Журналіста дзяржгазеты выклікалі ў ваенкамат, а ў выніку судзілі за «экстрэмісцкія» матэрыялы


Журналіста дзяржаўнай газеты «Драгічынскі веснік» Андрэя Расафонава звольнілі з працы праз ягоны арышт паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд, захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»), паведамляюць берасцейскія праваабаронцы. А пазней, праз званок сілавікоў, яго звольнілі і з новай працы.

Андрэй Расафонаў. Крыніца: brestspring.org

«Экстрэмісцкія» матэрыялы знайшлі ў тэлефоне журналіста, калі яго выклікалі ў мясцовы ваенкамат для зверкі звестак. Падчас перабывання ў ваенкамаце ў кабінет зайшоў працаўнік КДБ і запатрабаваў у Расафонава тэлефон. Прагледзеўшы прыладу, ён адразу затрымаў журналіста і адвёз у Драгічынскі РАУС.

Там Расафонава змясцілі ў ІЧУ на трое содняў да суда. На рашэнне суда Драгічынскага раёну журналіст быў пакараны штрафам 10 базавых велічыняў з канфіскацыяй тэлефона.

Пасля гэтага Андрэй Расафонаў быў звольнены з газеты «са згоды бакоў». Яго ўзялі адміністратарам у краму «Остров чистоты», аднак пасля званка з адпаведнай установы Андрэя зноў звольнілі. Цяпер яму цяжка знайсці працу.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, выйшлі на журналіста праз тое, што ён у 2020 годзе падпісаўся за вылучэнне Ціханоўскай і Бабарыкі кандыдатамі ў прэзідэнты.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў