«Няправільным» беларусам забароняць прадаваць маёмасць? Чытачы «Белсату» паведамляюць пра чорныя спісы кватэр 


Чытачы «Белсату» паведамляюць, што сутыкнуліся з забаронай на продаж кватэры. Паводле іх інфармацыі, з’явіліся так званыя чорныя спісы з імёнамі людзей, звязаных з пратэстамі 2020 года, якім кватэры прадаваць нельга. Нашыя крыніцы сцвярждаюць, што такія спісы былі разасланыя ў Бюро рэгістрацыі і тэхнічнай інвентарызацыі (БРТІ), а таксама ў рыэлтарскія агенцыі. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Што вядома

Рэдакцыя «Белсату» звязалася з чалавекам, які спрабаваў прадаць сваю кватэру ў Беларусі і сутыкнуўся з забаронай на продаж.

Наш суразмоўца выехаў з краіны і спрабаваў прадаць сваю кватэру, аформіўшы даверанасць на сваяка. Дапамагала з продажам рыэлтарскае агенцтва. Яно падрыхтавала неабходныя дакументы, зрабіла фотаздымкі кватэры, выставіла аб’яву на продаж і ўжо нават пачало праводзіць агляды з пакупнікамі. Але ў адзін дзень гаспадару патэлефанаваў прадстаўнік агенцтва і паведаміў, што прадаць кватэру яны ўсё ж такі не змогуць. У размове ён спаслаўся на тое, што ва ўсе БРТІ і рыэлтарскія агенцтвы былі разасланыя спісы так званых экстрэмістаў, угоды датычна кватэраў якіх прыпыненыя. Прозвішча нашага суразмоўцы акурат было ў гэтым спісе. То бок, атрымлівалася, ягоная кватэра не можа быць прададзеная.

Пры гэтым наш суразмоўца адзначае, што, са словаў рыэлтара, у спісе нават ёсць людзі, якія атрымлівалі толькі «адміністратыўку» ў сувязі з падзеямі 2020 года.

Продаж кватэры не адбыўся, наш суразмоўца не рабіў больш спробаў.

Трэба дадаць, што пра існаванне такога спісу мы чулі і ад іншых людзей. Некаторыя з іх не так даўно прадавалі кватэры ў Менску і сцвярджаюць, што іхныя прозвішчы таксама правяралі ў нейкай базе, якая ёсць у распараджэнні БРТІ.

Што кажуць рыэлтары

Каб атрымаць пацвярджэнне гэтай інфармацыі, мы паразмаўлялі з прадстаўніком адной з рыэлтарскіх агенцыяў, які пажадаў застацца ананімным.

У размове з намі ён адзначыў, што прынамсі ў іхным агенцтве пра такія спісы нічога не ведаюць. Ён дапусціў, што БРТІ чорныя спісы могуць існаваць, але, магчыма, яны засакрэчаныя.

У любым выпадку, кажа наш суразмоўца, рыэлтарскія агенцтвы працуюць з БРТІ, пры падпісанні ўгоды неабходна ўзяць натарыяльна завераную даведку аб тым, што кватэра свабодная ад абцяжаранняў і што яе можна прадаваць. Калі прыходзіць адказ, што кватэра не можа быць прададзеная (напрыклад, застаецца ў залогу або права продажу прыпыненае судом), то рыэлтары часцей за ўсё не разбіраюцца, з якой прычыны такія абмежаванні былі накладзеныя судом ці якой іншай інстанцыяй. Гэтыя звесткі могуць перадавацца ўжо беспасярэдне прадаўцу кватэры, які самастойна далей разбіраецца, з чым гэтыя абцяжаранні могуць быць звязаныя.

Продаж канфіскаваных кватэраў

Аднак рыэлтар згадаў адзін выпадак, які падаўся яму незвычайным. Адбылося гэта неўзабаве пасля таго, як стала вядома, што на аўкцыён выставілі кватэру Сяргея Ціханоўскага (18 лютага 2023 года). Цягам некалькіх дзён у рыэлтарскай базе «з незразумелага сайту выскачыла шмат танных кватэраў» (агулам каля дзясятка), таксама выстаўленых на аўкцыён. На думку нашага суразмоўцы, гэтыя кватэры маглі быць канфіскаванымі, як і кватэра Ціханоўскіх. Але, зразумела, дакладных прычын, чаму гэта адбылося, ніхто не ведае.

Кватэра Сяргея Ціханоўскага, якую выставілі на аўкцыён.
Фота: e-auction.by

Адметна, што гэтыя кватэры хутка зніклі з базы: магчыма, іх прадалі, кажа суразмоўца, а можа, настроілі фільтры так, каб яны болей не траплялі ў рыэлтарскую базу.

Пэўны час у рыэлтарскіх колах нават хадзілі чуткі, што працэс канфіскацыі кватэр і продажу іх праз аўкцыёны можа атрымаць масавы характар – іх будуць адбіраць у праціўнікаў рэжыму паводле аналогіі з кватэраю Ціханоўскіх. Але наш суразмоўца пакуль не назірае такой тэндэнцыі. Калі такое і адбываецца, выказвае думку рыэлтар, то, магчыма, у адзінкавых выпадках і датычыцца людзей, якія моцна дапяклі рэжым. Прычым прадавацца кватэры такіх людзей могуць наўпрост праз аўкцыён, мінуючы базы нерухомасці, якія ёсць у распараджэнні рыэлтараў.

Што гавораць юрысты

Мы звярнуліся таксама па каментар да юрыста, каб высветліць, як працуе працэдура накладання забароны на продаж кватэраў і ці могуць быць у такой забароны прававыя падставы.

Юрыст «Human Rights Impact» Раман Кісляк адзначыў, што ўсе забароны могуць накладацца толькі праз Бюро рэгістрацыі і тэхнічнай інвентарызацыі: ці то ад судовых выканаўцаў, ці то ад іншых органаў – усе звесткі кантралююцца БРТІ.

Юрыст дапусціў, што падобныя забароны могуць накладацца падчас правядзення нейкага аператыўнага мерапрыемства, якіх-небудзь праверак, у выніку чаго ў БРТІ маглі быць высланы адпаведныя запыты.

Пры гэтым, адзначыў Раман Кісляк, паняцце забароны на адчужэнне маёмасці ўключанае ў агульныя рэгістрацыйныя працэдуры. Згодна з імі забарона можа як уводзіцца паводле пэўных крытэраў, так і здымацца, калі падставы для накладання гэтай забароны знікаюць.

Што датычыць чорных спісаў, то Раман Кісляк не ведае пра іх існаванне. Калі такія сапраўды існуюць, то ён дапускае, што іх з’яўленне можа быць звязанае з правяраннем канкрэтных людзей – на прадмет таго, ці ёсць у іх якая-небудзь маёмасць. Юрыст не выключае, што ў далейшым у дачыненні гэтай маёмасці можа накладацца ў тым ліку і забарона на продаж.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Тым не менш, адзначыў Раман Кісляк, ва ўсіх канкрэтных выпадках забароны на продаж маёмасці неабходна разбірацца з тым, якая ёсць падстава для яе накладання. Бо часам высвятляюцца пэўныя прававыя падставы для стасавання гэтай меры. Так, напрыклад, падставай можа служыць наяўнасць у гаспадара кватэры судзімасці або абвінавачання паводле крымінальнай ці адміністратыўнай справы: «з пункту гледжання сённяшняй сістэмы гэта адносна законныя падставы для абмежаванняў», адзначае наш суразмоўца.

Іншая справа, што ў беларускіх рэаліях могуць здарацца такія выпадкі, калі паступае забарона, але пры гэтым прававых падставаў для яе няма, кажа Раман Кісляк. Гэтак, напрыклад, было з забаронай выезду з краіны не часцей за адзін раз на 10 дзён: людзей проста разварочвалі на мяжы, хаця прававых падставаў для гэтага не было. Такая ж сітуацыя можа быць і з існаваннем чорных спісаў аб забароне продажу кватэраў – гэта могуць быць часовыя захады, але за гэтыя захады мусяць грунтавацца на нарматыўных актах, якія ўводзяць працэдуру абмежавання. Пакуль жа пра такія прававыя акты нічога не вядома.

Нагадаем, у пачатку верасня 2022 года беларускія афіцыйныя ўлады арыштавалі кватэру Сяргея і Святланы Ціханоўскіх, апісаўшы, паводле словаў Святланы Ціханоўскай, у ёй усё «ажно да акварэльных фарбаў дзяцей». З сярэдзіны восені 2022 года сталі з’яўляцца навіны пра тое, што ўлады хочуць замацаваць на заканадаўчым узроўні магчымасць канфіскацыі маёмасці ў асоб, на іх думку датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. 16 студзеня 2023 года Закон аб канфіскацыі маёмасці, прыняты таемна і апублікаваны на Нацыянальным прававым партале, набыў моц. Паводле яго, падставай для канфіскацыі маёмасці можа стаць учыненне «недружалюбных дзеянняў» у адносінах да беларускіх грамадзянаў або арганізацый, што можа трактавацца вельмі шырока, бо адпаведнага паняцця не прапісана ў беларускім заканадаўстве.

18 лютага 2023 года стала вядома, што трохпакаёвую кватэру Ціханоўскіх выставілі на аўкцыён з пачатковым коштам лота – 214 860 рублёў (амаль 77 тысяч долараў), што значна танней за рынкавую цану. 6 сакавіка 2023 года з’явілася інфармацыя, што  гэты аўкцыён не адбыўся, бо адсутнічалі ўдзельнікі.

Hавiны
Кватэру Ціханоўскага ў Менску выставілі на аўкцыён
2023.02.18 09:55

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў