Доналда Трампа арыштавалі ў справе аб выбарах-2020 і праз 20 хвілін адпусцілі


Былы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп у чацвер, 24 жніўня, каля 19:30 паводле мясцовага часу добраахвотна прыехаў у турму акругі Фултан, піша CNN. Там яму зачыталі абвінавачванні ў спробе перагляду вынікаў выбараў 2020 года ў штаце Джорджыя, сфатаграфавалі і вызвалілі пад заклад.

Турэмны фотаздымак Доналда Трампа.
Фота: Donald J. Trump / Х

Уся працэдура арышту і выстаўлення абвінавачванняў заняла каля 20 хвілінаў. Удалося дасягнуць дамоўленасці аб вызваленні да суда пад заклад памерам $ 200 тысячаў.

Трамп зрабіўся першым прэзідэнтам ЗША, на якога завялі турэмны запіс, зрабілі фотаздымак для картатэкі, апісалі прыкметы, узялі адбіткі пальцаў. Сам ён, як і раней, адмаўляе ўсе абвінавачванні і называе крымінальную справу супраць сябе «пародыяй на правасуддзе», бо ён «не зрабіў нічога кепскага».

Пасля выхаду з турмы Трамп зляцеў з Атланты і вярнуўся ў Нью-Джэрзі і зрабіў допіс пра арышт у былым Twitter, а цяпер сэрвісе мікраблогаў Х.

Пракурор акругі Фултан у Атланце абвінавачвае Трампа ў спробе перагледзець вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў штаце Джорджыя, дзе былы прэзідэнт пацярпеў паразу. Паводле афіцыйнага абвінавачвання, ён патрабаваў гэтага ад мясцовых палітыкаў-рэспубліканцаў. Разам з Трампам у гэтай справе абвінавачваюць яшчэ 18 чалавек. Разгляд справы ў судзе пачнецца не раней за вясну 2024 года.

Hавiны
Трампу выставілі ўжо чацвёртае крымінальнае абвінавачванне. Калі суд?
2023.08.15 11:11

Доналд Трамп – гэта першы прэзідэнт ЗША, якога абвінавачваюць паводле крымінальнай справы. Абвінавачванне ва ўмяшанні ў вынікі выбараў – чацвёртая крымінальная справа супраць палітыка. Раней Трапма абвінавацілі ў незаконным захоўванні сакрэтных дакументаў, у фальсіфікацыі справаздачнасці для ўтойвання выплаты грошай за маўчанне порнаакторкі і ў спробе штурму Капітолію ў студзені 2021 года.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў