«Справа студэнтаў»: як прайшлі першыя сем дзён суда


У судзе Кастрычніцкага раёну Менску на гэтым тыдні працягваюцца паседжанні «суда над маладосцю». На лаве – 12 падсудных: студэнты і студэнткі розных беларускіх ВНУ, а таксама выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава. У залу суда па-ранейшаму пускаюць толькі абмежаванае кола сваякоў і знаёмых. Пра тое, як прайшлі першыя сем дзён разгляду «справы студэнтаў», апавядаем з дапамогай «Студэнцкай думкі».

Аналітыка
14 траўня ў Менску стартуе суд у «справе студэнтаў». Што важна ведаць пра фігурантаў і працэс
2021.05.13 10:00

Дзень першы. 14 траўня

Пятніца, 10-я раніцы. Каля Дому правасуддзя ў Менску збіраюцца людзі, якія прыйшлі падтрымаць студэнтаў, абвінавачаных у арганізацыі масавых мерапрыемстваў у сваіх універсітэтах і ў парушэнні навучальнага працэсу.

Усе хочуць трапіць унутр, аднак у залу паседжання пускаюць выключна бацькоў, якія не бачылі сваіх дзяцей больш за паўгода. Бабуль і дзядуляў, сваякоў, якія прыехалі з іншых гарадоў, і сяброў пакідаюць за дзвярыма. Кажуць, няма месцаў. Дыпламаты краінаў ЕЗ таксама не трапілі ў залу.

Суд над маладымі людзьмі, якія праходзяць абвінавачанымі ў «справе студэнтаў». Менск, Беларусь. 14 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Абвінавачаных трымаюць у дзвюх клетках: у адной – хлопцы і Вольга Філатчанкава, а ў другой на дзвюх лаўках – дзяўчаты.

10:30. Пасяджэнне пачалося. Каля будынку суда, па падліках «Белсату», сабраліся больш за 200 чалавек.

Пасля пачатку пасяджэння на прыступкі суда выходзяць супрацоўнікі міліцыі і просяць прысутных разысціся. Частка людзей адыходзіць ад будынку, частка сыходзіць. З бусаў, якія стаяць каля суда, выходзіць АМАП, і ўжо праз пару хвілінаў пачынаюцца затрыманні.

Суд над маладымі людзьмі, якія праходзяць абвінавачанымі ў «справе студэнтаў». Менск, Беларусь. 14 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Неўзабаве становіцца вядома пра затрыманне палітыка Анатоля Лябедзькі і яшчэ некалькіх чалавек, у тым ліку журналісткі TUT.by Любові Каспяровіч. Пазней МУС паведаміць, што каля суда затрымалі 14 чалавек.

Абноўлена
У Менску распачаўся суд у «справе студэнтаў». Ёсць затрыманыя
2021.05.14 11:41

Тым часам пракурор пачаў зачытваць абвінавачанне. Паводле яго, Ягор Канецкі «размяшчаў у чатах заклікі і каардынаваў студэнтаў», Вольга Філатчанкава, «выкарыстоўваючы аўтарытэт выкладчыка, размяшчала заклікі да ўдзелу ў беспарадках. Падчас правядзення мерапрыемстваў выконвала функцыі каардынавання».

Ілля Трахтэнберг нібыта «заклікаў і размяшчаў інфармацыю пра заклікі ў пэўны час і ў пэўным месцы і выконваў функцыю кіравання ўдзельнікамі». Тэксты абвінавачанняў амаль не адрозніваюцца, змяняюцца толькі назвы ВНУ. Паводле абвінавачання, студэнты былі «групай, якая дзейнічае па папярэдняй змове».

На судзе «хуткамоўкамі» зачытваюць даты і адрасы месцаў, дзе праходзілі «несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы». Зачытваюць нават прамежкі часу, цягам якіх доўжыліся акцыі.

Каля 14:00 пачынаюцца праблемы з доступам да афіцыйных сайтаў як мінімум трох універсітэтах: БДУІР, БНТУ і БДУ.

Іван, сын Вольгі Філатчанкавай, распавёў пра стан студэнтаў на першым паседжанні:

«Я бачыў пераважна толькі хлопцаў і маму, бо яны сядзелі бліжэй. У большасці сваёй хлопцы выглядалі вельмі жыццярадасна. Вельмі радыя былі бачыць нас, усіх неабыякавых, а таксама сваіх любімых і дарагіх сваякоў. Не было заўважна, дарэчы, каб хтосьці плакаў або сядзеў паніклы або забіты горам і шкадаваннем. Не сказаў бы, што яны шкадуюць аб тым, што так адбылося, ну, прынамсі такімі яны не выглядаюць. Адзінае што, пару дзяўчат трохі запнулася, калі называлі свае дадзеныя: прапіску і гэтак далей. А ў астатнім трымаліся малайчынамі, вельмі цвёрда».

Пасяджэнне скончылася каля шасці вечара. Бліжэй да ночы пачынаюць адпускаць затрыманых каля суда студэнтаў.

Дзень другі. 15 траўня

Суд у справе студэнтаў працягваецца і ў працоўную суботу.

На пачатку паседжання Яне Арабейцы, студэнтцы БДПУ, робіцца дрэнна, сэрца. Прыязджае хуткая дапамога, а да суда прыганяюць аўтазак.

Яна Арабейка.
Фота: АВ / Белсат

Адвакат Яны падае хадайніцтва аб змене меры стрымання на хатні арышт. Пярэчыць пракурор. У змяненні меры стрымання на хатні арышт адмаўляюць.

Пасля пракуроры па чарзе працягваюць чытаць абвінавачанні. Зноў змяняюцца толькі прозвішчы, універсітэты і адрасы.

Пасля абеду працягваюць зачытваць падобныя абвінавачанні. У прыватнасці, апісваюцца акцыі 26 кастрычніка 2020 года, калі быў абвешчаны «Народны ўльтыматум».

Паводле версіі следства, у гэтыя дні адбывалася «парушэнне нармальнай працы ўстановаў адукацыі і адукацыйнага працэсу», «блакаванне праходу ва ўстановы адукацыі», «стварэнне шуму, які замінае адукацыйнаму працэсу». Што такое нармальная праца ўстановы адукацыі, не ўдакладняецца.

Падазраваныя дзейнічалі ў тым ліку «з дапамогай мэсэнджара Telegram», у прыватнасці, Вольга Філатчанкава нібыта «размяшчала заклікі ў Telegram-канале «Мирный БГУИР».

Таксама ў тэксце абвінавачання незразумелым чынам фігуруе Святлана Ціханоўская.

Дзень трэці. 17 траўня

На пасяджэнне зноў прапускаюць толькі сваякоў. Каля будынку суда дзяжурыць бус і аўтазак.

Сястра затрыманай Ксеніі Сырамалот паведамляе, што ў зале шмат незнаёмых 50-гадовых мужчын,аў якія адмаўляюцца назвацца і на пытанні, каго менавіта з падсудных яны прыйшлі падтрымаць, не адказваюць.

Праз два дні зачытвання абвінавачанняў пракурор пытае ў студэнтаў, ці прызнаюць яны сваю віну.

Кася Будзько і Яна Арабейка кажуць, што ім абвінавачанне не зразумела, Глеб Фіцнер пагадзіўся з абвінавачаннем, астатнія фігуранты віны не прызналі.

Гісторыі
Бацька палітзняволенай гарадзенкі: Магчыма, мая дачка трапіла ў закладнікі
2020.12.05 08:00

Далей пачынаецца апытанне сведак з БДУ. Першым выступае прарэктар Іван Янушэвіч.

На пытанні пракурора адказвае, што факты зрыву заняткаў яму не вядомыя, а навучальны працэс праходзіў паводле плану. Таксама Янушэвіч заявіў, што дае паказанні са словаў асоб, пасадаў і прозвішчаў якіх не можа назваць.

Абаронца: Ці было раней забаронена збірацца і спяваць?

Янушэвіч: Раней ніхто не збіраўся. Не забаронена.

Абаронца: Не забаронена?

Янушэвіч: Не дазволена. (Прысутныя ў зале смяюцца.)

Зачытваюцца паказанні Янушэвіча, якія ён даваў пры допыце: у іх гаворыцца, што акцыі парушалі навучальны працэс. Таксама ў паказаннях сказана, што ён ведаў і астатніх студэнтаў-абвінавачаных, нягледзячы на тое, што на судзе заявіў, што асабіста знаёмы толькі з Іллёй Трахтэнбергам.

У якасці наступнага сведкі ад БДУ выступае намеснік дэкана хімфаку Наталля Санкевіч. Яна распавядае, што 26 кастрычніка праходзілі акцыі, былі лозунгі, сцягі, але навучальны працэс не быў парушаны. Таксама яна заявіла, што мерапрыемствы не забараняюцца, але мусяць узгадняцца паводле правілаў распарадку.

Пракурор: З-за чаго былі акцыі?

Санкевіч: Яны называлі гэта акцыямі салідарнасці. Салідарнасці з нявінна пацярпелымі.

Абвінаваўца: Ад каго пацярпелыя?

Санкевіч: Ад сілавых структураў, напэўна. Цяпер ужо складана сказаць.

Пракурор: Ці патрабавалі ад вас штосьці студэнты?

Санкевіч: Так, каб адміністрацыя запатрабавала новых выбараў. Мы патлумачылі, што гэта не ў нашай кампетэнцыі.

Студэнты БДУ страйкуюць.
Фота: Агата Квяткоўска «Белсат»

Далей у якасці сведкі выступае начальнік упраўлення выхаваўчай працы з моладдзю БДУ Кацярына Зуева і намеснік дэкана юрфаку БДУ Ганна Бакун.

Абвінаваўца: Ці была перашкода перасоўванню?

Бакун: Акцыі былі не масавымі і кароткачасовымі, так што не факт, што яны абцяжарвалі праход.

Абвінаваўца: Прычыны акцыяў?

Бакун: Студэнты юрфаку прасілі афіцыйны каментар юрфаку БДУ з нагоды таго, што адбываецца ў краіне.

Абвінаваўца: Што вы ім адказалі?

Бакун: Што мы не ўпаўнаважаныя даваць каментары аб пытаннях, якія не датычаць навучальнага працэсу.

Таксама Бакун заявіла, што зрыву заняткаў не было.

На пытанне абаронцы, ці можна выклікаць міліцыю без узгаднення з адміністрацыяй, Бакун адказала, што гэта філасофскае пытанне.

Наступны сведка – былы намеснік дэкана па выхаваўчай працы журфаку БДУ Фёдар Драбеня.

Са словаў Дробені, на журфаку кітайскім студэнтам прыйшлося скампенсаваць акадэмічныя час, таму што акцыі перашкаджалі ім вучыцца, а для «айчынных» студэнтаў акцыі былі для таго, каб «папіярыцца» і «пазбіраць лайкі», але яны не ведалі, у што ўвязваюцца.

Драбеня: Выказваць меркаванне студэнты могуць на занятках у малых групах. На эканоміцы, паліталогіі.

Абаронца: Дзе гэта напісана?

Драбеня: Не ведаю.

Дзень чацвёрты. 18 траўня

У аўторак паказанні давалі выкладчыкі і прадстаўнікі адміністрацыі педагагічнага і лінгвістычнага ўніверсітэтаў.

Сведкі з БДПУ акцэнтавалі ўвагу на тым, што акцыі псавалі імідж універсітэту.

Пасля абеду ў судзе выступіў прадстаўнік адміністрацыі МДЛУ Аляксей Дзербін. Ён сцвярджае, што ведае пра студэнцкі страйк паводле запісаз з інтэрнэту і з камераў відэаназірання.

Дзербін распавёў, што акцыі перашкаджалі, стваралі перашкоды, але істотнай шкоды не было, заняткі праводзіліся, навучальны працэс не спыняўся.

Адвакат: Якім чынам супрацоўнікі праваахоўных органаў трапілі на тэрыторыю ўніверсітэту?

Дзербін: Яны маюць на гэта права.

Hавiны
Затрыманых актывістаў Задзіночання беларускіх студэнтаў прызналі палітвязнямі
2020.11.18 18:16

Наступным выклікалі сведку Аляксандра Паніматку – дэкана перакладчыцкага факультэту МДЛУ.

У сваіх паказаннях дэкан распавёў, што на акцыях у МДЛУ студэнты спявалі песні і стаялі ў шарэнзе, часам прысутнічала бел-чырвоная сімволіка.

– Якая-небудзь шкода навучальнаму працэсу была?

Паніматка: У цэлым не, толькі забастоўка, калі студэнты не хадзілі на пары.

– Імідж быў сапсаваны гэтымі акцыямі?

Паніматка: Я думаю, што не, імідж ствараюць паспяховыя выпускнікі. Ён у нас дастаткова высокі.

– З-за чаго выходзілі студэнты?

Паніматка: Паказаць сваю грамадзянскую пазіцыю наконт выбараў і палітычнай сітуацыі ў краіне.

Дзень пяты. 19 траўня

На пяты дзень суда свае паказанні даюць супрацоўнікі АМАПу. Адзін з іх быў каля БДУ, яшчэ двое – побач з МДЛУ, але абвінавачаных яны не ведаюць. На пытанне, ці прасілі выкладчыкі ВНУ дапамогі ў АМАПу, канкрэтнага адказу няма.

Таксама, са словаў сведак з АМАПу, фізічнай сілы ў машынах да затрыманых не ўжывалася.

Наступнымі ў якасці сведак выступаюць студэнты МДЛУ і БДПУ. Студэнтка Дар’я Хоміч з МДЛУ расказала, што раней удзельнічала ў акцыях, але пасля арышту вырашыла не хадзіць. Пра акцыі яна даведвалася з каналу «МДЛУ за свабоду».

Далей свае паказанні дае ахоўнік МДЛУ. Паводле яго, ён чуў незадаволенасць акцыямі ад студэнтаў і выкладчыкаў.

Студэнты МДЛУ масава выйшлі на акцыю салідарнасці 30 кастрычніка. Фота ТК/Belsat.eu

Пасля абеду выступае начальнік упраўлення выхаваўчай працы з моладдзю МДЛУ Ігар Пучэня. Ён быў адным з тых, хто трымаў дзверы зачыненымі перад студэнтамі падчас акцыі 1 верасня, калі да будынку ўніверсітэту пад’ехаў АМАП. Нікога з абвінавачаных ён не пазнае.

Пучэню пытаюцца, ці перашкаджалі студэнты навучальнаму працэсу. Ён адказвае, што «хутчэй не: усё гэта было на першым паверсе, дзе кабінеты адміністрацыі». Таксама сведка кажа, што студэнты не перашкаджалі ўваходу ва ўніверсітэт, але ад акцыяў пацярпеў імідж універсітэту.

Наступны сведка – былая рэктарка МДЛУ Наталля Баранава. Яна ўпэўненая, што ў акцыях вінаватыя не студэнты.

Баранава: Маё меркаванне – хтосьці хацеў падставіць наш універсітэт.

Абвінаваўца: Нармальнае функцыянаванне ўстановы было парушанае?

Баранава: Згодна з такой фармулёўкаю – не. Праца ўстановы па графіку парушаная не была. Але эмацыйны складнік быў парушаны, усе хваляваліся і думалі пра тое, што адбываецца.

Дзень шосты. 20 траўня

На шосты дзень суда пачынаюць апытваць Паўла Маркаўцана, прарэктара БДМУ.

Паводле яго, ва ўніверсітэце праводзіліся масавыя мерапрыемствы, якія груба парушалі парадак, і праводзіліся часцей за ўсё падчас навучальнага працэсу. Праз тое, што ў БДМУ няма адзінага раскладу заняткаў, у вучняў мог быць перапынак і заняткі ў адзін і той ж час.

Прарэктар расказаў, што 26 кастрычніка студэнты парушылі прапускны рэжым, а 28-га давялося выклікаць міліцыю, бо «пагаварыць з студэнтамі не атрымалася».

Абаронца: Як парушылася бяспека?

Маркаўцан: Маглі зайсці іншыя.

Абаронца: Якім чынам студэнты маглі зразумець, што бяспека парушаная?

Маркаўцан: Ну, разумееце, замежныя студэнты ў неўразуменні.

Абаронца: Так парушаная іх бяспека або яны ў неўразуменні?

Маркаўцан: Ну, ад неўразумення яны адчуваюць сябе ў небяспецы.

Наступны сведка – начальнік юрыдычнага аддзелу БДМУ Наталля Чыстая. З ейных словаў, месцамі акцыі парушалі тэхніку пажарнай бяспекі. Адзначае, што студэнты ў прававым плане падкаваныя добра, але з іхнага боку было поўнае ігнараванне вялікай прафілактычнай працы.

Далей сведкавыя паказанні дае Віктар Баран, прарэктар БДМУ па адміністрацыйна-гаспадарчай працы.

Распавядае, што на акцыях было больш за 100 чалавек, але адукацыйнаму працэсу яны не перашкаджалі: перашкаджалі сядзець на лаўках.

Пасля абеду паказанні даюць студэнты БДМУ Шляхаў і Зубчонак. Шляхаў на пытанне абаронцы, ці праяўлялі студэнты агрэсію падчас акцыяў, ці пагражалі расправай за адмову далучыцца, адказвае, што студэнты хадзілі мірна і спакойна. Заяўляе, што акцыі нікому не заміналі.

Зубчонак кажа, што песні студэнтаў і сядзенне на лесвіцы яму не заміналі, і ніхто са студэнтаў яму не скардзіўся.

Студэнты біяфаку БДУ падтрымліваюць студэнтаў МДЛУ. 7 верасня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Наступнай выступае Святлана Шылава, прарэктарка БДМУ, дацэнтка кафедры акушэрства і гінекалогіі.

Сведка распавядае пра акцыі 26 і 28 кастрычніка: навучальны працэс ішоў, але мэты збораў не хоча згадваць, бо «мэта студэнтаў, якія прыйшлі вучыцца, – вучыцца».

Ілля Трахтэнберг задае сведку пытанне: якім прававым актам рэгламентуецца правядзенне масавых мерапрыемстваў, на што Шылава адказвае:

«Глыбокапаважаны малады чалавек, калі ў вас будзе магчымасць, зайдзіце на сайт і паглядзіце на сайце загад аб правядзенні масавых мерапрыемстваў». Зала абураецца.

Далей сведкавыя паказанні дае Таццяна Ярашэвіч, намесніца дэкана лячэбнага факультэту па выхаваўчай працы.

Яна распавядае, што была сведкай акцыі 10 верасня, пра акцыю 26 кастрычніка ведае паводле відэа. Таксама заяўляе, што адукацыйнаму працэсу была нанесеная шкода, бо студэнты глядзелі Telegram-каналы, і гэта іх адцягвала.

Абвінавачванне: Заняткі былі сарваныя?

Ярашэвіч: Так. Гэта было бачна на відэа.

У судзе выступае першы сведка ад БДУІР, дэкан факультэту інфармацыйных тэхналогіяў і кіравання Леанід Шылін. Ён распавядае, што з 1 верасня ішлі акцыі, студэнты збіраліся на прыступках з плакатамі «адпусціце кагосьці там».

Вольга Філатчанкава задае сведку пытанні. На адзін з іх, ці ёсць у грамадзяніна РБ права свабодна збірацца, Шылін адказвае: «Не». Вольга пытаецца, ці ведае сведка, што права свабодна збірацца прапісанае ў Канстытуцыі, але Шылін падымае на яе голас, а суддзя робіць заўвагу.

Дзень сёмы. 21 траўня

У судзе працягваецца апытанне сведак з БДУІР. Выступае першы прарэктар Максім Давыдаў. Ён апавядае, што акцыі праходзілі ў верасні-кастрычніку, і, як правіла, на перапынку з 15:20 да 15:50. На іх удзельнікі стаялі і часам спявалі песні і лозунгі, але ніякай сімволікі не было. Праход быў свабодны, і ніякіх скаргаў не паступала.

Абаронца: Як вы лічыце, на перапынках, калі збіраліся студэнты, гэта іх асабісты час?

Давыдаў: Так.

Абаронца: То бок яны могуць праводзіць яго як хочуць і збірацца дзе заўгодна?

Давыдаў: Так, чаму не.

Прычынай акцыяў Давыдаў называе нязгоду з вынікамі выбараў – «студэнты хацелі нейкага дыялогу».

Абаронца: Ці былі яшчэ прычыны?

Давыдаў: Так, студэнты былі не згодныя з тым, што збілі іх сваякоў.

Наступныя сведкі – загадчыца кафедры філасофіі БДУІР Галіна Малыхіна і прадстаўнік дэпартаменту аховы МУС у БДУІР Арцём Паруценка.

Акцыя «Вершы на прыступках» каля БДУІР. Менск, Беларусь. 15 верасня 2020 г.
Фота: ТК / belsat.eu

Паруценка кажа, што папярэджваў студэнтаў, якія сабраліся на прыступках корпусу, што іх мерапрыемства несанкцыянаванае. Рабіў гэта па ўказанні «кіраўніцтва», якога менавіта – не ўдакладняе. З «кіраўніцтвам» кантактаваў праз мабільны.

Суддзя зачытала сведчанні Паруценкі, дадзеныя падчас следства.

Абвінаваўца: Зыходзячы з вашых паказанняў, вы працавалі толькі ў кастрычніку. Але ёсць інфармацыя і пра верасень. Як вы гэта пракаментуеце?

Паруценка: Ну, напэўна, так і было.

Абвінаваўца: Але пост аховы ўсталяваны толькі 22 верасня, адкуль вы ведаеце пра 1 верасеня?

Паруценка: Значыць, гэта памылка.

У матэрыялах справы таксама фігуруе Акадэмія кіравання пры прэзідэнту РБ. Але ў гэтай ВНУ акцыяў практычна не праводзілася, і зрыву навучальнага працэсу таксама не было.

Пасля перапынку на судзе выступае сведка Генадзь Жыцянёў, начальніка аддзелу вахтавай службы БДУІР. Сведка распавядае пра тое, што на вусны загад кіраўніцтва ўніверсітэту пасля пачатку акцыяў у студэнтаў пачалі правяраць студэнцкія білеты прадстаўнікі добраахвотнай дружыны.

Наступны сведка ў справе – Наталля Мігунова, вахцёрка БДУІР.

Мігунова сцвярджае, што на акцыі збіралася прыкладна па 200 чалавек, і кожны раз яны вялі сябе па-рознаму: першая акцыя была шумная, з воплескамі, заклічкамі і лозунгамі. А потым была сядзячая забастоўка, дзе студэнты спявалі песні. Поўнага перакрыцця праходу не было. Сімволікі пры іх таксама не было.

Далей апытваюць студэнтку БНТУ Дар’ю Габышэву. Дзяўчына распавядае пра першую акцыю, якую яна бачыла ў кастрычніку-лістападзе. Паводле яе, у холе універсітэту спакойна стаялі чалавек 20.

Абарона: Як вы зразумелі, што гэта акцыя?

Габышэва: Ну, там проста заўсёды было пуста, а тут стаялі людзі.

Абарона: Былі сцягі і сімволіка?

Габышэва: Не.

Абарона: Што яны рабілі?

Габышэва: Кантактавалі паміж сабой.

Таксама ў судзе на працягу першых сямі дзён зачытваліся дапаўненні да матэрыялаў справы:

  • загады аб адлічэнні студэнтаў з ВНУ,
  • дакладныя запіскі на студэнтаў,
  • тлумачальныя студэнтаў,
  • пратаколы допыту,
  • правілы ўнутранага распарадку ўсіх універсітэтаў,
  • пратаколы апытанняў сведкаў,
  • загады рэктараў розных універсітэтаў, якія забараняюць правядзенне масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі ўніверсітэту.

Наступныя паседжанні судоў будуць праходзіць амаль кожны працоўны дзень да сярэдзіны чэрвеня. Пасля допыту сведак плануецца распачаць апытанне зняволеных студэнтаў і Вольгу Філатчанкаву.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў