Беларусь – Польшча. Новы «берлінскі мур» на гады

Шэраг мэтанакіраваных крокаў Менску прывёў адносіны з Варшавай у тупік. І выглядае, што гэта яшчэ не ўсе дрэнныя навіны.

Варта прыгадаць храналогію падзеяў апошніх двух гадоў, якія паступова вядуць краіну да поўнай ізаляцыі ад заходніх суседзяў. Беларуская тэма ў сусветных медыях ужо не абмяркоўвалася, калі ў траўні 2021 года Аляксандр Лукашэнка «прызямліў» пасажырскі самалёт з Раманам Пратасевічам і Соф’яй Сапегай. Не зусім зразумела, што з гэтага атрымаў рэжым, акрамя нейкай вельмі дзіўнай прапагандысцкай гісторыі, пра якую ўсе хутка забыліся. Што атрымалі беларусы? Закрытае на доўгія гады неба і спыненыя авіяспалучэнні з усім дэмакратычнымі сталіцамі, у тым ліку і з Варшавай. Але ўжо праз некалькі месяцаў Менск пайшоў далей. На мяжы з Літвой, а пазней і з Польшчай зʼявіліся мігранты з Блізкага Усходу і Афрыкі. Не вядома, што дыктатару абяцалі ініцыятары гэтай цынічнай правакацыі, але адзіным практычным вынікам стаў пабудаваны Польшчаю сталёвы мур на мяжы і закрыты памежны пераход «Кузніца – Брузгі».

Сітуацыя на памежным пераходзе “Баброўнікі” падчас яго закрыцця. Баброўнікі, Польшча. 10 лютага 2023.
Фота: Карына Пашко / Белсат.

Лагічна было б на гэтым спыніць эскалацыю адносінаў з суседам, хаця б з эканамічных і гандлёвых мэтаў. Але рэжым пайшоў далей і ўзмацніў рэпрэсіі ў дачыненні польскай меншасці. На Гарадзеншчыне пачалі закапваць польскія могілкі, нішчыць помнікі ды месцы нацыянальнай памяці. Адначасова прыспешылі справу палітвязня Анджэя Пачобута (польскага журналіста і аднаго з лідараў рэпрэсаванага Саюзу палякаў) і перадалі ў суд. Адзін за другім за зачыненымі дзвярыма правялі паседжанні ды прысудзілі 8 гадоў калоніі. Наступнага дня Польшча закрыла пункт пропуску «Баброўнікі». У адказ на гэта Менск забараніў польскім грузавікам мінаць беларуска-літоўскую і беларуска-латышскую мяжу. Варшава «ў адказ на адказ» Менску забараніла ўезд і выезд з Польшчы ўсіх грузавікоў, акрамя зарэгістраваных на тэрыторыі Еўразвязу і Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю. А гэта азначае, што транспартавыя фірмы з таго ж Казахстану, з паслугаў якіх карыстаюцца беларускія фірму, будуць абмінаць польска-беларускае памежжа. Акрамя гэтага з Менску выслалі афіцэра польскай памежнай службы і двух консулаў з Горадні, з Варшавы ў чацвер выслалі вайсковага аташэ Беларусі.

Відавочна, што калі рэжым у Менску пойдзе на чарговыя «варожыя» дзеянні, Польшча цалкам закрые пераход «Кукурыкі – Казловічы». Наступствы для Польшчы будуць мець лакальны характар, ураду трэба будзе дамаўляцца з транспартавымі і лагістычным фірмамі, якія жывуць з гэтай памежнай супрацы. І хутчэй за ўсё падтрымаць іх фінансава. Для Менску гэта значна большая праблема. Грузавыя пастаўкі ў Беларусь тавараў будуць залежаць толькі ад перапоўненых і моцна абмежаваных межаў з Літвой і Латвіяй. А ўлады ў Вільні ці Рызе могуць выставіць Менску свае ўмовы. Гэта справакуе дэфіцыт еўрапейскіх тавараў у крамах і павелічэнне іх кошту праз складаную лагістыку. Атрымліваецца, што згубіць на такой палітыцы ізноў жа Беларусь, а ў першую чаргу – шараговыя беларусы.

Памежны пункт пропуску «Кукурыкі» на польска-беларускай мяжы. 21 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Аднак Варшава яшчэ выкарыстала далёка не ўсе інструменты ўздзеяння на рэжым Лукашэнкі. Абмежаванні дагэтуль не закранулі чыгуначных грузавых спалучэнняў: праз галоўны чыгуначны пераход у Тэрэспалі і перавалачны пункт у польскіх Малашэвічах ідуць транзітам праз Беларусь у Польшчу (і далей у Еўропу) тавары з Кітаю. Пекін у мінулыя гады нават інвеставаў мільёны еўраў у развіццё чыгуначнай інфраструктуры ў Беларусі. Пакуль Варшава на такое абвастрэнне не ідзе, і Кітаю ў гэтую сварку ўцягваць не хоча. Але металёвыя і бетонныя супрацьтанкавыя рагачы на закрытых памежных пераходах з Расеяй (Калінінградская вобласць) і Беларуссю ўжо стаяць.

Фота
Польшча пачала «прэвентыўна» ўмацоўваць межы з Беларуссю і Расеяй
2023.02.23 18:57

Заходняя мяжа Беларусі пакуль не ператварылася ў мяжу Паўночнай і Паўднёвай Карэі, але робіцца ўсё больш падобнай да берлінскага муру, які прастаяў 28 гадоў.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў