Анатоль Лябедзька мабілізуе Захад супраць Аляксандра Лукашэнкі


«Раней нас шкадавалі, а цяпер – паважаюць», – гаворыць Анатоль Лябедзька. Ён вышуквае на Захадзе дэпутатаў парламентаў, палітыкаў, якім неабыякавы крызіс у Беларусі. У Вашынгтоне ён сустрэўся з кангрэсменам, які прывёз з Віцебшчыны цагліну і паклаў у сябе на стале ў парламенце ЗША. Навошта палітыку «хворыя на Беларусь» у заходніх сталіцах? Інтэрв’ю Аліны Коўшык з прадстаўніком Святланы Ціханоўскай у пытаннях новай Канстытуцыі і дырэктарам цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатолем Лябедзькам.

А. К. Анатоль, як мы можам павялічыць ціск на рэжым, выкарыстоўваючы дзеля гэтага міжнародныя інстытуты або парламенты? Ці ёсць пэўныя механізмы, якія варта было б задзейнічаць?

А. Л. Ведаеце, для таго, каб гаварыць пра нейкі ціск, спачатку трэба стварыць атмасферу даверу і цікавасці. Калі вам цікавая Беларусь, калі вы давяраеце лідарам Новай Беларусі, грамадству, верыце ў перспектыву, то гэта той падмурак. Усё астатняе выходзіць менавіта адсюль.

А. К. У вас атрымоўваецца стварыць гэта?

А. Л. Я думаю, што ў нас атрымоўваецца. Вельмі важна, што мы гаворым. Раней да мяне шмат людзей звярталіся і гаварылі, ну калі вы ўжо нешта зробіце, з краінай, з Лукашэнкам і г. д. А вось у мінулым годзе ўпершыню з’явіліся новыя словы: не вы – а мы. Я думаю, гэта вельмі важна і псіхалагічна, гэта акурат гаворыць пра саму сітуацыю. Калі «вы», то гэта спадзеў на нейкага Дзеда Мароза. Калі «мы», то гэта азначае, што я – частка гэтага працэсу. Я думаю, агульнымі супольнымі намаганнямі нам удаецца трымаць Беларусь у фокусе ўвагі. У першую чаргу, канешне, Святлана Ціханоўская як лідар пераменаў прыцягвае ўвагу. Але разам з тым сотні тысячаў беларусаў не толькі ўнутры краіны, а і за межамі акурат ствараюць гэтую самую цікавасць і давер, а ўсё астатняе – гэта ўжо інструменты і механізмы.

А. К. Але інструменты і механізмы таксама важныя. Што яшчэ можна было б выкарыстаць, што варта зрабіць, каб не толькі даць гэты давер – але і яго падтрымліваць? Бо гэта не так лёгка.

А. Л. Ну рабіць тут можна шмат што, гэта такая доўгая размова. Я думаю, што ў нас ёсць пэўны патэнцыял. Калі мы гаворым, напрыклад, пра парламенцкае вымярэнне. На сённяшні дзень ёсць дэмакратычна абраныя парламенты ў кожнай еўрапейскай краіне, у Канадзе, у Злучаным Каралеўстве, у ЗША. Як іх залучыць? Мне падаецца, што вельмі важна цяпер стварыць новыя групы за дэмакратычную Беларусь, там мусяць быць людзі, якія хварэюць на Беларусь. Яны могуць стаць важным інструментам, які прыцягвае ўвагу да таго, што робіцца ў Беларусі. Больш за тое, гэта першы крок – стварыць такія групы. Другі крок – гэта забяспечыць іх каардынацыю. Напрыклад, калі адначасова ва ўсіх краінах з ініцыятывы народных абраннікаў ладзіцца нейкая акцыя: ці то салідарнасці з кімсьці, хто сядзіць у вязніцы, ці культурная акцыя, ці, напрыклад, гэта салідарнасць з беларускімі жанчынамі. Калі гэта адбываецца адначасова, з удзелам парламентароў, пра гэта пішуць і сродкі масавай інфармацыі гэтай краіны – і беларусы бачаць, што яны не адныя, што ёсць моцная салідарнасць. Гэта адзін такі прыклад, як мы можам ствараць інструменты цікавасці да Беларусі. У адпаведнасці з гэтым, калі ёсць зацікаўленыя людзі, то потым, калі ўзнікае нейкае рашэнне палітычнае ці эканамічнае, якое трэба прыняць адносна краіны, яно прымаецца, бо ёсць, так скажам, лабісты Беларусі ў кожнай краіне, у кожным нацыянальным парламенце.

ВІДЭА
Два крызісы ў Беларусі. Чаму Захад рэагуе так позна?
2021.10.22 18:02

А. К. А вось у якой краіне цяпер найлепей працуюць такія, у добрым сэнсе, лабісты Беларусі?

А. Л. Яшчэ гадоў пяць-шэсць назад я спрычыніўся да гэтай ініцыятывы, такая група была створаная ў літоўскім Сейме. Яшчэ была зусім іншая якасць адносінаў з Беларуссю Лукашэнкі, але такая група ўжо існавала. Там была і афіцыйная група, але паралельна ўзнікла група з тых дэпутатаў, якія лічылі, што перспектывы Беларусі – гэта беларускі дом у еўрапейскім квартале, і што стасункі з Лукашэнкам – гэта стасункі, якія ідуць у тупік. Пасля гэтага такія групы ўзніклі ў Польшчы, ва Украіне. Цяпер мы бачым такія групы-кокусы ў Злучаных Штатах Амерыкі. І стаіць задача, каб такія групы былі ў кожным нацыянальным парламенце Еўропы і Еўраатлантычнай прасторы.

А. К. А чаму гэтыя краіны павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб прасоўваць пытанне Беларусі?

А. Л. Матывацыя розная можа быць. Напрыклад, у Польшчы, Літве, Латвіі яна абсалютна зразумелая. Яны нашыя суседзі, праз плот. І табе не ўсё роўна, хто твой сусед, які запалкамі забаўляецца. І можа сваю хату спаліць і тваю. Калі мы гаворым, напрыклад, пра Нямеччыну ці Паўночную Еўропу, то яны гістарычна больш скіраваныя на ўсход, і ў іх ёсць цікаўнасць да Усходняй Еўропы, постсавецкай прасторы. Яна такая няштучная. Больш складаная сітуацыя з паўднёвай часткай Еўропы. Яна скіраваная больш на Афрыку, на Магрыб і г. д. Але прынамсі ў кожным парламенце можна знайсці тых, хто сэрцам прыкіпеў да Беларусі, ці людзей, карані якіх у Беларусі. Я ўзгадваю сітуацыю майго знаёмства з кангрэсменам Гайдэнсонам. Гэта быў бадай што адзіны, каго я ведаў у Кангрэсе, у каго былі карані з Беларусі. У яго на працоўным стале, на самым шыкоўным месцы ляжала велізарная цагліна. Ён прывалок яе праз увесь акіян, бо ён з габрэйскай сям’і, бацькі жылі на Віцебшчыне, і ён туды хацеў увесь час прыехаць. Прыехаў, і вось толькі на папялішча ўжо трапіў, і адтуль ён прыцягнуў. Натуральна, што гэты чалавек меў такі імпэт да Беларусі ў сэрцы. Вось такіх людзей трэба знаходзіць і ангажаваць на Беларусь. Амерыка – тая краіна, якая за дэмакратыю. Калі стаіць пытанне – ці дэмакратыя, ці дыктатура ў Беларусі, адсюль і ўзнікае матывацыя, напрыклад, Злучаных Штатаў Амерыкі. У Канадзе ці Злучаным Каралеўстве моцныя беларускія дыяспары, якія таксама мусяць грукацца ва ўсе дзверы.

ВІДЭА
Анатоль Лябедзька пра тры фундаменты ўлады Лукашэнкі
2021.09.25 17:05

А. К. То бок гэта фактычна праца для дыяспараў, так?

А. Л. Гэта праца і для тых, хто ў Беларусі, але вельмі важная роля тут належыць дыяспарам, бо яны мусяць выконваць функцыі нашых амбасадараў. У Лукашэнкі ёсць ягоныя прадстаўнікі. Не будзем гаварыць пра якасць іх працы, але яны могуць паклікаць парламентара, напрыклад, на гарбату, на каву – ці нешта перадаць з рук у рукі. А мы мусім апірацца на нашых беларусаў, на тых, хто з тых ці іншых чыннікаў цяпер у іншых краінах. Яны вельмі важныя для таго, каб ствараць гэтую цікавасць і распаўсюджваць вірус беларускасці.

А. К. А хто цяпер самы вялікі сябра Беларусі ў свеце? Персанальна.

А. Л. Я б не хацеў пакрыўдзіць, бо я думаю, што гэта мільёны людзей. Гэта ўзнікла дзякуючы таму, што ўпершыню, відаць, у мяне такі пэўны досвед ёсць, камунікацыяў з рознымі палітыкамі, журналістамі, людзьмі з розных краінаў. Што раней было? Раней нас шкадавалі, а цяпер нас паважаюць.

А. К. І захапляюцца?

А. Л. І нашымі жанчынамі, і нашай моладдзю, і нашымі айцішнікамі, і нашымі дактарамі. Я без перабольшвання кажу – гэта мільёны людзей. Насамрэч мы і самі для сябе адкрылі Беларусь і беларусаў. І адкрылі свету. Гэта сітуацыя, як Калумб высадзіўся ўпершыню і адкрыў для сябе Амерыку. Так і многія-многія грамадзяне іншых краінаў, яны таксама адкрылі для сябе Беларусь, і гэтым трэба карыстацца.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 21.10.2021

Калаж на прэв’ю: Gleb Garanich / Reuters / Forum, YouTube-канал «ОГП-ТВ»

Стужка навінаў