Плюс тры палітвязні і страшныя сведчанні пра «Валадарку». Рэпрэсіі 25 красавіка


Амаль штодня ў Беларусі навіны пра палітычныя рэпрэсіі: затрыманні, суды, катаванні палітвязняў. І так ужо амаль гады. «Белсат» расказвае, што стала вядома за адзін дзень 25 красавіка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pikist.com

На Радаўніцу асноўныя каналы сілавікоў не хваліліся палітычнымі рэпрэсіямі. Але дадалі ў спіс «экстрэмістаў» 23 чалавек, у тым ліку сузаснавальнікаў Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна. Таксама 25 красавіка стала вядома, што яшчэ пяцёх адвакатаў пазбавілі ліцэнзіі. А ў СІЗА № 3 Гомля вырашылі прымаць медычныя перадачы ўдвая радзей, толькі раз на тыдзень.

Як стала вядома сёння праваабаронцам «Вясны», яшчэ 23 сакавіка ў Берасці былога супрацоўніка МТС Андрэя Цыпака асудзілі ў межах справы «Чорнай кнігі Беларусі». Былы сукамернік Цыпака распавёў праваабаронцам, што падчас затрымання Андрэя моцна збілі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, невядомы нават вырак.

Таксама з Берасця прыйшла навіна аб судзе за «экстрэмісцкія матэрыялы» над драгічынскім журналістам Андрэем Расафонавым.

Hавiны
Журналіста дзяржгазеты выклікалі ў ваенкамат, а ў выніку судзілі за «экстрэмісцкія» матэрыялы
2023.04.25 15:20

Беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ трох чалавек: Аляксея Камароўскага (асуджаны на 4 гады калоніі за ўцёкі на машыне ад сілавікоў 10 жніўня 2020 года, якія расцанілі як «пагрозу гвалтам»), Іллю Шакірава (асуджаны на 2 гады калоніі за «пагрозы» на адрас кіраўніка ГУБАЗіК) і Барыса Протасава (асуджаны на 3 гады зняволення за «пагрозу гвалтам» сілавіку і за «грубае парушэнне парадку»).

На момант публікацыі ў спісе палітвязняў, які вядзе «Вясна», 1497 чалавек. Гэты спіс відавочна няпоўны: праваабаронцы правяраюць асобна кожную справу на адпаведнасць азначэнню «палітвязень» і не заўсёды паспяваюць за рэпрэсіўнай машынай, а сваякі шэрагу зняволеных не паведамляюць праваабаронцам аб палітычным характары пераследу.

Турма па вуліцы Валадарскага, Менск.
Фота: «Белсат»

Былы вязень менскага следчага ізалятару № 1, вядомага ў народзе як «Валадарка», расказаў праваабаронцам аб «праверках» у сакавіку, падчас якой невядомыя ў масках збівалі зняволеных:

«Білі тых, хто аказаўся бліжэй да супрацоўнікаў. Крычалі, каб мы апусцілі галовы ўніз і не глядзелі на іх, абражалі нецэнзурнай лаянкай. Потым загадалі хутка ўзяць рэчы і бягом па адным бегчы на прадол [калідор]. Калі беглі, то нам таксама адвешвалі кухталёў. На прадоле загадалі стаць тварам да сцяны, апусціць галовы ўніз і не глядзець па баках. Калі бачылі, што наскі былі прыціснуты не ўшчыльную да сцяны, то білі па спіне. Пакуль даглядалі вязняў, аднаго з іх білі галавой аб сцяну».

Так трымалі каля дзвюх гадзінаў. Пасля гэтага, кажа вязень, людзей адводзілі ў асобны пакой, там праводзілі дагляд. На ўсе пытанні трэба было адказваць «Да, гражданин начальник», а калі адказ не падабаўся «начальніку», бо зноў білі. Па выніках дагляду пазабіралі шмат якія рэчы – «некаторым не было нават у чым хадзіць на шпацыр». Забралі таксама станкі для галення, а выдавалі станкі іншых людзей, хоць у СІЗА ўтрымліваюць сярод іншых інфікаваных ВІЧ і гепатытам.

Тым часам у Вене праходзіць канферэнцыя АБСЕ «Катаванні і іншыя сур’ёзныя парушэнні міжнароднага гуманітарнага права і грубыя парушэнні міжнароднага права правоў чалавека». На ёй выступіў юрыст «Вясны» Павел Сапелка – праваабарончы цэнтр апублікаваў поўны тэкст ягонага выступу.

Ёсць і ўмоўна добрыя навіны: на волю выйшаў палітвязень Яўген Разнічэнка, які адбыў за кратамі ўвесь тэрмін, два гады і тры месяцы за тое, што дакранаўся да міліцыянта ў час правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў