Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб правах чалавека ў Беларусі


Еўрапарламент 24 лістапада прагаласаваў за рэзалюцыю аб правах чалавека ў Беларусі – «Аб працяглых рэпрэсіях супраць дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі».

Еўрапарламент. Крыніца: evo-news.ru

У рэзалюцыі сказана, што Еўрапарламент працягвае цвёрда салідарызавацца з народам Беларусі, а таксама з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, якія працягваюць выступаць за свабодную, суверэнную і дэмакратычную Беларусь.

Таксама згадваецца, што ЕЗ і яго дзяржавы-сябры не прызналі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года праз іх масавую фальсіфікацыю і не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі, заклікаюць да далейшага падтрымання беларускай дэмакратычнай апазіцыі і незалежнай грамадзянскай супольнасці. У Еўрапарламенце вітаюць фармаванне Адзінага пераходнага кабінету міністраў Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай услед за стварэннем Каардынацыйнай рады і НАУ ды стварэнне кантактнай групы ў Радзе Еўропы для супрацоўніцтва з беларускім грамадствам.

Рэзалюцыя «рашуча асуджае катаванні і жорсткае абыходжанне з мірнымі жыхарамі Беларусі» і заклікае ўлады Беларусі спыніць усе рэпрэсіі, пераследы, катаванні і жорсткае абыходжанне з народам, а таксама неадкладна вызваліць усіх палітвязняў.

Hавiны
Палітык Статкевіч пасля ШІЗА трапіў у медчастку з пнеўманіяй. Ягоная жонка: «Я не хвалююся – я крычу»
2022.11.24 08:32

Таксама ў рэзалюцыі сказана, што перамога Украіны паскорыць дэмакратычныя змены ў Беларусі і што Еўрапарламент асуджае ўдзел Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны, новае разгортванне расейскіх Узброеных сілаў у Беларусі, а таксама асуджае «ваяўнічую і заснаваную на пагрозах» рыторыку беларускіх афіцыйных асоб на адрас Украіны.

У Еўрапарламенце зазначаюць, што Лукашэнка і звязаныя з ім асобы нясуць роўную адказнасць за ваенныя злачынствы ва Украіне і павінны несці адказнасць перад міжнародным трыбуналам і Міжнародным крымінальным судом.

Таксама выказваецца падтрымка палкам Кастуся Каліноўскага і «Пагоня», якія ваююць на ўкраінскім баку.

Еўрапарламент асуджае спробы Лукашэнкі «падарваць беларускую культуру і русіфікаваць нацыю» і заклікае ЕЗ падтрымаць беларускія незалежныя культурныя арганізацыі, такія як тэатры, хоры, школы, фальклорныя калектывы і іншыя ініцыятывы.

Еўрапейскі парламент зноў заклікае Еўрапейскую раду і Еўракамісію не дапускаць ухілення беларускага рэжыму ад санкцыяў і просіць дапрацаваць спосаб, які дазволіць канфіскоўваць беларускія актывы, замарожаныя ЕЗ. Гэта дазволіць канфіскаваць актывы Лукашэнкі, ягонай сям’і і блізкага атачэння і накіраваць гэтыя рэсурсы на падтрыманне пацярпелых і беларускай дэмакратычнай апазіцыі.

Таксама вітаецца наданне Еўразвязам і дзяржавамі-сябрамі, у прыватнасці, Польшчай і Літвой, дапамогі і абароны беларусам, якія былі вымушаныя пакінуць краіну, і салідарнасць з імі.

Hавiны
Еўрапарламент прызнаў Расею дзяржавай – спонсарам тэрарызму
2022.11.23 16:04

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў