, піша «Reuters». 

Рэджэп Эрдаган выступае перад сваёй партыяй
Рэджэп Эрдаган выступае перад сваёй партыяй «Adalet ve Kalkınma». Анкара, Турэччына. 25 кастрычніка 2023 года.
Фота: Tccb.gov.tr

Рэджэп Эрдаган заявіў, што «Хамас» – не тэрарыстычная арганізацыя, а вызваленчая група – маджахеды, якія абараняюць палестынскія землі і народ. Ён таксама заклікаў да неадкладнага спынення агню паміж ізраільскімі і палестынскімі сіламі ды сказаў, што мусульманскія краіны павінны дзейнічаць разам, каб забяспечыць трывалы мір у рэгіёне. Падтрыманне Захадам Ізраілю ён назваў «слёзамі махлярства». Таксама Эрдаган скасаваў запланаваны візіт у Ізраіль.

Падобную заяву Эрдаган рабіў яшчэ ў 2011 годзе: казаў, што «Хамас» – гэта палітычная партыя і рух супраціву ў краіне пад акупацыяй.

«Хамас» прызнаюць тэрарыстычнай арганізацыяй Еўразвяз і Злучаныя Штаты, Аўстралія, Злучанае Каралеўства, Канада, Японія, а таксама Ізраіль, на які нацэленыя тэракты. Шэраг краінаў лічыць тэрарыстычным толькі вайсковае крыло «Хамасу». Саудаўская Аравія лічыць тэрарыстычнай арганізацыяй «Мусульманская братэрства», з якога вырас «Хамас». Але астатнія арабскія краіны, Беларусь, Расея, а таксама Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў не лічыць «Хамас» тэрарыстамі.

Тэрарысты «Хамасу» і «Ісламскага джыхаду» 7 кастрычніка зладзілі масаваны абстрэл Ізраілю, уварваліся ў ізраільскія паселішчы, забілі не менш за 1400 чалавек (пераважна – мірнае насельніцтва) і захапілі ў закладнікі звыш 200 чалавек. Ізраіль адказаў на гэта абстрэламі сектару Газа, рыхтуе наземную аперацыю. Ад абстрэлаў пацярпелі ў тым ліку мірныя жыхары Газы: тэрарысты запускалі ракеты і ладзілі базы ў густой гарадской забудове. Паводле арабскіх крыніцаў, загінулі звыш 5000 жыхароў Газы.

Раней Турэччына асудзіла смерць мірных жыхароў у выніку атакі на Ізраіль ды заклікала ўрады Ізраілю рэагаваць стрымана. А затым моцна асудзіла абстрэлы Газы Ізраілем.

Hавiны
Амбасадар Ізраілю ў ААН заклікаў кіраўніка гэтай арганізацыі сысці ў адстаўку
2023.10.24 21:26

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў