Не спадабаецца нават прыхільнікам Лукашэнкі. Эксперты распавялі пра наступствы вайсковага становішча для эканомікі


У якасці адказу на заходнія санкцыі Аляксандр Лукашэнка прыгразіў увядзеннем вайсковага становішча, у тым ліку для абароны прадпрыемстваў. Распыталі экспертаў, што яны пра гэта думаюць і як такія захады могуць дапамагчы эканоміцы.

24 чэрвеня, наведваючы Гарадзеншчыну, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра магчымасць увядзення ваеннага становішча, каб не дапусціць спаду ў эканоміцы на фоне ўзмацнення заходніх санкцый.

«Ніякага прасядання, ні на адным прадпрыемстве быць не павінна. Няхай Караеў [памочнік Лукашэнкі ў Гарадзенскай вобласці Юрый Караеў – Рэд. Belsat.eu] апранае генеральскую форму, вам [кіраўніку Гарадзеншчыны Уладзіміру Караніку – Рэд. Belsat.eu] таксама прысвоена званне генерал-маёра, і наперад. Вайсковае становішча, калі трэба. Але ніякага прасядання быць не павінна», – заявіў Лукашэнка.

Hавiны
Лукашэнка дапускае ўвядзенне ваеннага становішча ў адказ на санкцыі ЕЗ
2021.06.24 15:04

«Заява носіць піяр-характар»

Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін у каментары belsat.eu заклікаў не ставіцца сур’ёзна да гэтай заявы. На яго думку, гэта «жарт, фігура маўлення», што падкрэсліваюць улюбёную Лукашэнкам «фішку пра дыктатуру».

«Ён прыраўняў строгую вытворчую дысцыпліну да вайсковага становішча. Рэальна гэта быць не можа, бо юрыдычныя падставы дастаткова складаныя для таго, каб было ўведзенае вайсковае становішча», – адзначыў эксперт.

Аляксандр Алесін.
Фота: Ej.by

Гэтак, паводле яго, павінна або існаваць вайсковая пагроза існаванню дзяржавы, або быць стыхійнае бедства, аба катастрофа тэхнагеннага характару, або пагроза ад унутранага праціўніка.

«Лукашэнка здаецца вольным у сваіх дзеяннях, але ён папуліст. Ён праз галаву заканадаўцы звяртаецца непасрэдна да народу. І ён разумее, што ўсялякая жорсткасць адносна чыноўнікаў, на «ура» сустракаецца ягоным электаратам, які лічыць, што калі гайку закруціць чыноўніку, то тады будзе поспех і росквіт. Таму гэтая заява носіць піяр-характар. Юрыдычна яна зусім нікчэмная, бо няма патрэбных падставаў для ўвядзення вайсковага ці надзвычайнага становішча паводле «вытворчай неабходнасці», – мяркуе Аляксандр Алесін.

На думку эксперта, Лукашэнка проста хацеў паказаць, наколькі жорстка ён будзе патрабаваць «ад кіраўніцтва прадпрыемстваў, мясцовай вертыкалі ва ўмовах, калі Захад выставіў санкцыі».

«У гэтых умовах кіраўніцтва краіны мяркуе, што толькі далейшая мабілізацыя эканомікі, больш жорсткая сістэма кіравання дапаможа выйсці з той сітуацыі, у якую патрапіла наша эканоміка», – падкрэсліў аналітык.

«Тавары па пашпарце атрымліваць»

У сваю чаргу ваенны аглядальнік Ягор Лебядок у каментары «Белсату» адзначыў, што ў выпадку пераводу эканомікі Беларусі на «вайсковыя рэйкі» краіну чакае жорсткае дырэктыўнае размеркаванне рэсурсаў на патрэбы абароны і на забеспячэнне насельніцтва таварамі першай неабходнасці, у тым ліку ежай.

«Умоўна ў нас эканоміка з 1990-х гадоў гэтак і функцыянуе. Хоць не і так жорстка», – заявіў ён, адзначыўшы, што галоўныя змены могуць закрануць прыватны бізнес, які больш не будзе мець вольнага доступу да рэсурсаў.

А грамадзянаў, якія «будуць тавары па пашпарце атрымліваць», таксама змогуць прыцягваць да выканання пэўных працаў.

Ягор Лебядок.
Фота: belvpo.com

«Вы можаце працаваць у прыватнай канторы, а вас адтуль забяруць і накіруюць на працы, якія палічаць патрэбнымі дзяржаве. У вайсковы час гэта звычайна працы, звязаныя з ліквідацыяй наступстваў авіяцыйных бамбаванняў ці нечага падобнага. Але і для працы прадпрыемстваў людзі могуць прыцягвацца. Умоўна кажучы, на хлебабулачным заводзе будзе не хапаць штату і людзей будуць браць з іншых. І гэта абавязак без права грамадзяніна адмовіцца», – мяркуе Ягор Лебядок.

«Выцягнуць у прыватніка сродкі»

На яго думку, нават прыватныя прадпрыемствы, якія вырабляюць тавары першай неабходнасці, будуць працаваць дырэктыўна, а не з улікам прыбытку: «колькі і каму ім скажуць – тое і павінны будуць зрабіць».

Агулам жа, лічыць эксперт, Лукашэнка не будзе ўводзіць ніякай вайсковай эканомікі. На яго думку, будуць проста выкарыстоўваць захады, характэрныя для вайсковага становішча, «для сітуатыўнага вырашэння праблемаў». Напрыклад, прыватныя прадпрыемствы ў рэгіёнах могуць «выкарыстоўвацца для затыкання нейкіх дзірак у бюджэце».

«Могуць выкарыстоўваць іх транспарт для пэўных патрэбаў. Яны могуць аказваць «спонсарскую дапамогу». Будуць спрабаваць выцягнуць у прыватніка сродкі, неабавязкова фінансавыя, для рэалізацыі нейкіх праектаў», – заявіў Ягор Лебядок.

Паводле яго, перадусім перазмяркоўваць рэсурсы будуць на карысць тых горадаўтваральных прадпрыемстваў, на якіх магчымыя сацыяльныя выбухі, напрыклад, БелАЗу.

Абноўлена
Еўразвяз прыняў сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Яны ўступяць у сілу 25 чэрвеня
2021.06.24 16:37

«Працаваць за сухпаёк»

Але ніякага паўнавартаснага вайсковага становішча ўводзіцца не будзе, бо гэта «вельмі вялікія абмежаванні для эканомікі, з якіх выбірацца трэба вельмі доўга».

«І людзям, нават ягоным [Лукашэнкі. – Рэд. Belsat.eu] прыхільнікам, не спадабаецца функцыянаванне ў такім рэжыме хаця б месяц. Вы павінны працаваць і ўсё, і атрымаць за гэта нейкі сухпаёк», – упэўнены эксперт.

Ён нагадаў, што па сканчэнні вайсковага становішча заканадаўства патрабуе кампенсацыі ўсіх выдаткаў, але «з чаго яны могуць быць кампенсаваныя ў нас у Беларусі?»

«Поспехі ў выпуску чыгуну»

Леў Львоўскі.
Фота: beroc.by

Між тым і эфектыўнасць вайсковага становішча для развіцця эканомікі выклікае пытанні. Як заявіў у размове з карэспандэнтам «Белсату» старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі, каментаваць падобныя заявы можна толькі ў гумарыстычным ключы.

«У гісторыі сусветнай эканомікі, вайсковае становішча не раз дэманстравала сваю перавагу з пункту гледжання дабрабыту і тэмпаў росту. Паводле некаторых экспертных ацэнак, пры ўвядзенні вайсковага становішча ў РБ, эканамічны рост можа дасягнуць ад 14 да 88% ВУП у залежнасці ад строгасці рэжыму, аб’ёму перадачак і колькасці прагулак дазволенага адказным за гэтыя вымярэнні аналітыкам Белстату. Досвед нашых бліжэйшых суседзяў, якія ўвялі вайсковае становішча ў Польшчы ў 1981-1983 гадах, паказаў выдатныя поспехі ў вытворчасці радыёпрыёмнікаў і выпуску чыгуну, азмрочаныя толькі недахопам мяса для насельніцтва», – адзначыў эканаміст.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў