Алег Шанюк, былы працаўнік БМЗ: Малявалі маё будучае жыццё ў канаве


Былы працаўнік Беларускага металургічнага заводу распавёў карэспандэнтцы «Белсату» Арыне Маліноўскай пра сітуацыю на прадпрыемстве і ўласнае звальненне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі металургічны завод.
Фота: BelSteelWorks / Facebook

– Які эканамічны і тэхналагічны стан БМЗ быў на момант вашага звальнення?

– Наконт эканамічнага стану – БМЗ у пазыках. Тэхналагічны стан жалю варты. Знос абсталявання вельмі вялікі. Мадэрнізацыя – проста нагода для распілоўвання грошай. Запчастак нармальных не закупляюць. Закупляецца ўсё самае таннае і няякаснае. Ад гэтага пастаянныя паломкі, аварыі. Гэта адбівалася на працы рабочых, бо плану ніхто не адмяняў. Людзей прымушалі парушаць тэхніку бяспекі, і людзі парушалі, каб не спыніць працэсу. Яны рызыкавалі сваім жыццём, здароўем. Пры такім абʼёме працы, калі ты не будзеш парушаць тэхнікі бяспекі, ты проста не выканаеш працу. І рабочы заўсёды вінаваты, прыкладаў маса. Ёсць такія бочкі з газам, якія рэжуць метал, там тэмпература металу парадку 800 градусаў. Рабочыя ручнымі разакамі даразалі тое, чаго не дарэзалі гэтыя бочкі. Быў нават выпадак, калі чалавек пасля гэтага зайшоў на пост, упаў і памёр. Заўсёды такія выпадкі хаваюцца. Вінаватым робяць чалавека.

– Ці паднялі заробак рабочым?

– За гэты год заробак двойчы ўздымалі. Ён як бы рос, але не значна. Кіраўніцтва гуляецца з прэміямі. Шукаюць нагоду, каб за нешта зняць прэмію ў людзей, у поўным абʼёме прэмія не выплачваецца. І як такога павышэння няма. Людзі атрымліваюць нават менш. Завод вялікі, хтосьці атрымлівае 600 рублёў, хтосьці – 1500. Я 31 год адпрацаваў, у мяне быў заробак 1200.

Алег Шанюк, былы працаўнік БМЗ.
Фота: Белсат

– Як вас звольнілі з працы?

– 2 лістапада 2020 года, калі я далучыўся да стачкі, мяне звольнілі цягам чатырох гадзінаў. У працоўнай кніжцы запіс «за невыкананне сваіх абавязкаў». Калі я пра гэта заявіў, кіраўніцтва прыйшло на маё працоўнае месца. Мяне ўгаворвалі, спрабавалі запалохваць. Малявалі маё будучае жыццё, скажам так, у канаве.

Казалі, што не знайду працы ў Беларусі, мне не будзе чым карміць сваю сямʼю. Людзей на заводзе трымае заробак, а калі цябе звальняюць за тваю палітычную пазіцыю, то ты на іншы завод не зможаш уладкавацца. Ты будзеш занесены ў чорны спіс.

Калі я сыходзіў, выдзіралі самых актыўных, ад іх пазбаўляліся. І нават ад тых, хто проста нешта сказаў, што не спадабалася кіраўніцтву. На ўсіх участках не хапае людзей, на іх ціснуць усё больш і больш. Людзей запалохалі, людзі баяцца нават выходзіць на сувязь. Затое кіраўнікоў дадалося.

Гісторыі
«Людзі разумеюць, што іх закормліваюць за маўчанне». Як выжываюць дзяржаўныя прадпрыемствы
2021.08.31 13:38

Калі я працаваў, рабочыя моцна цікавіліся палітыкай, заўсёды гэта абмяркоўвалася, ледзь не да істэрыкі. А ў абарону Лукашэнкі ніколі ніхто не выступаў. Скажам так, 90 % былі супраць яго. За гэты год асноўную масу незадаволеных на заводзе вычысцілі. Паводле маіх звестак, цяпер там цішыня. Перадумоваў для страйку ў гэты момант няма. Страйку нахрапам не арганізаваць, гэта павінен быць працяглы падрыхтоўчы працэс. У сувязі з санкцыямі прадпрыемства бліжэйшым часам дойдзе да кропкі невяртання. І потым ні працы, ні грошай не будзе.

– Які ціск зазнала вашая сямʼя?

– Жонку да перадынсульту давялі. Ёй пагражалі, што вывезуць у лес і яна не вернецца. Дайшло да таго, што чалавека проста на хуткай павезлі з прадпрыемства, яна два тыдні ў больніцы адляжала. І мне ўвесь час тэлефанавалі, пагражалі з тэлефонаў, якія не вызначаліся.

Чытайце таксама:

АМ belsat.eu

Стужка навінаў